Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Школьный музей

30.11.2014
Музей імя І. С. Трацэўскага дзяржаўнай установы адукацыі “Слабадакучынская сярэдняя школа”, які сёлета адзначае 30-гадовыюбілей, служыць справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Ідэя стварэння музея ў школе ўзнікла яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў. Вучні і настаўнікі, мясцовыя жыхары пачалі збіраць экспанаты для музея гісторыка-краязнаўчага напрамку. Святочную стужку на адкрыцці перарэзалі Аляксандр Кандыбовіч – былы сакратар Капыльскага падпольнага райкама ЛКСМБ і Марыя Арцюшэўская – сакратар парткама саўгаса “Крыніца”. Гэта быў першы музей, створаны ва ўстанове адукацыі Капыльскага раёна.  З 1984 года музей размя-шчаўся ў асобным будынку і межаваўся са школьнай сталоўкай. Значны ўклад у стварэнне музея ўнёс настаўнік гісторыі Рыгор Несцерчык, які зараз жыве ў в. Лешня. Гэта ён правёў першую экскурсію. Афармленнем экспазіцый займаліся Аляксандр Канавальчык – самабытны мастак,  Мікалай Іваноў – дырэктар Слабада-Кучынскай СШ. Прадоўжыла пошукавую дзейнасць Валянціна Кандыбовіч (цяпер дырэктар школы), якая адной з першых на Капыльшчыне стварыла летапіс школы. Пасля будаўніцтва новай школы (люты 1994) музей перанеслі ў невялічкі пакойчык плошчай у 12 кв. м, а затым у прасторнае памяшканне плошчай 48 кв. м. Экспазіцыя і архіўныя матэрыялы адлюстроўваюць гісторыю в. Слабада-Кучынка з 1707 года. Асабліва выдатна даследаваны перыяд Вялікай Айчыннай вайны. На аснове здымкаў, звестак  паказана гісторыя развіцця адукацыі з 1907 года, пачатак калектывізацыі з 1930 года, дзейнасць камсамольскай арганізацыі з 1924 года. Умузеі захоўваюцца звыш 500 унікальных экспанатаў. Сярод іх камсамольскі білет дэсантніка Шэйна У. Л., удзельніка Сталінградскай бітвы і бітвы за Каўказ. Асабістыя дакументы і рэчы Арцюшэўскай М. І. – сакратара парткама (узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга), Змачынскага В. Ю. – ветэрана вайны, які пад Будапештам у лютым 1945 года абясшкодзіў 210 мін і быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”. Значнай каштоўнасцю з’яўляецца ікона Божай Маці, вытканая членам Саюза мастакоў Расіі Марынай Дубовік (Понтус), выпускніцай школы 1980 года. Марына Уладзіміраўна зрабіла гэты падарунак на 100-годдзе школы. У 2005 годзе, напярэдадні 60-годдзя Перамогі, музею прысвоена імя былога дырэктара школы Трацэўскага І. С. Іван Сцяпанавіч – выпускнік школы 1937 года, прайшоў усю вайну з першага да апошняга дня: абарона Масквы, Курская бітва, вызваленне Украіны, Чэхаславакіі. Перамогу сустрэў у Вене. Сімвалічна, што ён быў паранены 1 верасня 1941 года. І ў той дзень даў сабе клятву: “Выжыву – стану настаўнікам!”. Побач на стэндзе – здымак яго жонкі Любецкай Л. І., якая ўдастоена ганаровых званняў “Выдатнік народнай асветы”, “Заслужаны настаўнік БССР”. Яе імя  ўнесена ў Беларускую энцыклапедыю. Стэнд “Адам Бабарэка – крытык, празаік, паэт” паказвае гісторыю жыцця знакамітага песняра Бацькаўшчыны, які стаяў ля вытокаў беларускай крытычнай думкі, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. У 1999 годзе на 100-годдзе паэта музей наведала яго дачка, Алеся Бабарэка, і дэлегацыя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Кожны год музей наведваюць сотні людзей. Сярод іх былі члены саюза пісьменнікаў краіны Алесь Марціновіч, Леаніда Падвойская, Ганна Кашуба; намеснік старшыні рэспубліканскага савета ГА “Беларускі саюз афіцэраў” Васіль Скрыннікаў; артыст тэатра і кіно Барыс Гергалаў; вядучы праграмы “Падарожжа дылетанта” Юрый Жыгімонт. Былі госці з Расіі, Украіны і ЗША. У музеі дзейнічае клуб “Патрыёты Радзімы”. Вельмі любяць музей, умеюць цікава расказваць юныя экскурсаводы Яна Коршук, Ульяна Кунцэвіч, Крысціна Францкевіч, Таццяна Русаковіч і Вольга Міхайлоўская. Назіраючы далейшы жыццёвы шлях школьных экскурсаводаў, можна з упэўненасцю сказаць, што яны цвёрда крочаць па жыцці. Напрыклад, Юрый Трыгубовіч – вучоны лясной гаспадаркі, Наталля Коршук – структурны дырэктар кампаніі “Фаберлік”, Алеся Козіч – магістр філалагічных навук, Кацярына Баркоўская – будучы псіхолаг. Студэнты ВНУ праходзяць практыку ў школьным музеі, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю: Вікторыя Трыгубовіч – магістрант БДУ, Юрый Зялёны – стыпендыят Прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі, Алеся Дубовік – студэнтка педуніверсітэта. Двойчы ў музеі праводзіліся здымкі тэлеканалам СТБ, запісы рэспубліканскім радыё. Выдатна давалі інтэрв’ю Вікторыя Коршук (піша вершы), Наталля Леус. Дарэчы, Наталля праводзіць экскурсіі на англійскай мове. Супрацоўнічае школьны музей з рэдакцыяй раённай газеты “Слава працы”, рэспубліканскім часопісам “Бібліятэчны свет”, на старонках якіх друкуюцца артыкулы на аснове краязнаўчага матэрыялу. У верасні 2012 года на базе музея створаны рэгіянальны рэсурсны цэнтр вуснагістарычных даследаванняў. Стварэнне цэнтра (атрымана неабходнае абсталяванне) адбылося дзякуючы партнёрству з ДУА “Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі” і Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.Задачамі цэнтра з’яўляецца стварэнне і захаванне гукавых запісаў, якія дакументуюць гісторыю і культуру рэгіёна, пошук сведкаў падзей і збор успамінаў з дапамогай вуснагістарычных даследаванняў. Вусная гісторыя неабходна для асэнсавання, захавання і перадачы будучым пакаленням станоўчага вопыту, дапамагае прасачыць падзеі, асобныя лёсы, біяграфіі знакамітых землякоў, якія далі нам магчымасць жыць у міры і згодзе. Барыс Дзенісюк, кіраўнікмузея імя І. С. Трацэўскага,  член ГА “Беларускі саюз афіцэраў”

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей