Аграгарадок Старыца атрымаў свой статус у 2006 годзе. Сёння тут пражывае больш за 700 чалавек.
Адметна, што за апошнія 10 гадоў колькасць насельніцтва ў аграгарадку ўзрасла на 37%. А гэта сведчыць пра тое, што ў гэтым населеным пункце створаны добрыя ўмовы для жыцця і працы вяскоўцаў. Цэнтр аднаго з буйнейшых у раёне сельгаспрадпрыемстваў квітнее на вачах. Пабудаваны два сучасныя мікрараёны (за дзесяцігоддзе ўведзена ў строй 95 жылых дамоў), створаны тры кааператывы для правядзення газіфікацыі сядзіб жыхароў аграгарадка. Дарэчы, ужо газіфікаваны 133 дамы, у планах бягучага года — будаўніцтва новага вулічнага газаразмеркавальнага газаправода з газаправодамі-ўводамі для членаў кааператыва «Старыца-2012».
Паводле слоў старшыні Слабада-Кучынскага сельвыканкама Нэлі Гусевай, вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню аграгарадка. І гэта не толькі памкненні прадстаўнікоў мясцовай улады і кіраўніцтва гаспадаркі. Самі жыхары стараюцца зрабіць свае падвор’і больш прывабнымі, актыўна ўдзельнічаюць у раённых конкурсах на лепшае ветэранскае і маладзёжнае падвор’і. Займаюцца азеляненнем аграгарадка — апошнім часам паса-джана каля 300 саджанцаў дрэў і кустоў. Асабліва актыўна ўдзельнічаюць у гэтай справе вучні мясцовай адзінаццацігодкі, работнікі Старыцкага лясніцтва.
Жыхары Старыцы прымалі ўдзел і ў навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках, дзе, дарэчы, было заменена і пафарбавана 200 метраў жалезабетоннай агароджы. Клапоцяцца і пра стан пяці помнікаў, пастаўленых у гонар удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і загінуўшых землякоў.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии