Крымінальны вышук — адно з самых важных падраздзяленняў крымінальнай міліцыі, на якое ўскладзена асноўная задача органаў унутраных спраў — раскрыццё злачынстваў і выяўленне асоб, якія іх здзейснілі, вышук злачынцаў, а таксама людзей, якія зніклі без вестак. «Опер» — так называюць супрацоўнікаў крымінальнага вышуку ў народзе — гэта не толькі прызванне, але і лад жыцця.
Такое ганаровае званне пранёс праз сваё жыццё і ветэран міліцыі з Капыля Уладзімір Сяргееў, які пачаў сваю працоўную дзейнасць у органах унутраных спраў у 1975 годзе. Адразу быў участковым інспектарам у горадзе, потым у Вялікараёўскім, Браткаўскім, Грозаўскім і Камсамольскім сельсаветах.
[caption id="attachment_39353" align="aligncenter" width="580"]
Уладзімір Сяргееў з оперупаўнаважаным Валерыем Шалікам[/caption]
— Працуючы ўчастковым, часта даводзілася праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы, ахоўваць грамадскі парадак, для чаго прыцягваліся народныя дружыннікі, спецыялісты гаспадарак, педагогі, — адзначае Уладзімір Аляксандравіч. — За час працы мной раскрываліся амаль усе злачынствы, здзейсненыя на падведамаснай тэрыторыі.
Менавіта гэта і заўважылі ў крымінальным вышуку, таму і запрасілі перайсці туды на працу. У зоне абслугоўвання аператыўнага ўпаўнаважанага Уладзіміра Сяргеева знаходзіліся населеныя пунк- ты Камсамольскага, Грозаўскага і Доктаравіцкага сельсаветаў. Калі адбывалася злачынства, то раскрыць яго было прасцей, бо амаль усіх людзей на гэтай тэрыторыі ён добра ведаў.
Служба ў аператыўным падраздзяленні навучыла вытрымцы, узаемадапамозе, бо менавіта аператыўнікі знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю. Праца ў крымінальным вышуку — гэта таксама штодзённая рызыка і гатоўнасць ахвяраваць сабой, лічыць Уладзімір Аляксандравіч.
Сапраўдным баявым хрышчэннем для «опера» стала раскрыццё двайнога жорсткага забойства, што адбылося ў в. Сунаі. Разбіральніцтва доўжылася паўгода, але злачынцы былі знойдзены.
— Працуючы ўжо начальнікам аддзялення крымінальнага вышуку Капыльскага РАУС, — успамінае Уладзімір Сяргееў, — даводзілася шмат выязджаць на месца злачынства, рабіць дэталёвы агляд. Побач былі надзейныя памочнікі — калегі Пётр Бірук, Мікалай Зяньковіч, Генадзь Лопух, Валерый Маскалік. Потым з’явілася моладзь — Сяргей Абрамовіч, Андрэй Мамчыц, Руслан Пожах, Вячаслаў Ліпніцкі, Юрый Лятчэня, Аляксандр Есмантовіч, якія цяпер займаюць даволі высокія пасты.
Не пакінуў праваахоўную службу ветэран міліцыі і зараз. На дадзены момант ён працуе начальнікам аховы аб’ектаў КСУП «Грозава-агра».
Яшчэ адзін цікавы факт з біяграфіі Уладзіміра Аляксандравіча: уся яго сям’я звязана з юрыспрудэнцыяй. Так, жонка Святлана Вікенцьеўна з 1978 года працуе дзяжурнай пульта ў Дэпартаменце аховы, дачка Святлана атрымала юрыдычную адукацыю і працуе кансультантам у Дзяржкамітэце па маёмасці Рэспублікі Беларусь, дачка Алена — інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Уздзенскага РАУС, капітан міліцыі, дачка Ірына — інспектар крымінальна-папраўчай інспекцыі Салігорскага РАУС, капітан міліцыі. Атрымліваецца вось такая міліцэйская дынастыя.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА
Комментарии