Капыльскі філіял ААТ “Слуцкі сыраробны камбінат” вельмі адказна падыходзіць да выпуску сваёй прадукцыі і імкнецца стаць лепшым партнёрам для гандлёвых прадпрыемстваў, надзейным пастаўшчыком, які ўлічвае ўсе пажаданні і патрабаванні кліентаў.
Сёння перапрацоўчае прадпрыемства дынамічна развіваецца. Яго работнікі змаглі знайсці спалучэнне традыцыйных спосабаў вытворчасці з сучаснымі тэхналогіямі.
Якасць прадукцыі капыльскіх перапрацоўшчыкаў адзначана рознымі ўзнагародамі, дыпломамі, прызамі, але галоўная ўзнагарода — гэта, зразумела, удзячнасць спажыўцоў. Напрыклад, у мінулым годзе амаль усе сыры, што выпускаюцца на прадпрыемстве, адпраўлены на экспарт. У першую чаргу — у Расійскую Федэрацыю. Самым вялікім попытам карыстаецца сыр «Беларускае золата», іншых вытворцаў гэтага віду ў нашай краіне няма. Акрамя яго шматлікіх узнагарод удастоены сыры элітнай групы «Купалаўскі», «Гройцэр малады» і іншыя. Яны неаднаразовыя прызёры і лаўрэаты конкурсаў «Лепшая прадукцыя года», «Густ», «Чэмпіён смаку». Спажыўцы іх добра ведаюць, любяць і цэняць. Таксама капыльскі філіял з’яўляецца пастаянным пастаўшчыком на экспарт сухога абястлушчанага малака і сухой сыроваткі, з нядаўняга часу на расійскі рынак адпраўляецца і згушчанае малако. Для паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення тэхналагічных працэсаў у лютым гэтага года на прадпрыемстве пачала працаваць новая мікрабіялагічная лабараторыя.
Вялікая заслуга ў дасягненні такіх поспехаў усяго калектыву і, безумоўна, начальніка вытворчасці Вольгі Крэмянчук, якая кантралюе ўсе тэхналагічныя этапы. Вольга Міхайлаўна прый- шла на капыльскі масласырзавод у 2008 годзе па размеркаванні пасля Магілёўскага ўніверсітэта харчавання. Па спецыяльнасці яна інжынер-тэхнолаг перапрацоўкі малочнай сыравіны, а з 2010 года прызначана начальнікам вытворчасці, з абавязкамі якога паспяхова спраўляецца.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии