Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

186

Не только оружием, но и словом

23.12.2014
На Капыльшчыне прайшоў чарговы этап сумеснай акцыі “Слова клікала ў бой”, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мера- прыемства было арганізавана абласной структурай Беларускага саюза журналістаў, абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, газетамі “Мінская праўда” і “Звязда” пры садзейнічанні Капыльскага райвыканкама. Мэта мерапрыемства — успомніць пра тых людзей, якія прынеслі славу беларускай зямлі, тых, хто змагаўся ў гады Вялікай Айчыннай за Радзіму не толькі зброяй, але і словам. Першым пунктам прызначэння стаў школьны музей паэта, публіцыста і крытыка Яна Скрыгана, які расмясціўся ў дзяржаўнай установе адукацыі “Каменскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Вучні, якія выступілі перад гасцямі ў ролі экскурсаводаў, распавялі пра жыццё, творчасць нашага земляка. Варта адзначыць, наколькі годна правялі экскурсію юныя краязнаўцы: без сучка і задзірынкі яны расказвалі пра любімыя рэчы творцы, якія захоўваюцца ў музеі і былі асабліва дарагімі для вядомага земляка. Сярод іх — фотаздымкі, дакументы, асабістыя рэчы Яна Скрыгана, якія адлюстроўваюць багатае на падзеі жыццё. Не без гонару паведаміла прысутным кіраўнік музея Ірына Тагіль пра вучняў, супрацоўнікаў школы, якія дапамагалі ствараць і афармляць экспазіцыю, адзначыла, што гэтай працай захоплены многія. У сценах музея за кароткі тэрмін прайшло мноства розных цікавых экскурсій і ўрокаў. Як адзначыла дырэктар школы Галіна Васілевіч, у зале знайшлі месца і куткі, якія распавядаюць пра славутае мінулае землякоў, якія ваявалі на франтах ў 1941 — 1945 гадах. Сярод экспанатаў гэтай часткі экспазіцыі маецца і рэдкі экзэмпляр газеты “Праўда” ад 10 мая 1945 года. Навучэнцы ўстановы ўцягнуты не толькі ў навучальны працэс, але і ў пошукавую работу, ваенна-патрыятычнае выхаванне. Дзякуючы мэтанакіраванаму працэсу зусім нядаўна былі адноўлены імёны 14 невядомых да гэтай пары салдат, пахаваных у брацкай магіле. Ужо праз паўгадзіны група апынулася на багатай гісторыяй песачанскай зямлі. У сценах мясцовай школы ганаровых гасцей ветліва сустракалі вучні. “Усё было мне міла тут: над Нёманам зялёны кут, палі шырокія, узгоркі, і смоль сасны, і ў небе зоркі…” — словамі вядомага земляка Анатоля Астрэйкі віталі ўдзельнікаў акцыі хлопчыкі і дзяўчынкі, запрасіўшы на другі паверх. Менавіта тут у невялічкім пакоі размясцілася багатая гісторыя роднага песачанскага краю. Цікавым для журналістаў і пісьменнікаў стаў аповед юных экскурсаводаў пра князёў Алелькаў, якія валодалі гэтымі землямі, вучонага, даследчыка Якуба Наркевіча-Ёдку, іншых вядомых людзей, якія тут жылі, вучыліся, стваралі. У кагорце знакамітасцей маляўнічага краю — паэт Адам Русак, вучоны Сцяпан Умрэйка. Не абмінула Пясочнае і ліхалецце вайны. Не раз нямецка-фашысцкія захопнікі бясчынствавалі ў вёсцы, распраўляючыся з мірнымі жыхарамі. Пра гэта нагадвае помнік загінуўшым, што знаходзіцца побач з установай адукацыі. Дарэчы, песачанскі пясняр Анатоль Астрэйка — адзін з тых творцаў, які менавіта словам вёў салдат у бой. Падчас Вялікай Айчыннай вайны паэт быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”. На свае вочы пабачыў пакуты мірных жыхароў, гераізм байцоў Чырвонай Арміі, калі двойчы накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Пабывалі госці і ў музейным пакоі Адама Русака, які знаходзіцца ў Цэнтры культуры і вольнага часу. Вершы таленавітага паэта простыя і мілагучныя, невыпадкова многія з іх сталі вядомымі песнямі. Пра гісторыю стварэння музейнага пакоя расказала прысутным старшы навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея Таццяна Варанцова. Ужо ў Капылі ў чытальнай зале раённай цэнтральнай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі на сустрэчу з пісьменнікамі і журналістамі сабраліся жыхары горада — пастаянныя чытачы, аматары літаратуры, супрацоўнікі бібліятэкі і многія іншыя. Ва ўступным слове гаспадыня ўтульнай установы культуры Таццяна Серая адзначыла, што капыльская зямля багата сваёй гісторыяй, таленавітымі людзьмі. Імёны Цішкі Гартнага, Сцяпана Александровіча, Яна Скрыгана, Кузьмы Чорнага, Міколы Хведаровіча вядомы шматлікім беларускім чытачам, у тым ліку і жыхарам горада і раёна. Іх творчасць вывучаюць і шануюць. Галоўны рэдактар газеты “Мінская праўда”, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Мікалай Літвінаў расказаў пра творчасць  каманды журналістаў, якую ён узначальвае, аб матэрыялах, прысвечаных вайне, што знаходзяць адлюстраванне на старонках выдання. Намеснік дырэктара Выдавецкага дома “Звязда”, член саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі Алена Стэльмах распавядала пра выданні, у тым ліку і ваеннай тэматыкі, якія выйшлі і ў хуткім часе выйдуць у свет. Аб сваіх творчых работах расказаў і беларускі пісьменнік, крытык Алесь Марціновіч, які капылянам вядомы як колішні супрацоўнік раённай газеты “Слава працы”, суаўтар хронікі “Памяць. Капыльскі раён”, аўтар кнігі “Ля Каменкі бруістай” і многіх іншых. Дарэчы, на паліцах раённай бібліятэкі ёсць шмат яго работ. Прысутныя на сустрэчы задавалі мноства пытанняў пра якасць зместу і афармленне сучасных кніг, былі выказаны прапановы па іх афармленні і змесце. Усе заўвагі былі ўзяты на кантроль сталічнай творчай групай. І самае галоўнае, што адзначылі пісьменнікі і журналісты, прыемна сустракацца з публікай, якая неабыякава ставіцца да роднага слова і літаратуры, шануе сваю гісторыю. Сяргей Лазоўскі Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей