У жывёлагадоўлі ўсе прафесіі важныя, але тэхнік-асемянатар — на асаблівым рахунку. Па сутнасці, гэта выток, аснова жывёлагадоўчай галіны. У тых гаспадарках, дзе ёсць кваліфікаваныя, адданыя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, як правіла, на высокім узроўні пастаўлена праца па ўзнаўленні статка. Там заўсёды ёсць паспяховыя расцёлы, высокая захаванасць маладняку, ёсць малако і мяса, а ў канчатковым выніку, і высокі ўзровень эканомікі гаспадаркі, яе дабрабыту.
[caption id="attachment_38265" align="aligncenter" width="570"]
Марына Бельская[/caption]
Сучасная ферма — не проста памяшканне, дзе кароў утрымліваюць, кормяць і дояць, а складаная ў тэхналагічных адносінах своеасаблівая малочная фабрыка з раздзяленнем вытворчага працэсу на аперацыі вузкай спецыялізацыі. Роля даяркі тут спрасцілася. Ёй ужо не трэба думаць, разумная тэхніка сама ўлічвае ўсе нюансы, неабходна толькі скрупулёзна кіраваць тэхналагічным комплексам. Затое значна вырасла роля тэхніка-асемянатара, урача-гінеколага і, вядома ж, кіраўніка прадпрыемства.
Безумоўна, прафесія тэхніка-асемянатара — гэта зусім не такая банальная і простая, як гэта ўяўляюць сабе людзі. У кароткія тэрміны яе засвоіць немагчыма. Тут патрабуюцца спецыфічныя навыкі і веды, акрамя таго, неабходна вельмі любіць жывёлу, клапаціцца пра яе, весці за ёй штодзённыя назіранні, а таксама планаваць сваю работу (па кожнай карове) на некалькі месяцаў наперад. Менавіта ад эфектыўнай працы гэтага спецыяліста напрамую залежыць падтрыманне каровы ў “рабочым стане” (калі яна дае шмат малака).
Усе гэтыя словы як нельга лепш характарызуюць адносіны да работы тэхніка па штучным асемяненні жывёлы Марыны Бельскай. Жанчына ўжо дваццаць гадоў працуе на ферме ў ААТ “Ціміразеўскі”. Хаця па адукацыі яна бухгалтар — пасля заканчэння школы на роднай Стаўбцоўшчыне паступіла ў Навапольскі сельгастэхнікум, аднак па спецыяльнасці амаль не працавала. Хутка выйшла замуж, нарадзіліся дзеці (зараз іх у сям’і трое), а таму больш зручнай ёй падалася праца на ферме, тым больш, што і муж шчыраваў там жа. Спачатку была даяркай, лабарантам, а затым атрымала прапанову паехаць павучыцца на курсы ў Сенніцу, дзе і атрымала спецыяльнасць тэхніка па штучным асемяненні жывёлы і птушкі. І вось ужо адзінаццаць гадоў займаецца гэтай справай на МТФ “Блеўчыцы”.
Як ахарактарызаваў спецыяліста заатэхнік райплемстанцыі Іван Баранаў, Марына Бельская — адзін з лепшых майстроў сваёй справы не толькі ў ААТ “Ціміразеўскі”, але і ў раёне. Гэта пацвярджаюць і паказчыкі яе працы — за 2013 год яна атрымала 84 цяляці на 100 кароў, а на 100 кароў і цялушак гэты паказчык узрастае да 90 цялят. Да таго ж Марына Антонаўна — пастаянны ўдзельнік раённага конкурсу тэхнікаў-асемянатараў, які штогод праходзіць на Капыльшчыне (сёлета заняла трэцяе месца).
“Стабільных вынікаў цяжка дабіцца без сумеснай працы ўсіх зоаветспецыялістаў гаспадаркі, — лічыць Марына Бельская. — Мы, можна сказаць, не проста выконваем кожны сваю справу, але стараемся дапаўняць адзін аднаго. Заўсёды гатовы даць слушную параду і дапамагчы пры ўзнікненні нейкай праблемы і работнікі раённых зоаветэрынарных службаў”.
Нельга дабіцца высокай лічбы па выхадзе цялят, калі каровы не прыходзяць у ахвоту. А гэта залежыць як ад здароўя жывёлы, заякім сочыць ветурач, так і ад рацыёну яе кармлення, магчымасці гуляць на свежым паветры, каб карова не пакутавала на гіпадынамію. А кантраляваць гэта ўжо прафесійныя абавязкі заатэхніка. “Я ведаю, што ад маёй стараннасці і кампетэнтнасці залежыць не толькі мая заработная плата, але і дабрабыт іншых людзей і гаспадаркі ўвогуле, — гаворыць Марына Антонаўна. — І гэта адчуванне не дае самазаспакойвацца. Стараюся ўвесь час павышаць свой прафесійны ўзровень: нешта чытаць, слухаць выступленні спецыялістаў, якіх запрашаюць у наш раён, раіцца з больш вопытнымі калегамі”.
А такіх у раёне нямала. Як расказаў Іван Баранаў, высокія паказчыкі заўсёды маюць тэхнікі-асемянатары Зоя Сяргей з РСУП “Бабоўня”, якая стала пераможцай сёлетняга раённага конкурсу, Аксана Жогаль з ААТ “Піянер-Агра”, Наталля Чарнова з ААТ “Семежава” і іншыя.
Каб заахвоціць тэхнікаў-асемянатараў да больш рэзультатыўнай работы, упраўленнем райсельгасхарчу былі распрацаваны рэкамендацыі па аплаце працы за правядзенне штучнага асемянення кароў, якія, паводле слоў Уладзіміра Мікалаевіча, прыняты ў пераважнай большасці гаспадарак Капыльшчыны. Хочацца спадзявацца, што гэты крок значна павысіць прэстыж тэхнікаў-асемянатараў у гаспадарцы і іх зацікаўленасць у выніках сваёй працы. І гэта важна, паколькі ад іх шмат у чым залежыць стабільнасць усёй жывёлагадоўчай галіны, і ў прыватнасці малочнай вытворчасці. Бо менавіта эфектыўная работа малочнай жывёлагадоўлі дазваляе гаспадаркам атрымліваць стабільную выручку на працягу ўсяго каляндарнага года.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии