Калі ля дома каго-небудзь з жыхароў вёсачак, што адносяцца да Вялікараёўскага ФАПа, спыняецца чорны старэнькі «Мерсэдэс» — значыць прыехаў фельчар. А дакладней «фельчарка» — прыгожая і абаяльная Святлана Пашчэня.
Цікава, але звязаць своёй лёс з медыцынай Святлана зусім не планавала: бабкі і прабабкі былі настаўніцамі-мовазнаўцамі. Таму пасля заканчэння ў 1987 годзе з сярэбраным медалём Вялікараёўскай СШ дзяўчына спрабавала паступіць на філалагічны факультэт Белдзяржуніверсітэта імя У. І. Леніна. Але, як кажуць, лёс не падманеш. Пасля дзвюх безвыніковых спроб «заваявання» галоўнай навучальнай установы Беларусі, паслухаўшы параду мамы, якая, дарэчы, на працягу 30 гадоў узначальвала Руднянскі ФАП, Святлана паступіла ў Мінскае медыцынскае вучылішча №2. Паспяхова адвучылася і пайшла працаваць, спачатку ў здраўпункт на Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў. У хуткім часе ў першы раз стала мамай. У 1995 годзе вярнулася ў родную вёску: якраз з’явілася месца на ФАПе. «Я закаранелая раёўская», –‒ жартам гаворыць пра сябе Святлана Уладзіміраўна.
За 20 год, на працягу якіх фельчар дапамагае зберагчы здароўе, амаль на палавіну зменшылася колькасць вясковых жыхароў. Часцей прыходзіцца наведваць пацыентаў на даму: не апошнюю ролю іграе ўзрост бабулек і дзядулек ды транспартныя цяжкасці. На жаль, стала зусім мала дзетак. Не шкадуе час і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны: іх засталося трое. Таму, каб хутчэй трапіць на выклік, часта даводзіцца перасядаць з веласіпеда у свой любімы «Мерсэдэс». Вёсак, дзе жывуць падапечныя Святланы Пашчэні, восем: Вялікая Раёўка, Кукавічы, Наруці, Куцаўшчына, Богараўшчына, Раёк, Багушы, Сцяпуры. Больш клічуць яе, калі падымаецца артэрыяльны ціск або здараецца прастуда.
Стаж работы Святлана Уладзіміраўна вымярае па… узросце першага немаўляткі, якога па службоваму абавязку дапамагала забіраць з радзільнага аддзялення ў Капылі: зараз юнак ужо вучыцца на 2 курсе адной з вышэйшых навучальных устаноў. «Добры кавалак жыцця ўжо пражыты», — філасофскі падагульняе Святлана Уладзіміраўна. Так, ужо і свайму сыну 22 гады, дачка вучыцца ў 8 класе гімназіі №1 г. Капыля. Але жыццё, яно ж працягваецца. І кожны дзень ставіць перад фельчарам новыя задачы.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии