Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра правёў прыём грамадзян у Капыльскім раёне. Губернатар цэнтральнага рэгіёна разгледзеў трынаццаць зваротаў жыхароў нашага раёна.
Напрыклад, 10 гадоў таму Алег Туміловіч (дырэктар прыватнага прадпрыемства «Саліта-Біс») адкрыў у Капылі міні-фабрыку па выпуску пячэння. Сёння тут у тры змены працуюць 65 чалавек. Уся вытворчасць размешчана на чатырохстах квадратных метрах. Аднак зараз стаіць пытанне наконт пашырэння прадпрыемства. У планах — адкрыццё лініі па выпуску цукерак. Як падкрэсліў Сямён Шапіра, гэта ідэя даволі нядрэнная, таму што кандытарскай прадукцыі беларускай вытворчасці ў нас не хапае. Таму для пашырэння бізнесу будзе разгледжана пытанне па продажы, магчыма праз аўкцыён, аднаго з будынкаў райаграсэрвісу.
[caption id="attachment_39391" align="alignnone" width="580"]
С. Шапіра (справа) і А. Жданеня падчас прыёму[/caption]
Шэраг зваротаў датычыўся паляпшэння жыллёвых умоў, рамонту, прыватызацыі або куплі жылля, якое належыць сельгаспрадпрыемству. Сямён Шапіра яшчэ раз нагадаў, што згодна з рашэннем Мінаблвыканкама «Аб некаторых пытаннях продажу жылых памяшканняў сельскагаспадарчых арганізацый» нельга праводзіць прыватызацыю, калі чалавек не адпрацаваў у гаспадарцы дзесяць гадоў. Наконт будаўнічых хібаў у доме №1«Г» па вул. Цімкавіцкай у Капылі губернатарам дадзена даручэнне праекціроў-шчыкам і будаўнікам ліквідаваць недаробкі.
Надзённым было і пытанне па запазычанасці і своечасовасці выплаты заработнай платы СТАА «БетонБокс».
Прыём грамадзян працягваўся больш за тры гадзіны. Некаторыя з праблем вырашыліся адразу на месцы, астатнія ўзяты на асабісты кантроль кіраўніка вобласці.
У гэты ж дзень Сямён Шапіра правёў сустрэчу з актывам Капыльскага раёна. Падчас яе адбылася сур’ёзная размова з кіраўнікамі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў па выкананні прагнозных паказчыкаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии