Новы сумесны праект Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па расшырэнні магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнацэннага ўдзелу ў жыцці грамадства стартаваў у Беларусі ў мінулым годзе. Удзел у ім прынялі і актывісты Капыльскай раённай арганізацыі БТЧК.
Як расказала яе старшыня Ніна Жук, на Капыльшчыне створана і паспяхова дзейнічае ініцыятыўная група, у якую, у першую чаргу, увайшлі ўдзельнікі гурта “Дабрадзеі”, створанага пры раённым Цэнтры культуры.
— А папярэднічала гэтаму, — працягвае гутарку Валянціна Зарамбоў- ская, мастацкі кіраўнік РЦК, — анкетаванне пажылых людзей, якое мы правялі ў пачатку 2014 года. Былі выяўлены наступныя праблемы: немабільнасць адзінокіх пажылых людзей, цяжкасці пры наведванні аптэкі, магазінаў, адсутнасць магчымасці з карысцю праводзіць свой вольны час, наведваць установы культуры і адпачынку. Таму мы і вырашылі прыкласці ўсе намаганні, каб зрабіць жыццё людзей сталага ўзросту больш лёгкім і цікавым.
[caption id="attachment_38414" align="alignnone" width="567"]
Калектыў "Дабрадзеі"[/caption]
Трэба адзначыць, што ў калектыве “Дабрадзеі” займаюцца вакалам людзі пенсіённага ўзросту. Аднак іх дзейнасць не абмяжоўваецца толькі рэпетыцыямі і выступленнямі. Большасць удзельнікаў калектыву з ахвотай наведваюцца да сваіх састарэлых адзінокіх знаёмых, суседзяў, каб аказаць ім пасільную дапамогу, пагутарыць, падтрымаць у цяжкую хвіліну. Такая валанцёрская дзейнасць грунтуецца на традыцыйным укладзе сямейна-суседскіх адносін, які спрадвеку існаваў на Беларусі як у сельскай мясцовасці, так і часткова ў гарадах, калі больш моцныя і здаровыя дапамагаюць больш слабым і хворым.
— Нашы валанцёры працуюць пад дэвізам: “Дом без адзіноты”, — распавядае Ніна Жук. — Нам хочацца, каб людзі не заставаліся адзін на адзін са сваімі праблемамі, каб ім заўсёды было з кім пагаварыць. Часта даводзіцца чуць ад нашых падапечных: “Як добра, што вы прыйшлі. А калі мы яшчэ ўбачымся?”. А гэта значыць, што нас чакаюць, што мы патрэбныя адзінокім людзям, што робім вельмі добрую справу. Прыемна, што нашу ініцыятыву падтрымала і кіраўніцтва раёна.
Усяго ў склад ініцыятыўнай групы ўваходзіць 17 чалавек. Прыходзяць сюды людзі, неабыякавыя да чужога гора, і займаюцца дабрачыннасцю па закліку сэрца і душы. А яшчэ “Дабрадзеі” — гэта па-сапраўднаму творчыя людзі. З радасцю развіваюць свой выканальніцкі талент на рэпетыцыях пад кіраўніцтвам Валянціны Зарамбоўскай і з такім жа захапленнем выступаюць на канцэртных пляцоўках, на святах вёсак, плануюць у хуткім часе наведаць з канцэртам Бабаўнянскую бальніцу сястрынскага догляду. Летась прынялі ўдзел у абласным фестывалі ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, адкуль прывезлі Дыплом і каштоўны падарунак. Ёсць планы і на сёлетні год. Дарэчы, прыгожыя касцюмы для калектыву былі пашыты за сродкі, выдзеленыя Аўстрыйскім Чырвоным Крыжам, і яны вельмі да твару самадзейным артысткам.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии