Прыкладна з красавіка гэтага года ў СМІ з’явілася навіна: заснавальніка Чырвонага касцёла ў Мінску Эдварда Вайніловіча маюць намер прылічыць да ліку святых.
І ўжо 15 мая ў мінскім касцёле Святых Сымона і Алены адбылося першае пасяджэнне пастулатарскай камісіі ў справе беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. Шмат мерапрыемстваў было прымеркавана да гэтай падзеі. Адно з іх – асвячэнне крыжоў і сімвалічнай Галгофы на месцы радавых могілак Вайніловічаў у в. Савічы Капыльскага раёна.
[caption id="attachment_38302" align="aligncenter" width="500"]

Э. Вайніловіч, 1903 год[/caption]
Даведка
Эдвард Антоні Леанард Вайніловіч — буйны гаспадарчы і палітычны дзеяч Беларусі і Расійскай імперыі. Наш зямляк пабудаваў Чырвоны касцёл у Мінску ў пачатку XX стагоддзя ў гонар сваіх памерлых дзяцей — Сымона і Алены. У 2006 годзе ў касцёле перапахавалі яго астанкі згодна з апошняй воляй.
Удзел у пасяджэнні камісіі прымалі прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы з Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, рэферэнт па Кананізацыйных справах Кракаўскай архідыяцэзіі, гісторыкі з Беларусі і Літвы, святары, а таксама мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Каталіцкая паства Беларусі, як і простыя грамадзяне, з нецярпеннем застылі ў чаканні рашэння, якое прыме вышэйшае духоўнае кіраўніцтва рымска-каталіцкай царквы. Яшчэ напярэдадні вышэйазначанай даты прадстаўнічая дэлегацыя Ватыкана разам з духоўнікамі Беларусі наведала Капыльшчыну, каб даведацца больш пра беларускага дзеяча і палітыка.
Як расказаў у размове настаяцель Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк падчас наведвання вёскі Савічы Цімкавіцкага сельсавета, даследаванні асобы Вайніловіча праходзяць на ўсіх узроўнях. Разглядаецца не толькі яго дзейнасць як чалавека, прадстаўніка тых ці іншых устаноў, але нават і з духоўнага боку — наколькі ён быў чалавечны, наколькі ён быў адкрыты. Яго імя, калі пытанне вырашыцца станоўча, будзе ўспамінаць увесь свет. Прызнанне яго слугой Божым — гэта ўжо ўшанаванне не толькі яго дзейнасці, але і велічы яго душы.
Гутарку з панам Завальнюком мы вялі каля радавых могілак Вайніловічаў, куды даводзілася прыязджаць разам ужо неаднойчы. Падчас наведвання ў маі гэтага года Савічаў, Макранаў, Цімкавіч, якія, дарэчы, уваходзяць у турыстычны маршрут “Па сядзібах Эдварда Вайніловіча”, з прадстаўнічай дэлегацыяй з Ватыкана спрабавалі адшукаць мясцовых жыхароў, якія чулі ад старэйшых сваякоў што-небудзь пра пана Вайніловіча. Давялося даведацца вось пра што. У той час у Вайніловічаў працаваў бедны селянін. У адзін з неспрыяльных гадоў не ўдалося яму нарыхтаваць кармоў для сваёй каровы, якая для сям’і сапраўды была карміцелькай. Вось і паскардзіўся ён пану, што не здолее пракарміць жывёлу. Надругі дзень прыйшлі ад пана людзі і яе забралі. “Ну вось і няма ў мяне больш каровы”, — падумаў селянін. Але ў хуткім часе сустрэўся з Вайніловічам, які сказаў яму, каб прыходзіў у маёнтак і браў сваё малако…
[caption id="attachment_38304" align="aligncenter" width="570"]

На месцы радавых могілак рода Вайніловічаў (в. Савічы Капыльскага раёна)[/caption]
Толькі з гэтага прыкладу можна зрабіць выснову — Эдвард Вайніловіч — узор служэння людзям… і Богу. “У нас у Беларусі, як і ў Еўропе, ёсць многа святых, бласлаўлёных у святарскім стане, манаскім… А тут — свецкі чалавек, ды яшчэ такога інтэлектуальнага ўзроўню, шырокай душы, — працягваў аповед Завальнюк. — У пачатку ХХ стагоддзя Вайніловіч будаваў. На той час ён ужо быў экуменістам (экуменізм — ідэалогія ўсехрысціянскага адзінства, экуменічны рух — рух за збліжэнне і аб’яднанне розных хрысціянскіх цэркваў (канфесій), адзін з механізмаў міжхрысціянскіх адносін). Вайніловіч не прапаведаваў экуменізм, ён рэалізаваў яго ў жыцці”.
Учас гутаркі з панам Завальнюком на месцы радавога пахавання ішлі будаўнічыя работы. Цяпер тут узвышаюцца два крыжы — праваслаўны і каталіцкі (раней быў толькі адзін — каталіцкі). А якраз паміж імі ўзводзілася сімвалічная Галгофа — узгорак, на якім з’явілася выява маці Божай, што трымае Збавіцеля на руках пасля зняцця з Крыжа. “Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Капыльскага раёна за тое, што нас разумеюць, падтрымліваюць у гэтай справе, — расказвае святар. — Чаму на гэтым месцы з’явіліся два крыжы? Іх род, як узгадвае сам Эдвард Вайніловіч, 500 гадоў назад бярэ пачатак як праваслаўны, пасля — як грэка-каталіцкі, каталіцкі. Вайніловічы будавалі праваслаўныя, каталіцкія храмы, сінагогі, мячэці. Гэта карона яго роду. Падчас прыезду прадстаўнікоў Ватыкана мы вельмі хацелі паказаць прысутнасць Вайніловіча на гэтых землях. І яны адчулі веліч гэтага чалавека. А тым больш, пасля таго, калі пазнаёміліся з дакументамі і інфармацыяй, якую я, па даручэнні мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, даставіў у Ватыкан у кангрэгацыю да спраў святых”.
[caption id="attachment_38300" align="aligncenter" width="570"]

Дэлегацыю Ватыкана сустракае старшыня райсавета дэпутатаў І. Кісляк[/caption]
Працэс ушанавання, як аказалася, — доўгі шлях. Разглядаецца многімі камісіямі, дзе ўлічваюцца розныя напрамкі: эканамічныя, палітычныя, адукацыйныя і іншыя. Гэта грунтоўнае вывучэнне персоны. “Я вельмі хацеў, — працягвае святар, — каб вестка пра прылічэнне Вайніловіча да ліку святых прыйшла да нас на Будслаўскі фэст у ліпені бягучага года, калі там збіраецца каля 35-40 тысяч пілігрымаў з усёй Беларусі. Але гэтага не адбылося. Падчас наведвання Капыльшчыны і вёскі Савічы прадстаўнікі Рыма, Ватыкана параілі маліцца і расказваць пра асобу гэтага чалавека, каб людзі пазнаёміліся з ім не толькі праз успаміны самога Вайніловіча (выйшаў першы том), але і праз тое, як пра яго іншыя выказваліся. Тым не менш мне здаецца: калі гэта пытанне разглядаецца ў Ватыкане, і калі яго прадстаўнікі прыехалі яшчэ раз пераканацца ў велічы чалавека — значыць усё ў нас атрымаецца”.
У пачатку снежня вернікі Чырвонага касцёла разам з архібіскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім завіталі ў Капыль. У святочнай Імшы, якую правёў архібіскуп Юрый у касцёле святых Пятра і Паўла ў Капылі, прынялі ўдзел шматлікія прыхаджане. Падчас малітваў каталікі ўслаўлялі імя Эдварда Вайніловіча, маліліся за яго.
Праз некалькі гадзін ужо на радавых могілках адбылося асвячэнне крыжоў, сімвалічнай Галгофы, дзе прысутныя пакінулі запаленыя лампадкі — вобраз вечнага Святла.
[caption id="attachment_38301" align="aligncenter" width="300"]

Сімвалічная Галгофа на месцы пахаванняў рода Вайніловічаў[/caption]
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии