У святочным мерапрыемстве, прысвечаным ушанаванню заслужаных работнікаў аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці, якое прайшло ўчора ў г. Маладзечна, прынялі ўдзел і прадстаўнікі Капыльшчыны. Сярод 15 самых шаноўных ветэранаў галіны і тры былыя аператары машыннага даення кароў з ААТ ”Суворава-Агра” — Ніна РыгораўнаЖук, Ганна Мікалаеўна Храмцэвіч, Валянціна Васільеўна Дашукевіч.
[caption id="attachment_38078" align="aligncenter" width="570"]

Ніна Рыгораўна Жук, Ганна Мікалаеўна Храмцэвіч, Валянціна Васільеўна Дашукевіч[/caption]
Па жыцці — разам
Што аб’ядноўвае гэтых жанчын — добрых суседак, былых калег і сябровак — акрамя месца жыхарства і працы? Перш за ўсё — адданасць справе, якой яны прысвяцілі ўсё сваё свядомае жыццё, імкненне выконваць яе як мага лепш і не спыняцца на дасягнутым. Прыйшлі на МТФ “Труханавічы” яны прыкладна ў адзін час — з розніцай у 2-3 гады. Працоўны стаж толькі на малочнатаварнай ферме ў кожнай — прыкладна чатыры дзясяткі гадоў. І шчыравалі яны не ў шыкоўных даільных залах з сучасным абсталяваннем, механізаванай раздачай кармоў і гноевыдаленнем, а ў прыземістых кароўніках, дзе ўмовы працы былі вельмі далёкія ад ідэальных. Сваё сяброўства жанчыны пранеслі праз усё жыццё. Як і раней збіраюцца разам, каб абмеркаваць падзеі дня сённяшняга.
Пятнаццацігадовая свінарка
Пятнаццацігадовай дзяўчынкай прыйшла ў сельскую гаспадарку Ганна Мікалаеўна Храмцэвіч. Бацька загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а невялікіх заробкаў маці, якая працавала ў паляводчай брыгадзе, не хапала, каб накарміць, адзець і абуць двух дзяцей. А яшчэ падаткі ў дзяржаву плаціць трэба…
Ганна скончыла толькі шэсць класаў і, хаця вучылася нядрэнна, вырашыла пакінуць школу і пайсці на свой хлеб. Дзяўчыну ўзялі на свінаферму, якая знаходзілася ў яе роднай вёсцы Карачоўшчына. Спачатку даручылі даглядаць 100 свіней, убачылі, што спраўляецца — дабавілі яшчэ столькі ж, пасля яшчэ і яшчэ…
Маладая свінарка аказалася вельмі спрытнай да работы, усё ў яе руках проста гарэла. “Мне парылі на адкорм 300 кілаграмаў бульбы, — успамінае Ганна Мікалаеўна, — і яе трэба было ўсю рукамі пасекчы. А потым вёдрамі на каромысле перанесці ў кармушкі. А яшчэ вады нанасіць. І так тры разы на дзень. Клеткі пачысціць, каб парадак у свінарніку быў. Прыбяжыш дамоў пасля ранішняй раздачы, а там маці ўжо печ выпаліла. Схопіш што-небудзь на зуб — і на ляжанку грэцца. А хутка зноў на ферму… І так дзень за днём аж 11 гадоў”.
У 1966 годзе Ганна ўзяла абавязацельства адкарміць у сваёй групе 1000 галоў свіней, у выніку аказалася — 1018 пры сярэдняй вазе 100 кг. За гэта яна была ўдастоена вышэйшай узнагароды Савецкага Саюза — ордэна Леніна.
Жыццё не стаіць на месцы, хутка адбыліся змены і ў асабістым лёсе Ганны — у 1967 годзе яна выйшла замуж і пераехала ў Труханавічы. Менавіта з таго часу пачаўся адлік яе працы ў малочнай жывёлагадоўлі, аж да выхаду на пенсію і яшчэ 12 гадоў пасля гэтага дня, хаця ўжо мела права знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Муж быў брыгадзірам паляводчай брыгады, пасля ўзначаліў малочнатаварную ферму. У сям’і выраслі два сыны і дачка, ёсць і ўнукі. Цяпер, на жаль, Яўген Якаўлевіч моцна хварэе — практычна тры гады не ўстае з ложка. Таму ўсе хатнія клопаты леглі на плечы Ганны Мікалаеўны.
Маладосць прайшла на ферме
Можна сказаць, што на ферме прайшла маладосць і Ніны Рыгораўны Жук, працоўны стаж якой складае 42 гады. Ураджэнка вёскі Труханавічы скончыла сем класаў мясцовай школы і, як большасць яе аднакласніц, пайшла працаваць у калгас. Спачатку на палявых, дапамагала маці на цялятніку, затым у 1964 годзе ёй прапанавалі ўзяць групу кароў. Працавала вельмі старанна, і гэта не засталося незаўважаным. У Ніны Рыгораўны шмат грамат, падзяк, ёсць і ўрадавыя ўзнагароды, самая дарагая з якіх — ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, які яна атрымала ў 1977 годзе.
Тут жа сустрэла сваё асабістае шчасце — будучы муж Яўген таксама працаваў на ферме — слесарам. Пажаніліся, у іх нарадзіліся трое дзяцей. Жылі вельмі дружна, у вялікай павазе адзін да аднаго. Аднак гора не абышло бокам гэтую дружную сям’ю: у 2000 годзе муж моцна захварэў, страціў зрок, а тры гады таму яго не стала. Аднак любую маці і бабулю не забываюць дзеці і ўнукі, тэлефонныя званкі — штодня, а ў вольную хвіліну імкнуцца наведацца ў бацькоў- скую хату.
Без выхадных і водпускаў
І для Валянціны Васільеўны Дашукевіч ферма стала нібы другім домам. Як і яе таварышкі, трапіла яна сюды ў зусім маладым узросце. За яе плячыма была васьмігодка і тры месяцы вучобы на даму ў мясцовай вопытнай швачкі. Аднак на прапанову кіраўніцтва калгаса прыняць групу кароў дала згоду. Было гэта 14 чэрвеня 1966 года. З таго дня яе жыццё было непарыўна звязана з фермай. “Я б і сёння яшчэ можа рабіла, — усміхаецца Валянціна Васільеўна. — Зараз жа намнога лягчэй, чым мы пачыналі. Але сямейныя абставіны склаліся так, што трэба даглядаць цяжка хворага мужа”.
Жанчыны расказвалі, як ім даводзілася даіць кароў рукамі: спачатку ў групе было 14, затым і 21 галава. Узгадвалі, з якой цяжкасцю прывыкалі да даільных апаратаў: ім здавалася, што лепш, чым рукамі, карову не выдаіш. Як начамі дзяжурылі ля рагуль, якія вось-вось павінны былі расцяліцца, асабліва ля першацёлак. Успомнілі, як часта пасля ранішняй дойкі спяшаліся не дамоў, а на нормы: трэба было і буракі палоць, а ўвосень убіраць, і лён рваць, біць, слаць… А потым ізноў на кароўнік — кароўкі ж чакаюць… Не ведалі, што такое выхадныя, водпускі (нават па доглядзе дзіцяці). Дарэчы, у сям’і Аляксандра і Валянціны Дашукевічаў нарадзіліся і выраслі шасцёра дзяцей, з якіх тры сыны і дачка таксама звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. Старанная праца даяркі таксама не засталася незаўважанай. І як доказ гэтаму — аўтамабіль “Волга”, які быў уручаны Валянціне Васільеўне на рэспубліканскім свяце-кірмашы “Дажынкі-2001”.
“Мы вельмі рады, што пра нас не забываюць ні ў роднай гаспадарцы, ні ў раёне, вось і на такое вялікае свята запрасілі. Прыемна адчуваць сябе патрэбным людзям”, — сказалі на развітанне жанчыны.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии