Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

79

Жыццё, звязанае з творчасцю

03.01.2015
“Любі справу - і майстрам будзеш”, -упэўнена народны майстар Беларусі Зінаіда Іванаўна Кравец, жыццё якой неразрыўна звязана з творчасцю. Дзе толькі няма яе вырабаў! І ў мінскіх музеях, і на Украіне, і ў Яраслаўлі, і ў Таганрогу. Людзям падабалася, а яна, будучы чалавекам вельмі адкрытым, дарыла часцінку сваёй душы. Нават у Амерыцы носяць саматканую сарочку з вышытым беларускім арнаментам і ўспамінаюць жанчыну добрым словам. Майстрыха нарадзілася ў Падмажжы ў 1939 годзе ў шматдзетнай сям’і працаўнікоў калгаса. Да вайны сям’я не была багатай, але і не гаравала: усё неабходнае для жыцця было. Становішча змянілася пасля вайны. Тата вярнуўся дамоў кантужаны, і праз чатыры гады яго не стала. З-за цяжкага становішча маленькая Зіна змагла скончыць толькі 4 класы мясцовай школы. А потым яе цётка, якая настаўнічала ў Гродзенскай вобласці, забрала Зінаіду да сябе дапамагаць гадаваць маленькую дачку. Пабыла там дзве зімы і вярнулася дадому, бо ў матулі пагоршылася здароўе. Але хутка пайшла ў Чырвоную Слабаду няньчыць дзяцей у сям’і афіцэра. Там за працу плацілі прадуктамі, якія яна адсылала дадому. У 14 гадоў пачала працаваць у калгасе, дзе займалася вырошчваннем і далейшай апрацоўкай ільну. А гэта, як вядома, справа вельмі цяжкая, бо амаль усё рабілася ўручную: рвалі, звязвалі лён у вязаначкі, везлі на ток, потым — на поле, дзе рассцілалі, каб лён вылежаў 2-3 тыдні. Пасля гэтага яго падымалі, вязалі ў пукі. Брыгадныя жанчыны лён сушылі на печы, потым цёрлі, трапалі, часалі і пралі ніткі. З 15 гадоў Зінаіду назначылі звенавой. Жанчына і зараз успамінае, як цяжка было ў тыя гады жыць і працаваць. Але пры кожнай магчымасці, калі бачылі хлопца з гармонікам, то якія б стомленыя не былі, прасілі паіграць. Ён іграў — жанчыны танцавалі. У 1961 годзе на вяселлі сваёй сяброўкі, дзе была за шаферку, пазнаёмілася з хлопцам, з якім і звязала свой лёс. Праз год справілі вяселле, і маладая перайшла жыць да свекрыві. У 1963-м і 1967-м гадах Зінаіда нарадзіла дзвюх дачок. Сялянскі быт нялёгкі, а яна палову жыцця аддала рабоце даяркай. Мела яшчэ і сваю асабістую гаспадарку, але Зінаіда ніколі не апускала рукі і ішла па жыцці з усмешкай. І калі толькі чалавек пры такой занятасці знаходзіць час для любімых захапленняў: ткацтва, вышыўкі, карункапляцення! Ткаць яе навучылі матуля ды старэйшыя сёстры. Ткала чырвона-белыя закладныя ручнікі, посцілкі ў чатыры ніты. Але ёй больш за ўсё падабалася ткаць посцілкі пераборам ды ў матрушкі. Як кажа сама ткачыха, у гэтых тэхніках яны атрымоўваюцца вельмі выразнымі. Зараз Зінаіда Іванаўна Кравец — пастаянны ўдзельнік мясцовых, раённых святаў і конкурсаў народнай творчасці. Актыўная ўдзельніца клуба “Семяжовачка” пры Семежаўскім ЦКіВЧ. Ёсць і яшчэ адно захапленне ў Зінаіды Іванаўны. Гэта народная песня. Яна дапамагае ў пераадольванні цяжкасцей сялянскага жыцця. Спявае — і забывае пра ўсе нягоды. Таццяна ВОЛКАВА, дырэктар раённага Цэнтра ткацтва

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей