У Капыльскім раёне старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь Пётр Міклашэвіч правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Па юрыдычную дапамогу звярнуліся сем жыхароў рэгіёна. Звароты былі звязаны з правапрымяненнем, рашэннем працоўных спрэчак, некаторых сацыяльных і жыллёвых праблем.
Аналізуючы характар зваротаў капылян, старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч адзначыў, што ў шэрагу выпадкаў грамадзяне не ведаюць норм законаў, таму своечасова не рэалізуюць дадзеныя ім правы. Адсюль і нявер’е ў справядлівасць прынятых прававых рашэнняў. Але ж існуе ўстаноўлены заканадаўствам парадак абскарджвання рашэнняў, якія прымаюцца, падкрэсліў Пётр Пятровіч.
[caption id="attachment_39262" align="aligncenter" width="580"]
Падчас прыёму[/caption]
Пытанняў, што знаходзяцца непа-срэдна ў кампетэнцыі Канстытуцыйнага суда, як, напрыклад, аб парушэнні канстытуцыйных правоў, да старшыні суда не паступіла. Як не было і сур’ёзных скаргаў на мясцовыя органы ўлады па сацыяльных праблемах. Заўважана, што яны аператыўна вырашаюцца на месцы. Гэта сведчыць пра эфектыўную работу ў дадзеным напрамку з грамадзянамі.
— Звароты паступалі ў асноўным па пытаннях, якія патрабуюць прававога вырашэння, — растлумачыў Пётр Міклашэвіч. — У прыватнасці, звязаныя з рашэннямі судоў па крымінальных і грамадзянскіх справах.
У ходзе прыёму старшыня Канстытуцыйнага суда даў тлумачэнні прававога характару, якія дапамогуць у далейшым дзейнічаць ва ўстаноўленым законам парадку. Канстытуцыйны суд, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, правярае канстытуцыйнасць законаў, іншых прававых актаў, прынятых дзяржаўнымі органамі. Адпаведна, ёсць упаўнаважаныя органы, якія маюць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд. Але і грамадзяне непасрэдна могуць ініцыяваць перад судом ухіленне прабелаў у прававым рэгуляванні, супярэчлівасцей у заканадаўстве. У ходзе прыёму ў Капылі такіх пытанняў не паступала, растлумачыў Пётр Міклашэвіч.
У рамках адзінага дня інфармавання насельніцтва старшыня Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь таксама правёў сустрэчу з працоўным калектывам Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» і пазнаёміўся з вытворчасцю.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара
Комментарии