Амаль 24 гады служыць у органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Міхаіл Віктаравіч Мельнічэнка.
А пачынаў службу міліцыянерам-вадзіцелем у службе аховы, затым перайшоў у дзяржаўтаінспекцыю. Апошнія два гады — маёр міліцыі Мельнічэнка ўзначальвае аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі Капыльскага РАУС. Пад яго кіраўніцтвам сем супрацоўнікаў, і кожны імкнецца старанна выконваць задачы службы па захаванні бяспекі грамадзян на вуліцах і дарогах. Спраўляцца з імі нават з дапамогай самай сучаснай тэхнікі даволі няпроста, бо колькасць аўтамабіляў у раёне ў параўнанні з 80-мі гадамі мінулага стагоддзя павялічылася ў некалькі разоў.
Так, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі пастаянна ўдасканальваюць прафілактычную работу. «Міліцыянеры часта наведваюць дзіцячыя сады і школы, выступаюць у працоўных калектывах і сродках масавай інфармацыі на прадмет дарожнай бяспекі, — расказвае Міхаіл Віктаравіч. — Стала звычайнай практыкай праводзіць кантроль за станам вулічна-дарожнай сеткі, правяраць тэхнічны стан транспартных сродкаў пасля выхаду на лінію. Гэта дазваляе значна зменшыць колькасць парушэнняў правіл дарожнага руху з боку пешаходаў і вадзіцеляў. Акрамя таго, нязменным для супрацоўнікаў ДАІ з’яўляецца выяўленне выпівак за рулём і на дарогах. Як станоўчы вынік працы можна назваць тое, што ў мінулым годзе ў нашым раёне было зафіксавана толькі 25 дарожна-транспартных здарэнняў. Праўда, у іх загінула тры чалавекі, але ўсё ж гэта самыя нізкія паказчыкі за ўвесь час маёй работы ў дзяржаўтаінспекцыі».
За старанную службу афіцэр міліцыі ўдастоены ўзнагарод, сярод якіх медалі «За заслугі» 1-й ступені, «80 год беларускай міліцыі», нагрудны знак МУС «За адзнаку», Падзяка міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і інш.
Безумоўна, што праца будзе больш плённай, калі чалавек мае магчымасць неяк пераключыцца на іншы від дзейнасці. Для Міхаіла Віктаравіча — гэта магчымасць разам з сям’ёй паехаць у Андросаўшчыну, дзе нарадзіўся і вырас, дзе стаіць дом яго бацькоў. Вінаград і грэцкія арэхі, яблыні і грушы, іншыя пладовыя дрэвы і кусты патрабуюць клопату і ўвагі. А занятак гэты прыносіць толькі задавальненне.
Маргарыта САКОВІЧ
Комментарии