Так маглі б сказаць пра сябе ўдзельнікі сустрэчы, якая прайшла ў другой гарадской адзінаццацігодцы і была прысвечана 92-й гадавіне са дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі.
[caption id="attachment_3402" align="aligncenter" width="443" caption="Падчас мерапрыемства ў СШ №2"]
[/caption]
У постсавецкія гады жыццё былых актывістаў усесаюзнай арганізацыі склалася па-рознаму. Выхаванцы камсамола і сёння вельмі актыўныя, не разгубілі маладога запалу. Атрыманыя навыкі дазволілі ім адбыцца ў жыцці. Як глыбока ўпэўнены прадстаўнікі старэйшага пакалення, вельмі правільна, што ў краіне быў адроджаны маладзёжны рух. І хоць час заканамерна ўносіць свае карэктывы, існасць ад гэтага не змяняецца: моладзь трэба накіроўваць, выхоўваць на ідэалах, ставіць перад імі вызначаныя мэты і задачы. Толькі так можна выгадаваць годную змену, а значыць - будучыню краіны. Такія меркаванні выказвалі настаўніца рускай мовы і літаратуры Ніна Скрыпінская, старшыня Капыльскай РАС ДТСААФ Аляксандр Касінскі - былыя камсамольскія лідары раённай арганізацыі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 г. Капыля Святлана Буткевіч і вучаніца 11 класа гэтай навучальнай установы Святлана Шуманская.
«Мы не саромеліся ніякай працы: ехалі ў калгас, на будоўлю, працавалі на суботніках. А вышэйшай узнагародай было веданне таго, што мы прынеслі карысць сваёй краіне», - падкрэсліла былая камсамолка, а цяпер - спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Корзун.
Як доказ гэтаму, на мультымедыйным экране прысутныя змаглі ўбачыць матэрыялы, якія адлюстроўвалі сутнасць, маштаб камсамольскіх спраў і непадробны аптымізм, які чытаўся ў вачах маладых людзей на здымках. Працягам тэмы сталі фота пра дзейнасць райкама ГА “БРСМ”, яго мерапрыемствы па добраўпарадкаванні, захаванні культурнай спадчыны, патрыятычнай накіраванасці.
[caption id="attachment_3403" align="aligncenter" width="443" caption="Новыя члены раённай арганізацыі ГА “БРСМ”"]
[/caption]
Ва ўрачыстай абстаноўцы былыя камсамольцы і ганаровыя госці ўручылі білеты і значкі членаў ГА “БРСМ” 83-ом вучням з другой і трэцяй гарадскіх школ. А ў заканчэнне мерапрыемства адбыўся канцэрт, падрыхтаваны юнымі артыстамі СШ №2.
Па меркаванні першага сакратара раённага камітэта ГА «БРСМ» Наталлі Гарбацэвіч, такія мерапрыемствы выхоўваюць у моладзі павагу да працоўных подзвігаў старэйшага пакалення, захоўваюць і прымнажаюць традыцыі маладзёжнага руху ў нашай краіне. Самае галоўнае тое, што былыя камсамольцы поўныя запалу і аптымізму, шануюць свае сяброўскія сувязі. Гэта годны прыклад для моладзі.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии