– Мікітаўна, мандарыны смачныя? Тады ўзваж мне кілаграм.
– Мікітаўна, а селядзец як: не моцна салёны? Не? Дык пакладзі мне парачку.
Мікітаўна, Мікітаўна… І так на працягу ўжо 18 гадоў. Менавіта столькі працуе загадчыкам магазіна Любоў Кардаш: спачатку ў Траянаве, а з 2008 года – у Пацейках. А імя па бацьку на самой справе звяртае на сябе ўвагу, тым больш, што родныя сёстры чамусьці звычайныя Мікіцічны.

– Магазін у нас добры. І прадаўцы ветлівыя, – уступае ў размову Ала Тароцька, якая якраз зайшла па пакупкі.
Дапаўняе яе Надзея Лукашэвіч:
– Заўсёда наша Мікітаўна падкажа, што лепш купіць.
Сапраўды, у магазіне працуе невялікі, але добры калектыў: акрамя загадчыка – прадавец 5-й катэгорыі Наталля Збіруховіч і прыбіральшчыца Алена Дубовік. Таму і таваразварот складае: зімой больш за 200, а ўлетку – 300 млн рублёў, што для вясковага магазіна зусім нядрэнна. Каб дагадзіць пакупнікам, па асабістых пажаданнях прывозяць будаўнічыя матэрыялы, камбікорм.
Жыве Любоў Мікітаўна тут жа, у аграгарадку. Аднак сюды яна прыехала ў 1990 годзе з Гомельшчыны. З дзяцінства хацелася Любе стаць за прылавак, але паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум і нават працавала сем гадоў аграномам. Але потым усё ж перайшла ў сістэму спажыўкааперацыі. Разам з мужам вырасцілі дзвюх дачок. У свабодную хвілінку жанчына з задавальненнем паглядзіць які-небудзь жыццёвы фільм, адпачне. А заўтра зноў – спяшаецца на работу, каб дапамагаць аднавяскоўцам рабіць правільны выбар.
На пытанне, як удаецца дасягнуць высокіх вынікаў, Любоў Мікітаўна сціпла адказала: «Трэба проста любіць сваю справу і шчыра адносіцца да сваіх абавязкаў».
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии