У Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду пры садзейнічанні раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа адбыўся калядны канцэрт з удзелам валанцёраў з ініцыятыўнай групы “Дабрадзеі”, створанай пры раённым Цэнтры культуры.
[caption id="attachment_38614" align="aligncenter" width="580"]
І льецца песня[/caption]
Дабрыня, міласэрнасць, дапамога бліжняму — гэта не проста словы. Гэта асаблівасці характару людзей па-сапраўднаму добрасардэчных і творчых. Менавіта такімі з’яўляюцца жанчыны-дабрадзеі. Як сапраўдныя чараўніцы, яны змаглі падарыць хвіліны радасці 23 пастаяльцам з Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду падчас правядзення каляднага канцэрта. У выкананні салістак Галіны Аляксеевай, Зінаіды Лісіцынай, Валянціны Зарамбоўскай і Любові Галубовіч у імправізаванай канцэртнай зале прагучалі мілагучныя душэўныя песні. А што значыць добрая кампазіцыя для чалавека сталага ўзросту? Гэта і ўспамін пра мінулую маладосць, і пра хвіліны кахання, і надзея. Таму і засвяціліся агеньчыкі на паблеклых ад часу вачах старых людзей.
[caption id="attachment_38624" align="aligncenter" width="580"]
Ім ёсць што ўспомніць…[/caption]
Вядома ж, пад добрую музыку хочацца і патаньчыць. Таму больш ініцыятыўныя артысткі запрашалі дзядулек на так званыя павольныя танцы. А каб свята адбылося па-сапраўднаму навагоднім, ад раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і РСУП “Бабоўня” былі ўручаны падарункі.
— Ведаеце, — адзначыла загадчык Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду Таццяна Янушка, — гэта не проста канцэрт. Гэта сапраўдны цуд для нашых бабулек і дзядулек, успаміны аб якім яшчэ доўгі час будуць дарыць цёплыя пачуцці.
Дарэчы, каб канцэрт адбыўся, адміністрацыя УАЗ “Капыльская ЦРБ” дапамагла арганізаваць транспарт, на якім і прыехалі артысты.
Дзіяна Ткачэнка
Фота аўтара
Комментарии