Менавіта так можна сказаць пра Марыю Мікалаеўну Астапеню, народнага майстра Беларусі, адну з заўзятых майстрых па ткацтве і вышыўцы. Жыве яна ў вёсцы ткачых – Семежаве. Высакароднай справай па вывучэнні спадчыны Марыя Мікалаеўна займалася з дзяцінства.
Нарадзілася яна ў в. Макраны, што каля Семежава, 29 жніўня 1948 года ў простай сялянскай сям’і. Была самым старэйшым дзіцём, таму на яе плечы леглі абавязкі па доглядзе яшчэ пяцярых малодшых братоў і сясцёр. Маленькая Марыя не вызначалася моцным здароўем і вельмі часта хварэла, таму і ў школу пайшла з 8 гадоў. Пасля заканчэння васьмігодкі адпрацавала год у Чырвонай Слабадзе на плодаагароднінным камбінаце, затым тры гады ў сталовай в. Гулевічы, а пасля ўжо да самай пенсіі ў магазіне. На танцах пазнаёмілася з семежаўскім хлопцам і звязала з ім сваё жыццё. Нарадзіла двух сыноў і дачку, якія засталіся жыць у Семежаве.
[caption id="attachment_39425" align="aligncenter" width="580"]
М. М. Астапеня[/caption]
Першыя навыкі па ткацтве і вышыўцы пераймала Марыя ад маці. Дзіцячая цікавасць прыцягвала да ткацкага станка і ткацкіх прылад. Назірала за руплівымі матчынымі рукамі, якія спрытна чаравалі ля станка. З цягам часу жанчына набыла неабходныя навыкі па ткацтве, навучылася абрабляць лён, вырабляць ніткі з яго і з воўны. Марыя Мікалаеўна выткала шмат святочных і абрадавых ручнікоў, ручнікоў-набожнікаў, посцілак з рознымі геаметрычнымі ўзорамі. Доўгімі зімовымі вечарамі яна старанна працавала над кроснамі. А летась загарэлася жаданнем выткаць сюжэтную посцілку ў матрушкі. А гэта самая складаная і карпатлівая тэхніка ў ткацкай справе. Але майстрыха цяжкасцей не баіцца, і вынік не заставіў сябе доўга чакаць. У яе ўсё атрымалася на выдатна. Зараз на сцяне красуецца дыван, дзе ўмелымі рукамі майстрыхі вытканы сюжэт «Дзяўчына з лебе-дзем».
Акрамя ткацтва Марыя Мікалаеўна займаецца вышыўкай крыжыкам і гладдзю. У хаце заўсёды святочна: чысты, аздоблены вышыўкай абрус на стале, ложак з буйнымі, як жывымі, кветкамі, вышытымі гладдзю на навалачках, прасціна з карункамі, накідкі, сурвэткі з цікавымі малюнкамі, на абразах – цудоўна вытканыя і вышытыя набожнікі.
Марыя Мікалаеўна – актыўная ўдзельніца клуба «Семяжовачка» пры Семежаўскім ЦКіВЧ. Неаднойчы яе работы экспанаваліся на мясцовых, раённых, абласных святах. А са жніўня 2013 года гэтая таленавітая жанчына працуе майстрам-метадыстам раённага Цэнтра ткацтва. Лічыць, што вопыт, майстэрства, улюбёнасць у сваю справу павінна перадаць падрастаючаму пакаленню. Каб ніць, якая звязвае дзень учарашні і сённяшні, не перарвалася, а цягнулася ў будучыню.
Таццяна ВОЛКАВА,
дырэктар раённага
Цэнтра ткацтва
Комментарии