Трыццаць пяць гадоў таму, у снежні 1979 года, было прынята рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан.
Сярод тых, хто змагаўся ў гэтай вайне, быў і наш зямляк Аляксандр Змачынскі. Ніколі не думала яго маці Ядвіга Уладзіміраўна, якая перажыла Вялікую Айчынную вайну, што на новую вайну трапіць яе сын.
Аляксандр Змачынскі нарадзіўся ў вёсцы Крыніца Капыльскага раёна. Скончыў 8 класаў Слабада-Кучынскай СШ. У час вучобы праявіў сябе старанным і здольным вучнем, актыўным камсамольцам і спартсменам. Пасля заняткаў, а школа знаходзілася ў чатырох кіламетрах, імкнуўся дапамагчы бацькам па гаспадарцы.
У 1983–1986 гадах — навучанне ў ГПТВ №134 чыгуначнікаў г. Мінска, дзе атрымлівае спецыяльнасць электрыка па рамонце і абслугоўванні рухомых чыгуначных саставаў. Улетку юнак працуе памочнікам камбайнера ў родным саўгасе “Крыніца”.
У армію Аляксандр быў прызваны восенню 1986 года, трапіў у каманду “40А”. Туды залічвалі тых, хто будзе выконваць інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Служба пачалася ў г. Ташкенце Узбекскай ССР. Адзін месяц у каранціне праляцеў хутка. У снежні 1986 года маладое папаўненне перакідваюць у Афганістан. Тры дні ў Кабуле на перасылцы — і Аляксандр трапляе ў г. Кундуз. Пачынаецца служба ў малой асобай эскадрыллі (в/ч 79088) на пасадзе механіка авіяцыйнага і дэсантнага абсталявання па абслугоўванні верталётаў Мі-8 і Мі-24. У абавязкі ўваходзіла: перазарадка пушак і кулямётаў, змена сістэмы аўтаматычнага абстрэлу (для адводу “Стынгераў” ад верталёта).
Душманы часта абстрэльвалі ваенны аэрадром з мінамётаў. Аднаго разу міна трапіла ў склад боепрыпасаў. Згарэлі два верталёты. Былі загінуўшыя і параненыя. У сакавіку 1987 года Аляксандр перанёс брушны тыф. Ляжаў у шпіталі ў рэанімацыі. Калі крыху ачуняў, напісаў, з дапамогай медсястры, ліст маці. Увесь гэты час (год службы) Саша дасылаў ёй лісты з расказамі, што служыць у Германіі.
Але матчына сэрца не падманеш. Яна здагадвалася, што з сынам адбылося нешта незвычайнае. Толькі пасля шпіталя Саша запэўніў, што выконвае інтэрнацыянальны абавязак у ДРА і хвалявацца няма чаго.
Пасля таго, як урад СССР аб’явіў аб пачатку вываду сваіх войскаў з Афганістана, в/ч 79088 перабазіроўваюць у г. Пулі-Хумры. Калі ў Кундузе салдаты жылі ў казармах, то на новым месцы – у асноўным у зямлянках па чатыры чалавекі. Акрамя аўтаматаў у зямлянках заўсёды захоўваліся кулямёт, гранатамёт і гранаты – поўны боекамплект. Прыходзілася ваяваць не толькі з маджахедамі, але і з надвор’ем: спёка ці мароз, дождж ці снег.
Дэмабілізаваўся Аляксандр у ліку адной з апошніх партый ваеннаслужачых у канцы студзеня 1989 года. Спачатку верталётамі перакінулі за пагранічную раку Аму-Дар’ю, затым у г. Душанбэ, самалётам да Масквы і далей да Мінска. 29 студзеня радавы запасу Змачынскі ступіў на родную зямлю Беларусі. Служба прадаўжалася два з паловай гады.
Калі пачаўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана, Ядвіга Уладзіміраўна кожны дзень выходзіла на дарогу Слабада-Кучынка — Пясочнае сустракаць Аляксандра. І вось настаў самы шчаслівы дзень у жыцці маці — сустрэча з сынам. Аўтобус чамусьці праехаў прыпынак.
— Вадзіцель, стойце! — закрычала Ядвіга Уладзіміраўна.
Мабыць, так хвалявалася маці, што не заўважыла, як нехта выйшаў з аўтобуса ў ваеннай форме:
— Мама! Я вярнуўся! — сказаў сын.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА “Слабадакучынская СШ”,член Беларускага саюза афіцэраў
Комментарии