Практычна чвэрць стагоддзя працуе аператарам машыннага даення ў ААТ «Старыца-Агра» Соф’я Мікалаеўна Клюйко. Апошнія гады яна з’яўляецца адным з лідараў раённага спаборніцтва. Вось і летась ад кожнай каровы сваёй групы жанчына надаіла па 8478 кілаграмаў малака.
Рашэнне прысвяціць сваё жыццё сельскай гаспадарцы ўзнікла не адразу. Пасля заканчэння школы падала дакументы ў сталічнае будаўнічае вучылішча, дзе атрымала прафесію маляра. Аднак хутка зразумела, што займацца гэтай справай ёй не падабаецца, таму і вырашыла вярнуцца ў родную Андросаўшчыну. Выйшла замуж, на свет з’явілася першая дачушка. Працаваць Соня пайшла на ферму, тым больш, што там патрабаваліся даяркі. Так і засталася, як кажуць, прыкіпела да любімай справы і сэрцам, і душой. Жыццё ўсталёўвалася: на свет з’явіліся яшчэ дзве дачкі і сын. Ладзіліся справы і на ферме.
Вядома, працаваць раней было больш складана. Яшчэ не было малакаправода, і даіць кароў даводзілася ў бачкі, затым насіць малако вёдрамі ў бідоны. Але на дапамогу спяшаліся дзеці. Цяпер, калі яны ўжо выраслі і кожны займаецца сваёй справай, Соф’я Мікалаеўна радуецца іх поспехам, цешыцца любімымі ўнукамі. На маё пытанне, што дапамагае ёй дабівацца высокіх рэзультатаў, жанчына без ваганняў адказала: «Я ўпэўнена, што карова дасць малако, калі яна будзе добра накормлена. Таму, нават нягледзячы на тое, што раздача кармоў на МТФ «Андросаўшчына» механізаваная, я заўсёды падыду да сваіх каровак, падкіну ў жолаб корм, калі бачу, што ён рассыпаўся. Пільна сачу за станам жывёл, стараюся, каб не было мастытаў. Відаць, каровы адчуваюць мой клопат і любоў да іх, таму і аддзячваюць высокімі надоямі. А ўвогуле ў нас вельмі дружны калектыў, жанчыны ахвотна дапамагаюць адна адной, таму і рэзультаты добрыя».
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии