Уладзімір Іванавіч Майсейчык не ўзначальвае гаспадарку, якая некалі насіла назву “Авангард”, ужо больш за 16 гадоў, але аднавяскоўцы і зараз называюць яго – “наш старшыня”. Тады, у 1998 годзе, жонка параіла яму: “Парабіў, трэба і меру ведаць”. А да таго часу Уладзімір Іванавіч добрасумленна працаваў у сельскай гаспадарцы.
[caption id="attachment_38129" align="aligncenter" width="500"]
Уладзімір Майсейчык[/caption]
Каб стаць тым, кім на працягу працоўнага шляху з’яўляўся Майсейчык, прыйшлося прайсці сапраўдную школу жыцця. Свой шлях у працоўную дзейнасць Уладзімір пачаў пасля заканчэння з адзнакай (сярэбраным медалём) Сіняўскай СШ Клецкага раёна. Справа ў тым, што паступіць, куды хацелася, — а марыў хлопец пра самалёты — не атрымалася. І на працягу года ён працаваў на мэблевай фабрыцы. Навыкі работы з дрэвам, якія ён атрымаў у той час, спатрэбіліся потым, кааб упрыгожыць уласны дом.
Час вучобы ў Беларускім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі Уладзімір Іванавіч успамінае як час свабоды і… ляноты. Але менавіта ў гэты час ён спрабаваў сябе і ў адным з няпростых відаў спорту — цяжкай атлетыцы, а дакладней — падыманні штангі. Дзеля гэтага былі і задаткі, і здольнасці: высокі рост, постаць волата і настойлівы характар. Аднак спорт застаўся ўбаку, і жыццёвыя хвалі панеслі юнака на сельскагаспадарчы прастор. Калі быць дакладным, у саўгас “Янкавічы” Расонскага раёна. Пасля двухгадовай працы, падчас якой Уладзімір паспеў ажаніцца і нават стаць бацькам, яму прапанавалі на выбар працу ў Стаўбцоўскім, Нясвіжскім або Капыльскім раёне. Так Уладзімір Майсейчык трапіў на Капыльшчыну. На працягу 11 год ён працаваў галоўным інжынерам калгаса “1 Мая”. За гэты час яму не аднойчы прапаноўвалі пасаду старшыні ў якой-небудзь гаспадарцы, але было не да гэтага: хацелася трохі падгадаваць дзяцей ды і здароўе пачало даваць збоі.
Свой першыордэн “Знак Пашаны” Уладзімір Іванавіч атрымаў у 1976 годзе. Узнагароду ўручаў Герой Сацыялістычнай Працы Сухій Мікалай Андрэевіч. Як вынік далейшай плённай добрасумленнай працы — атрыманыя ў 1976, 1977, 1979 гадах знакі “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”.
Майсейчык працаваў старанна, калі трэба, адстойваў свой погляд, нягледзячы на пасады апанентаў. Адным з іх быў першы сакратар райкамапартыі Катко Джан Рыгоравіч. Аднак паміж спрачальнікамі існавалі ўзаемапавага і ўзаемаразуменне. Аднойчы, калі Уладзімір Іванавіч вырашыў змяніць месца працы, Катко яму адказаў:
— Я, канешне, не супраць, ідзі працаваць на прадпрыемства, але што я адчую, калі буду ўручаць табе ордэн?
Так Майсейчык даведаўся аб тым, што хутка атрымае яшчэ адну ўзнагароду. Гэта быў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Прыемная падзея адбылася ў красавіку 1982 года. І ўжо праз год Уладзімір Іванавіч усё ж такі ўзначаліў калгас “Авангард”. У той час гэта была вялікая гаспадарка: у адной толькі брыгадзе ў Комсічах каля кожнага са 102 канёў працавала па чатыры чалавекі. Даяркі (уручную!) даілі па 16 кароў кожная. Таму і працаваць было складана, але цікава. Зараз Уладзімір Іванавіч упэўнены, што зямлі патрэбен гаспадар. Таму і на пенсіі спакойна сядзець не можа: працуе на браткаўскай зямлі, якая ўжо стала роднай, у самім жа створанай сялянскай фермерскай гаспадарцы “Сонечная ніва”. А яшчэ, упэўнены Уладзімір Іванавіч, было б добра, кааб сельгасвытворцы самі, як у перыяд станаўлення калгасаў, выбіралі сабе кіраўніка. Гэта таксама дало б добры вынік для развіцця сельскай гаспадаркі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фотааўтара
Комментарии