На тэрыторыі Беларусі ёсць шмат сапраўды «святых» месцаў, дзе ўшаноўваецца памяць аб нашых загінуўшых земляках.
Кожны раз, калі ў Мінску наведваю Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, я адчуваю незвычайнае хваляванне. Адчуваю боль у сэрцы і адначасова гонар за тое, што наша гераічная зямля выстаяла, не скарылася ворагу. Музей мае багацейшую калекцыю экспанатаў пра гісторыю партызанскага руху і баявыя дзеянні Савецкай Арміі на тэрыторыі Беларусі.
Многія госці сталіцы сёння наведваюць Манумент Перамогі вышынёй 38 м, увянчаны ордэнам Перамогі, які быў адкрыты ў 1954 годзе, абеліск «Мінск – горад-герой» (быў адкрыты 8 мая 1985 г. у гонар 40-годдзя Перамогі ля ўваходу ў парк Перамогі), помнік «Беларусь партызанская». А на 21-м кіламетры шашы Мінск-Масква знаходзіцца Курган Славы ў гонар заканчэння аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які быў адкрыты ў 1969 г.
На адлегласці 54 км ад Мінска (за 5 км ад шашы Мінск-Віцебск) знаходзіцца мемарыяльны комплекс «Хатынь», створаны ў памяць аб сотнях беларускіх вёсак, знішчаных нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, і вялікага ўкладу беларускага народа, які панёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі.
На Вайсковых могілках у сталіцы сёння знахо-дзяцца 42 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Мінска. У парку імя Чалюскінцаў, на бульвары Талбухіна, на 9-м кіламетры Маскоўскай шашы, на месцы былых Масюкоўшчынскага і Трасцянецкага лагераў смерці — таксама магілы шматлікіх ахвяр фашызму.
На вялікі жаль, непасрэдных удзельнікаў ваенных паходаў з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Нават тыя, хто нарадзіўся ў цяжкія гады Вялікай Айчыннай, таксама адыходзяць ад нас. Пайшлі ад нас і многія жанчыны-ўдовы, якія не дачакаліся з фронту сваіх мужоў. Таму вечарыны памяці, якія ладзяцца ў іх гонар, шчыра і ад ўсяго сэрца стануць надзейным зярняткам, пасеяным у маладыя душы, і абавязкова прарастуць удзячнай памяццю будучых пакаленняў.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
педагог, г. Віцебск
Комментарии