— Работа інжынернай службы ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны знаходзіцца навысокім узроўні, — адзначае Аляксандр Кастрамічоў, які аддаў гэтай справе звыш чвэрці стагоддзя. — На месцах працуюць адукаваныя, адказныя спецыялісты. Ад іх у многім залежыць стан спраў у іншых галінах сельгасвытворчасці.
[caption id="attachment_38009" align="aligncenter" width="570"]
Аляксандр Кастрамічоў[/caption]
Якія ж шляхі-дарогі прывялі расійскага хлопца, ураджэнца г. Спас-Дземенск Калужскай вобласці, на беларускую зямлю? Пасля заканчэння школы, а потым прафесійна-тэхнічнага вучылішча пачынаў сваю працоўную дзейнасць буравым майстрам разведвальнай экспедыцыі ў Туркменістане, у ваеннай акрузе гэтай рэспублікі прайшоў вайсковую службу. Пасля звальнення ў запас па запрашэнні свайго дзядзькі ўладкаваўся токарам на завод БАТЭ ў г. Барысаве.
Была яшчэ адна мэта ў маладога чалавека — атрымаць вышэйшую адукацыю. У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя ён паступіў у Маскоўскі аўтамеханічны інстытут — адзіную ў часы СССР ВНУ, якая рыхтавала спецыялістаў ў гэтым напрамку.
Пасля заканчэння Аляксандр ізноў вярнуўся ў Беларусь. Інжынерам-электрамеханікам прыбыў на працу ў Капыльскую райсельгастэхніку, дзе потым займаў пасады інжынера-канструктара, энергетыка. У маі 1987 года перайшоў у раённае аграпрамысловае вытворчае аб’яднанне, дзе быў прызначаны на пасаду вядучага інжынера па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы. З пачатку 90-х Аляксандр Анатольевіч — галоўны інжынер па механізацыі ўпраўлення райсельгасхарчу, намеснік начальніка ўпраўлення па механізацыі, першы намеснік начальніка ўпраўлення. Да выхаду ў адстаўку займаў пасаду начальніка аддзела вытворча-тэхнічнага кантролю ва ўпраўленні райсельгасхарчу. Адным словам, усё жыццё звязана з механізацыяй.
Якраз на гэты час выпала маштабная работа па перааснашчэнні сельгаспрадпрыемстваў новай тэхнікай. Новыя камбайны, камбінаваныя пасяўныя агрэгаты і іншыя механізмы замянялі старыя. Аляксандр Анатольевіч — адзін з тых у раёне, каму давялося адказваць за выкананне Дзяржаўнай праграмы па тэхнічным перааснашчэнні сельгаспрадпрыемстваў. Шмат сіл давялося ўкласці і ў навядзенне належнага парадку на машынна-трактарных дварах, стварэнне бытавых умоў для механізатараў. Нездарма некаторыя сельгасарганізацыі Капыльшчыны неаднойчы выходзілі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і абласных аглядаў-конкурсаў на лепшую арганізацыю работы ў гэтым напрамку.
Сёлета Аляксандр Анатольевіч выйшаў у адстаўку, і ў яго адразу з’явілася больш вольнага часу. Таму ён не губляе ніводнай хвіліны і імкнецца правесці іх з карысцю. Адзін з любімых заняткаў — праца на прысядзібным участку, дзе вырошчваюцца вінаград, парэчкі, сёлета з’явіліся маладзенькія яблынькі. А яшчэ мужчына заядлы рыбак. Як ён лічыць, для гэтага хобі на Капыльшчыне дастаткова добрых вадаёмаў, на якія ён наведваецца са сваімі сынамі. Таксама А. А. Кастрамічоў любіць чытаць прэсу. Безумоўна, перавага аддаецца “Сельской газете”, не застаецца без увагі раённая “Слава працы”, чытае і беларускамоўную “Звязду”. Дарэчы, як прызнаўся Аляксандр Анатольевіч, нягледзячы на тое, што сам ён рускі, беларуская мова для яго таксама стала роднай. Хаця размаўляць на ёй не атрымліваецца, тым не менш разумее яе добра.
А гэтымі днямі Аляксандр Кастрамічоў адзначае свой юбілей. Мы перакананы, што віншаванні ў адрас гэтага паважанага чалавека гучаць ад упраўлення райсельгасхарчу, усёй інжынернай службы раёна, ды і не толькі. Пажаданні ўсіх даброт дасылае і рэдакцыя газеты “СП” і дзякуе за плённае супрацоўніцтва.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии