Сёння задача кожнага чалавека, у тым ліку і жыхароў Капыльшчыны, зразумець і адчуць, што трэба навесці парадак на той зямлі, дзе ён жыве
Як вядома, з 9 сакавіка да 30 красавіка на тэрыторыі Капыльскага раёна, як і па ўсёй Міншчыне, аб’яўлены месячнік па добраўпарадкаванні. Падчас яго пройдзе шмат мерапрыемстваў, якія зробяць наш край больш прыгожым.
— Днямі мы разам з прадстаўнікамі райвыканкама правялі абследаванне тэрыторый горада і раёна, — адзначае старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк. — Мы аб’ехалі жылы, прамысловы сектар, дарогі, вызначылі, што неабходна зрабіць кожнай арганізацыі, установе, прадпрыемству.
Ірына Мікалаеўна Кісляк таксама падкрэсліла:
— На жаль, яшчэ сустракаецца шмат несанкцыянаваных сметнікаў, якія даволі часта ўзнікаюць па віне тых, хто не хоча заключаць дагаворы на вываз смецця транспартам ЖКГ (нават нягледзячы на тое, што летась іх было заключана больш, чым у папярэднія гады), назіраецца засмечанасць на поймах рачулак, пад мастамі, вялікія праблемы заўважаны ў гаражных кааператывах, у раёнах новай забудовы. Хаця некаторыя арганізацыі ўжо ўключыліся ў работу па навядзенні парадку каля сваіх адміністрацыйных будынкаў, на падведамасных тэрыторыях. Насельніцтва раёна пачало выходзіць на суботнікі: добраўпарадкоўваюцца скверы, паркі, у год 70-годдзя Вялікай Перамогі значная ўвага будзе нададзена мемарыялам, месцам баявой славы, воінскім пахаванням.
Ірына Кісляк яшчэ раз нагадала жыхарам Капыльшчыны, што яны абавязаны падтрымліваць у чысціні, парадку дваравыя тэрыторыі, агароджы, фасады дамоў, дахі. Як вядома, строга забараняецца засмечваць вуліцы і прысядзібныя тэрыторыі будаўнічымі, бытавымі і іншымі адходамі (многія забываюцца, што, напрыклад, будматэрыялы па санітарных нормах на вуліцы могуць знаходзіцца толькі 72 гадзіны). Безумоўна, трэба памятаць, што нельга выкідваць смецце ў канавы, кар’еры, паўз дарогі, у лесапаркавыя зоны, на сельскагаспадарчыя землі, нельга распальваць кастры ва неўстаноўленых месцах і выпальваць сухую расліннасць. А падчас адпачынку на прыродзе трэба сабраць пасля сябе ўсё смецце і вывезці яго ў спецыяльна адведзенае месца.
— Паважайце свае населеныя пункты, месца, дзе вы жывяце! — заклікае Ірына Кісляк. — Не парушайце Закон! Не чакайце, каб прадстаўнікі кантралюючых органаў указвалі вам на недахопы па ўтрыманні вашых домаўладанняў. Дарэчы, за невыкананне вышэйназваных патрабаванняў заканадаўствам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны штрафы ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии