Насельніцтва Капыля спакон веку славілася рознымі рамёствамі.Таму сёння мы пагаворым менавіта пра рамеснікаў і арцелі нашага горада.
З самага пачатку
У сувязі з тым, што 27 жніўня 1652 г. Капыль атрымаў Магдэбургскае права, пячатку, герб з выявай паляўнічага рога на залатым полі, ён атрымаў таксама і права на правядзенне кірмашоў і штотыднёвых таргоў. У XVI стагоддзі ў Капылі былі развіты ткацтва, выраб аксамітных і лайкавых тавараў, у ім налічвалася 6 рамесных цэхаў, якія мелі ўласныя статуты. Таксама цэхі былі ўраўнаваны ў правах з цэхамі ў іншых гарадах. Гэтыя прывілеі потым двойчы пацвярджаліся: у другой палове XVII і ў пачатку XVIII стст., прычым асобна адзначаліся правы ткацкай, шапачнай і іншай вытворчасцей, дзякуючы чаму Капыль славіўся менавіта гэтымі рамёствамі.
Гонар капыльскіх рамеснікаў
Адзначым, што і ўзровень майстэрства рамеснікаў беларускіх гарадоў быў даволі высокі, асабліва тых, хто працаваў на патрэбы магнацкага двара і войска, навакольнай шляхты. З’яўляліся рамесныя спецыяльнасці такога ж тыпу, што і ў гарадах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. Звычайна рамеснікі беларускіх гарадоў абслугоўвалі свой раён (да 50 км), таму выразнай спецыялізацыі рамяства ўнутры дзяржавы не было. Аднак у некаторых выпадках такая спецыялізацыя назіралася. Напрыклад, Капыль славіўся сваімі вырабамі адзення і ткацтвам. Галоўным заняткам мяшчан былі рамёствы. Але ў інвентары 1744 года ўзгадваюцца толькі шаўцы і ткачы на вуліцы Лаговая (зараз – Замкавая). Менавіта ткацтва здаўна было важкай часткай эканомікі Капыля. Пляцы для выбельвання палатна знаходзіліся каля ракі Мажа (1540 м2), а другі – на вуліцы Пясочная (Жылуновіча) на беразе ракі Каменкі.
У 1750 годзе гэтымі відамі рамяства займалася 192 чалавекі (78,7% усіх рамеснікаў горада), а металаапрацоўкай – толькі 7 рамеснікаў.
Наогул прамысловасць Капыля XVII-XVIII стагоддзяў складвалася з 2 млыноў, “фабрыкі”, у якую ўваходзілі сталярня і кавальская майстэрня, дзвюх цагельняў і магеля – вытворчасці, што завяршала выраб тканін. Знаходзіўся магель на рынку ў гаспадарчай частцы карчмы. Гэты самы магель быў своеасаблівай славутасцю: яго пабудавалі менавіта ў Капылі, а не прывезлі адкуль-небудзь. Дададзім, што магель у Капылі – пакуль адзінае вядомае ў Беларусі таго часу прадпрыемства, дзе выконвалася завяршальная аперацыя тэкстыльнай вытворчасці – прасаванне (маглаванне).
У 1833 годзе ў сувязі з барацьбой і скаргамі капылян улады былі вымушаны прызнаць жыхароў Капыля асабіста вольнымі, аднак без зямельных надзелаў. Гараджане самавольна захоплівалі землі і адмаўляліся плаціць за іх, да сялянскай рэформы 1861 года бесперапынна вялі няроўную барацьбу за зямлю і волю. У 1897 годзе ў Капылі было ўжо 4464 жыхары, піваварны завод, 2 млыны.
Вось так і жылі!
Цікавымі аб жыцці капылян у сярэдзіне ХІХ стагоддзя з’яўляюцца ўспаміны пісьменніка і публіцыста А. Паперны: “Ремесленников разного рода было слишком много, и многие из них, не находя работы в городе, уходили в деревни, где работали на крестьян и шляхтичей. Ввиду недостаточности доходов от землепашества мещане в зимнее время занимались тканьем холста и тонких белых покрывал, употреблявшихся в то время еврейскими женщинами как часть головного убора. Работали они по заказам местных еврейских торговцев, которые давали им нужный для этой работы сырой материал, платили еженедельно за исполненный труд и в обработанном виде продавали этот товар на ярмарке в Зельве. Копыльский холст, а в особенности копыльские покрывала, пользовались большою славою на литовском рынке.
Все разнородные функции управления сосредоточивались в руках станового пристава, или, как его величали, асессора, пана Здроевского, самодержавно властвовавшего в течение нескольких десятков лет. Я говорю: “самодержавно”, потому что другого начальства в Копыле не было, а при заброшенности Копыля, при запущенности дорог, ведших к нему, никакому исправнику, а тем паче губернатору в голову не могла прийти мысль заглянуть туда. К достоинствам Здроевского надо отнести и то, что он не стеснял обывателей по части городского благоустройства и гигиены, предоставляя это частной инициативе, действию времени и Промыслу Божию. Дома поэтому строились где и как кому хотелось. Скотобойня находилась в центре базарной площади”.
У 1909 годзе Цішка Гартны пісаў, што “бяднейшая частка жыдоў – усе рамеснікі (іх у пяць разоў больш, чым багатых); гэта будуць: шаўцы, краўцы, кавалі, бондары. Хаты іх драўляныя, з малымі вокнамі – цякуць і ў зямлю ўраслі”.
У пачатку ХХ стагоддзя таксама было найбольш распаўсюджана ткацтва, аднак гэтыя вырабы каштавалі на рынку вельмі танна. Не шмат заробкаў давалі і гарбарства, бондарства, кравецкая справа. У адным з нумароў “Нашай нівы” аўтар сведчыць: “У нашым мястэчку ў рабочых-бондараў (а іх больш за 40 чалавек) і шаўцоў ад Вялікадня цягнецца ліхое безрабоцце”.
На хвалі часу і перамен
Савецкі час унёс змены ў жыццё рамеснікаў. У 1924 годзе Капыль становіцца цэнтрам раёна. У 1926 годзе тут 4000 жыхароў, сыраварны і цагляны заводы, швейная і ганчарная арцелі, якія выконваюць як разавыя, часовыя (сезонныя), так і пастаянныя віды работ. Па характары работ арцелі былі сельскагаспадарчыя, прамысловыя, гандлёвыя, будаўнічыя, біржавыя, творчыя і іншыя.
Адначасова з калектывізацыяй вёскі пайшоў працэс “кааперыравання дробных таваравытворцаў”, таму невялічкія арцелі аб’ядноўваліся ў больш буйныя. Цікава, што ў 1938 г. у капыльскім клубе прамысловых арцеляў праводзіўся міжарцельны шашачны турнір. Самаму старому ўдзельніку – Гільчыку – было 60 год. Перамогу атрымаў бухгалтар шавецкай арцелі “Праўда” – Бляхер. ІІ месца заняў член арцелі “Бытрамонт” Голуб Алесь.
Як удакладняе дырэктар краязнаўчага музея Валянціна Шуракова, у ХХ стагоддзі на тэрыторыі нашага горада дзейнічалі арцелі: “Красный торфяник”, “Красный Октябрь” – ганчарная, “Красный воин” – інвалідаў, “Трудовик” – мнагапрофільная, нешта накшталт сучаснага КБА, “Праўда” – шавецкая. Таксама існавалі арцелі па вырабе каўбас і ліманаду. Дарэчы, ганчарная арцель знаходзілася на месцы сучаснага фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Таму менавіта навокал Замкавай гары і зараз знаходзяць шмат абломкаў керамікі розных эпох, як штрыхаванай, так і прадукцыі ганчарнай арцелі часоў НЭПу. У кожнай арцелі быў свой Статут. А 2 кастрычніка 1953 года адбылося аб’яднанне прамарцелей у камбінат “Новый путь”, драўляны будынак якога знаходзіўся на месцы сучаснай гасцініцы.
[caption id="attachment_38105" align="aligncenter" width="570"]

Пасля аб’яднання прамарцелей, 1953 г.[/caption]
Асобна трэба сказаць пра арцель, дзе выраблялі помнікі. І не проста помнікі: гэта былі высечаныя з аднаго кавалка каменю так званыя “дубкі”. Майстэрня захавалася і зараз. Там, як і раней, робяць помнікі ад КБА. Але гэта ўжо не “дубкі”…
Імёны ў гісторыі
Час захаваў імёны некаторых працаўнікоў: Быліновіч Аляксандр Рыгоравіч (28.08.1876 г.), шавец-сталяр арцелі інвалідаў у Капылі. Быў арыштаваны 22.04.1938 года і асуджаны. Яшчэ аднаго з працаўнікоў арцелі шаўцоў звалі Невах Басінкевіч, ён нарадзіўся ў 1903 годзе. Жонка — Міхля. Загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Неверагодна, але былы граф Пласкавіцкі Аляксандр Паўлавіч (1903-1944 гг.) таксама працаваў у арцелі. Пасля мірнага дагавору ад 18 сакавіка 1921 г. мяжа паміж Савецкай Расіяй і Польшчай прайшла побач з Капылём, які дастаўся Краіне Саветаў. А землі былога маёнтка Пласковічы (зараз Клецкі раён) адышлі да Польшчы. Пласкавіцкаму даводзілася хаваць сваё паходжанне. У графа засталіся толькі яго працавітыя рукі. Аляксандр Паўлавіч запісаўся ў арцель і стаў рамеснікам. А прасцей кажучы, шаўцом. 27 ліпеня 1944 г. ён загінуў пры фарсіраванні Віслы (www.plas.by).
На тэрыторыі нашага раёна арцелі захоўваліся да 60-х гадоў ХХ стагоддзя.
Старонку падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА.
Фота з архіваў Капыльскага раённага краязнаўчага музея
Комментарии