Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

31

Фама Антонавіч Бельскі: Настаўнік настаўнікаў

05.11.2010
[caption id="attachment_3166" align="alignleft" width="198" caption="Фама Антонавіч Бельскі"][/caption] Мінулае стагоддзе дало цэлую плеяду вучоных-педагогаў. Яны ўнеслі вялікі ўклад у выхаванне падрастаючага пакалення. Сярод іх пачэснае месца займае наш зямляк, педагог, прафесар  Фама Антонавіч Бельскі, 120-годдзе якога мы адзначалі сёлета  напрыканцы кастрычніка.

Нарадзіўся будучы вучоны-педагог у 1890 годзе ў мястэчку Цімкавічы. Яго сям’я была шматдзетнай, зведала шмат гора і нястачы: спачатку ад невядомай інфекцыі адразу памерла трое дзетак, пазней з чатырох засталося толькі трое — Сіма, Фама і Яўгенія (яшчэ адзін брат Міша памёр). Затым народзіцца Іван, сын якога Алесь не толькі працягне справу жыцця свайго дзядзькі Фамы, але і стане вядомым пісьменнікам.

Згодна з радаводам, Бельскія лічыліся шляхцічамі, нездарма дзед Фамы быў выпускніком Віленскага ўніверсітэта. Сільвестр, ці Сямён Бельскі, з’яўляўся Ганаровым грамадзянінам Расійскай імперыі, а такіх ушанаваных людзей на Беларусі было не так і многа. Бацька хлопчыка, Антон Сільвестравіч, таксама быў адукаваным чалавекам, умела вёў сельскую гаспадарку, займаўся гандлем, і да яго часта прыязджалі купцы з Вільні і Варшавы. Ён быў цудоўным майстрам ткацтва, ткаў на станку шэдэўры мастацтва. Асабліва прыцягвалі вока ўзорыстыя ручнікі. Такому мастаку сёння цаны не было б. Але ліхалецці і пажары загубілі створанае хараство.

Маці Фамы, Варвара Фамінічна, была спраўнай гаспадыняй. Вучыла дзяцей добрым манерам. Асабліва старалася ва ўсім дапамагчы сыну. Спачатку вучыла чытаць па буквары, а потым хлопца аддалі вучыцца ў Цімкавіцкае гарадское вучылішча. Тут працавалі драматычныя гурткі, у якіх Фама актыўна ўдзельнічаў, добра ўмеў дэкламаваць вершы. Як і кожная маці, Варвара Фамінічна жадала сыну дабра і марыла, што той у будучым закончыць універсітэт. Але на долю яе любімца выпалі выпрабаванні. Фама цяжка захварэў. Цімкавіцкі фельчар прарочыў яму хуткую смерць. Але Варвара Фамінічна не здалася, запрэгла каня ў воз і з трыма дзеткамі трапіла аж у Жыровіцкі манастыр. Памалілася перад іконай Божай Маці, зрабіла ахвяраванні святыні. Цяжка сказаць, ці менавіта гэта дапамагло, але Фама акрыяў. Праз год ён стаў слухачом Слуцкай гімназіі. Вучыўся “на выдатна” і таму ўтрымліваўся за кошт казны. Дарэчы, і маці дапамагала сыну. Калі юнак прыязджаў на канікулы, вельмі любіў чытаць кнігі з хатняй бібліятэкі, а праз літаратуру захапляўся гісторыяй мястэчка і навакольных мясцін. Наведваў касцёл святога Міхаіла (згарэў у 1985 годзе — І. І.), пазнаёміўся з мастаком Францішкам Бруздовічам, які распісваў у той час інтэр’ер храма. Мастацтва выдатнага майстра заварожвала юнака, пашырыла яго асабістыя творчыя гарызонты.

У 1930 годзе Фама Антонавіч заканчвае на срэбраны медаль Слуцкую гімназію і, дзякуючы прэстыжнай прывілеі, паступае ў Кіеўскі ўніверсітэт, які заканчвае таксама паспяхова. З дыпломам І ступені і правам выбару месца працы ўладкоўваецца ў Златапальскую гімназію.

Пачнецца Першая сусветная вайна, і выкладчык гімназіі апынецца ў акопах. Пра смерць самага блізкага чалавека — маці — даведаецца толькі тады, калі грымне рэвалюцыя. Марыць наведаць Цімкавічы, але шляхі да роднага дому перакрыты.

У 1920 годзе Фама Антонавіч чытае лекцыі па педагогіцы аж у трох інстытутах — у Наваміградзе, Златапалі і Данецку. Таленавіты педагог быў усюды запатрабаваны. “Яго нават запрашалі выкладаць педагогіку і псіхалогію за мяжу, дзе навучаліся ўкраінскія і рускія студэнты, — расказвала пляменніца Фамы Антонавіча кандыдат медыцынскіх навук Тамара Пракопаўна Яцэль. — Але затым чамусьці па-слалі іншага выкладчыка”.

Нейкі час Фаме Антонавічу шанцавала як у рабоце, так і ў навуцы. У 1925 годзе ён стаў прафесарам педагогікі. Давялося ў 30-я гады папрацаваць у Данецкім і Херсонскім інстытутах народнай адукацыі. Ён карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод калег, быў прыхільнікам элітарнай адукацыі, і сапраўды яго выпускнікі станавіліся высакакласнымі спецыялістамі. Можа, таму гэтыя педагогі ажыццявілі задумы Бельскага і аднавілі гімназіі як форму навучання. Фама Антонавіч шмат зрабіў даследаванняў у педагогіцы і псіхалогіі. Ва ўмовах таталітарызму новыя метады і знаходкі ў педагагічнай дзейнасці расцэньваліся як варожыя. А хіба ж без такіх наватараў наша навука дасягнула б сённяшніх вышынь!

Як успамінала Тамара Яцэль, дзядзька на вучоным савеце раскрытыкаваў метад політэхнізацыі і прапанаваў свой, больш канструктыўны, які ў сённяшніх умовах вельмі эфектыўны. За гэтае іншадумства яму пагражала пакаранне. Жонка вучонага Кацярына Міхайлаўна, якая была выкладчыкам гэтага ж інстытута, можна сказаць, выратавала мужа. Яна забрала з аддзела кадраў працоўныя кніжкі (сваю і Фамы Антонавіча), і сям’я хуценька пераехала ў Краснадарскі педуніверсітэт. Там Бельскі ўзначаліў кафедру педагогікі і псіхалогіі. Пазней дарогі прывялі вучонага ў родную Беларусь, дзе ён займаў такую ж пасаду ў Магілёўскім педінстытуце. Тут гонар слухаць лекцыі вядомага земляка выпаў былому дырэктару Вялікараёўскай дзесяцігодкі У. Д. Зянько, які ўспамінаў: “Фама Антонавіч вучыў нас да кожнага вучня мець асобы падыход, заўважаць не толькі недахопы, але і добрыя якасці і развіваць іх”.

Вялікая Айчынная вайна і лёс закінуць сям’ю Бельскага ў Бухару, дзе вучоны ўзначаліць кафедру педінстытута, пазней, пасля заканчэння вайны, яму давядзецца папрацаваць і ў Ленінградзе.

У 1951 годзе памерла любая жонка, і Фама Антонавіч пераязджае да сястры ў Кіеў. Там ён будзе чытаць лекцыі ў інстытуце фізкультуры. Прафесар Бельскі быў адным з пачынальнікаў вывучэння края-знаўства ва Украіне. Ён спрычыніўся да стварэння на Луганшчыне цэнтраў па даследаванні гісторыка-культурных і прыродных багаццяў краю. Чытаў даклады навуковым супрацоўнікам музеяў. У сваіх артыкулах Фама Антонавіч сцвярджаў, што без ведання гісторыі і культурнай спадчыны нельга выхаваць сапраўдную асобу.

Прафесар Бельскі — аўтар шматлікіх даследаванняў. Яго навуковыя працы прысвечаны праблемам метадалогіі і гісторыі педагогікі, праблемам кіравання школай, стварэння школ для адораных дзяцей, пытанням арганізацыі вучэбнага працэсу ў сярэдняй школе і ВНУ, распрацоўцы крытэрыяў ацэнкі ведаў навучэнцаў, маральнаму выхаванню вучняў старэйшага школьнага ўзросту, павышэнню кваліфікацыі кадраў і інш. Важным можна назваць і даследаванне навуковай спадчыны аднаго з аўтарытэтаў педагогікі К. Д. Ушынскага, дзе Бельскі прааналізаваў яго стыль і метады работы.

Набыткі сённяшняй педагогікі былі б намнога бяднейшымі без творчай нівы аднаго з яе рупліўцаў — Фамы Антонавіча Бельскага. Ён быў узнагароджаны медалём “За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гг.”

У Кіеве, на Байкавых могілках, у засені клёнаў даўно спачывае Фама Антонавіч Бельскі. А як яму хацелася ў родныя Цімкавічы, бо перад смерцю пытаў у брата Івана, ці ходзіць туды цягнік. Ходзіць! Але Фама Бельскі туды ўжо не прыедзе.

На Капыльшчыне помняць пра свайго знакамітага земляка. Напярэдадні яго 120-гадовага юбілею ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Анатоля Астрэйкі была зроблена падборка матэрыялаў пра жыццёвы шлях і навуковую творчасць Фамы Антонавіча, якія, дарэчы, даслаў яго пляменнік доктар філалагічных навук, прафесар Алесь Іванавіч Бельскі.

Іван ІГНАТЧЫК


admin_222 Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей