У рамках Года моладзі пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў будзе створаны Маладзёжны парламент. Ён стане калегіяльным кансультатыўным органам і будзе працаваць на грамадскіх пачатках у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Мэтамі стварэння парламента з’яўляюцца прыцягненне моладзі да ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцці Мінскай вобласці і садзейнічанне сацыяльнай адаптацыі дзяцей і моладзі ў сучасным грамадстве.
Членамі маладзёжнага парламента могуць стаць грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 12 да 31 года, якія пражываюць на тэрыторыі Мінскай вобласці. Заканадаўчы орган будзе складацца з 57 чалавек. Сярод іх будуць прадстаўнікі дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікі моладзі, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці рэгіёна, навучэнцы ўстаноў адукацыі агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Стварэнне маладзёжнага парламента будзе садзейнічаць рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, развіццю дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, удзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці рэгіёна.
На дадзены момант у Капыльскім раёне, як і ва ўсёй Міншчыне, праходзіць выбарчая кампанія па выбарах членаў Маладзёжнага парламента. Ужо сфарміраваны раённая, акружныя і ўчастковыя выбарчыя камісіі, з 7 па 20 сакавіка праходзіць вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў у члены Маладзёжнай палаты. Дарэчы, вылучаць іх маюць права грамадскія аб’яднанні і класы навучэнцаў. Участковыя выбары прызначаны на 21 сакавіка, акруговыя — на 28 сакавіка. Акруговыя выбары пройдуць у форме дзелавой гульні, якая ўключае ў сябе візітную картку, прэзентацыю праграмы дзейнасці кандыдата і брыфінг. Вынікі галасавання будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі і на інтэрнэт-сайтах абласнога і раённых выканаўчых камітэтаў. Першае пасяджэнне Маладзёжнага парламента пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў адбудзецца ў красавіку гэтага года.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии