Паўвека таму па ініцыятыве цімкавіцкай інтэлігенцыі, у прыватнасці, былога дырэктара мясцовай адзінаццацігодкі Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі, быў пабудаваны музей знакамітага земляка, беларускага празаіка, драматурга, публіцыста Кузьмы Чорнага (сапраўднае імя Мікалай Карлавіч Раманоўскі). У 1993 годзе музею быў нададзены статус дзяржаўнага, і ён стаў філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. А ў 1994 годзе адбылося адкрыццё новай экспазіцыі. Ішоў час, з’яўляліся новыя экспанаты, якія павінны былі заняць сваё месца ў музеі. І вось праз 20 гадоў яны ў адноўленых залах.
[caption id="attachment_38752" align="aligncenter" width="580"]
Памяшканне музея[/caption]
У навагоднія святы пасля ўзнаўлення экспазіцыі ў аграгарадку Цімкавічы расчыніў дзверы музей Кузьмы Чорнага. У літаратурнае падарожжа на радзіму класіка адправіліся паэты, пісьменнікі і родныя беларускага класіка.
[caption id="attachment_38748" align="aligncenter" width="580"]
Экскурсію праводзіць Людміла Ніжэвіч (справа)[/caption]
Протаіерэй Міхаіл Мардвінаў, настаяцель прыхода Святога Мікалая Цудатворца аг. Цімкавічы, прачытаў малітву і асвяціў культурную ўстанову. Пасля гэтага дырэктар Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч, якая ўзначальвае ўстанову на працягу 20 гадоў, пачала свой аповед пра залы і экспанаты новай экспазіцыі. Людміла Іосіфаўна нагадала прысутным, што за 21 год сваёй літаратурнай дзейнасці Кузьма Чорны напісаў 10 кніг апавяданняў, 15 раманаў і аповесцей, некалькі п’ес і вя-лікую колькасць нарысаў, фельетонаў і артыкулаў. Многія маляўнічыя краявіды для гэтых твораў пісьменнік убачыў на роднай цімкавіцкай зямлі. Таму па задумцы аўтараў-афарміцеляў у першай зале на адной са сцен размясцілася фотавыстава. Сюжэтамі работ мінскіх фотамастакоў сталі месцы, якія маюць асаблівы сэнс у жыцці пісьменніка. Гэта і маёнтак Боркі, руіны панскага дому, памятны знак на гэтым месцы, Бушылава (упрыгажэннем гэтага месца з’яўляецца крынічка, дзе любяць адпачываць і цімкаўляне), Цімкавічы і іх ваколіцы, Скіп’ёўскі лес, дзе разам з дзедам Міхаілам Парыбкам-Чорным любіў бываць маленькі Мікола Раманоўскі, і многія іншыя месцы. Таксама ў зале нельга не заўважыць павялічаны малюнак пісьменніка (дарэчы, амаль у кожнай зале размясціліся такія банеры), першую кніжку, якую прачытаў Кузьма Чорны, фотаздымкі беларускага класіка.
[caption id="attachment_38749" align="aligncenter" width="580"]
Падчас асвячэння экспазіцыі[/caption]
Наступная зала расказвае пра творчасць 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя. Менавіта тут уважлівы наведвальнік адчуе рост Кузьмы Чорнага як пісьменніка. Акрамя фотаздымкаў, многія з якіх — з членамі літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша” (менавіта яго і ўзначаліў знакаміты цімкаўлянін), на стэндах размясціліся публікацыі з разнастайных сродкаў масавай інфармацыі, дзе былі надрукаваны артыкулы будучага класіка. Кузьма Чорны, як вядома, займаўся і перакладам на беларускую мову твораў рускіх класікаў. Некаторыя выданні таксама знайшлі дастойнае месца ў гэтай зале. У пачатку 30-х гадоў Кузьма Чорны прыйшоў да задумы напісаць “у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён”. Цыкл твораў уключаў раманы “Бацькаўшчына” (1931), “Трыццаць год” (няскончаны, 1934), “Трэцяе пакаленне” (1935), аповесць “Люба Лук’янская” (1937).
[caption id="attachment_38750" align="aligncenter" width="580"]
Пастаноўка па творы “Гузік”[/caption]
Яшчэ адна зала прысвечана творчасці беларускага пісьменніка перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Людміла Ніжэвіч падкрэсліла, што Кузьма Чорны сваім трапным словам унёс уклад у набліжэнне Перамогі. Шмат фельетонаў знайшлі месца ў сатырычным агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”, дадатку да газеты “Савецкая Беларусь”. Публіцыстыка на старонках гэтых выданняў — узор грамадзянскай пазіцыі пісьменніка. Сімвалічным з’яўляецца і банер, які зроблены па малюнку беларускага драматурга: бярозка, апавітая чорным калючым дротам. Кузьма Чорны верыў, што яна не зламаецца, а працягне расці ўверх. Як Беларусь выстаіць і пераможа. У экспазіцыі залы наведвальнікі ўбачылі своеасаблівую імітацыю кабінета рэдакцыі газеты “Савецкая Беларусь”, якая ў той час размяшчалася ў будынку рэдакцыі газеты “Известия” на плошчы Пушкіна ў Маскве. Кузьма Чорны не толькі пісаў артыкулы ў газеты, але і выступаў на радыёстанцыі “Савецкая Беларусь”. Калі пачалося вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта падзея адразу знайшла адлюстраванне ў творах пісьменніка. Нараджаюцца такія артыкулы: “Настаў вялікі дзень”, “Ваўкі ратуюць скуру”, “Варочаецца жыццё” і іншыя. Асабліва пранікнёна Кузьма Чорны адрэагаваў на навіны аб вызваленні Цімкавіч, Вялікай Раёўкі, Жавулкаў: “Родныя мае мясціны! Як мая душа рвецца туды. Яна заўсёды там. Там жывуць усе мае персанажы. Усе дарогі, пейзажы, дрэвы, хаты, чалавечыя натуры, пра якія я калі-небудзь пісаў. Усё адтуль...”
Творы беларускага класіка сталі сюжэтамі фільмаў, тэатралізаваных пастановак. Шмат перыядычных выданняў, фотаздымкаў і малюнкаў, якія пра гэта распавядаюць, можна ўбачыць у апошняй зале. Цімкавіцкім народным тэатрам пад кіраўніцтвам таленавітага рэжысёра і педагога Зінаіды Іосіфаўны Раманенкі была пастаўлена п’еса “Ірынка”. А цяпер традыцыі працягвае Людміла Ніжэвіч. Таму экскурсіі маюць лагічны працяг — тэатралізаваныя пастаноўкі, у якіх прымаюць удзел як супрацоўнікі ўстаноў культуры, так і педагогі, вучні мясцовай школы. Гэтым разам госці ўбачылі пастаноўкі па такіх творах Кузьмы Чорнага, як “Гузік”, “Насцечка”, “Родныя мясціны”.
[caption id="attachment_38751" align="aligncenter" width="580"]
Сустрэча гасцей у Цімкавіцкай СШ[/caption]
Пасля літаратурнае падарожжа працягвалася ўжо ў сценах Цімкавіцкай адзінаццацігодкі, дзе сабралася вялікая колькасць настаўнікаў і вучняў. Многія з ганаровых гасцей падзяліліся ўражаннямі ад убачанага ў музеі беларускага класіка, пазнаёмілі прысутных са сваёй творчасцю, пакінулі шмат памятных падарункаў. Галоўнае, што падкрэслілі выступоўцы — на зямлі, дзе нарадзіўся і вырас такі слынны беларускі творца, павінна гучаць родная беларуская мова.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии