Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

52

Шляхамі гісторыі і сучаснасці

22.11.2014
Знаёмства з вёскай Наруці Цімкавіцкага сельсавета, у якой зараз засталося 10 чалавек даволі сталага ўзросту, пачалося на… бязмежных прасторах інтэрнэта. Менавіта там знайшоў сваё месца сайт, прысвечаны гэтай невялічкай вёсачцы. Стваральнік – Юрый Міхайлавіч Лук’янчык – зараз жыве ў далёкім Калінінградзе. Яго бацька Міхаіл Марцінавіч – адзін са шматлікіх Лук’янчыкаў, якія жылі і зараз жывуць у Наруцях. Маршрут першы. Гістарычны Вёска вядома з XVII ст., калі ўваходзіла ў Клецкае княства Навагрудскага павета і была ўласнасцю Радзівілаў. З канца XVIII ст. уваходзіла ўжо ў Слуцкі павет Мінскай губерніі. У 1800 годзе тут было 9 двароў, 56 жыхароў, шляхецкая ўласнасць. У сярэдзіне XIX ст. належала царкве. Па звестках 1897 года тут было 18 двароў, 137 жыхароў. У пачатку ХХ ст. – 20 двароў, 132 жыхары. У 1921 годзе адкрыта школа 1-й ступені. З 1924 года вёска ўвайшла ў Вялікараёўскі сельсавет Капыльскага раёна Слуцкай акругі. Насельніцтва – 22 двары, 122 жыхары. Былі ветраны млын і кузня. У пачатку 30-х гадоў створаны калгас “Бязбожнік”, а пазней вёска ўваходзіць у склад калгаса “Памяць Леніна”. Дарэчы, у 60-я гады тут пражывала 98 чалавек, у 1997-м – 30. З 2007 года — у складзе філіяла “Вялікая Раёўка” ААТ “Крыніца”. Цікавая і назва Наруці, у яе аснове — асабістае імя Наруць, якое азначае “на руцэ” (нарадзіўшыся). Дарэчы, на мясцовых могілках ёсць пахаванні людзей з такім прозвішчам. [caption id="attachment_37918" align="aligncenter" width="570"]Н. У. Навіцкая, М. А. Сінькевіч, Т. М. Сінькевіч Н. У. Навіцкая, М. А. Сінькевіч, Т. М. Сінькевіч[/caption] Маршрут другі. Подых успамінаў У пошуках мінулага і сучаснага мы завіталі да адзінага мужчыны, які застаўся ў вёсцы, Мікалая Сцяпанавіча Лук’янчыка, 1933 г. н. — У Наруцях жылі мае дзед Марцін і бацька Сцяпан, — расказвае суразмоўца. — Дарэчы, у дзеда быў млын. За гэта ў пачатку 30-х гадоў у яго адабралі хату, а самога арыштавалі. Усю сям’ю выгналі на вуліцу. Дзед не вытрымаў такога здзеку і на трэці дзень памёр. А сям’ю яго ў калгас так і не прынялі. Бацька мой, Лук’янчык Сцяпан Марцінавіч, нарадзіўся ў 1892 годзе. Маці Марыя Уладзіміраўна (Сінькевіч) была малодшая за бацьку на 11 гадоў. У жудасным 37-м па даносе аднаго знаёмага арыштавалі і бацьку за тое, што нібыта мае сувязь з палякамі. Дзевяць месяцаў ён прабыў пад следствам. Аднак тату пашанцавала: яго выратавалі ўспаміны жанчыны-дэпутата аб тым, як яна сама і яе сваякі хадзілі да Лук’янчыкаў “у заработкі”. Дзякуючы таму, што добра плацілі, яна выгадавала дзяцей. І так павярнулася, што следчы вырашыў закрыць бацькаву справу і распачаць справу на даносчыка-аднавяскоўца. Бацьку адпусцілі. Але адабраную хату і маёмасць не вярнулі. На работу ў калгас “Бязбожнік” тату больш не ўзялі, таму ён пайшоў працаваць у суседні калгас у Кукавічы. Сям’я ў нас была вялікая, акрамя мяне яшчэ тры браты: Віктар, Міхаіл, Уладзімір і сястра Ніна. Я хадзіў дапамагаць бацьку, калі, бывала, працавалі ў аднаасобнікаў, якія плацілі па 1-2 кошыку бульбы за дзень. Дзякуючы гэтаму і выжылі. Амаль адначасова з бацькам забралі і яго брата, Марціна Марцінавіча. Аднак ён дадому так і не вярнуўся… Нягледзячы на цяжкасці, у 30-я гады жылі цікава: ладзілі кірмашы, выстаўкі чаго лепшага, што выраблялі. Але ўсё скончылася адначасова з калектывізацыяй: многіх жыхароў тады раскулачылі. Памятае Мікалай Сцяпанавіч і ваенныя падзеі: — У першыя дні вайны ў вёску на матацыкле з устаноўленым кулямётам прыехалі два немцы-разведчыкі. Спыніліся пасярод вуліцы. Зайшлі ў нейкую хату, злазілі на гару, выйшлі, нешта паміж сабой пагыргаталі ды паехалі. А крыху пазней прайшла ваенная калона. Мы, малыя, пасля таго бегалі і з цікавасцю знаходзілі то пустую бляшанку, то яшчэ што-небудзь. Наруцёўцам пашанцавала: на працягу доўгага часу ворагі ў нас не стаялі. Толькі калі праводзілі якую-небудзь аперацыю, ачаплялі вёску. Падчас адной такой аперацыі сагналі і малых, і старых да калодзежа. З аднаго і другога боку паставілі кулямёты. Маладзейшыя пачалі ўцякаць у лес. Афіцэр праз перакладчыка спытаў, хто ўцякаў. Не прызнаешся — расстрэл. Выйшлі некалькі чалавек, з чыіх сем’яў былі тыя ўцекачы. Іх паставілі каля плота, побач — вартаўнікі. Потым кожнага вызывалі ў хату на допыт. Усіх палонных павялі ў лес. Думалі, больш не вернуцца. Але абышлося: нікога не расстралялі. Пашанцавала вёсцы і падчас баёў — ні разу не зачапіла: то недалёт снарада, то пералёт. У вайну калгаса не было: усім жыхарам вёскі раздалі жыўнасць: каму каня, каму карову. Аднак калі вайна скончылася, усю жывёлу зноў пазабіралі ў калгас. У цяжкі пасляваенны час працавалі за палачкі — так званыя працадні. У канцы года адна такая палачка “каштавала” 15-20 капеек. Але за цэлы год нялёгкай працы калгаснікі амаль нічога не атрымлівалі: калі падышоў час разліку, то замест грошай аддалі аблігацыі. Амаль на 7000 рублёў! А што яны, тыя аблігацыі? Пшык! Жылі бедна. Выратоўвала ўся тая ж лебяда ды парася, якое гадавалі. Але дзяржаве трэба было аддаць харчпадатак: 250 л малака, 44 кг мяса, 70 яек. А калі сям’я гэтага зрабіць не магла, забіралі ўсю больш-менш прывабную маёмасць, нават падушкі і коўдры. Да вайны я вучыўся ў школе, якая месцілася ў клубе. Але ў 41-м як пайшоў “на канікулы”, так і заставаўся ажно да самага 45-га! Пасля вайны вучыўся ўжо ў Вялікай Раёўцы. Потым была армія. Дарэчы, старэйшы брат загінуў ва Усходняй Прусіі ў 1944 годзе. Другі, Міхаіл, адразу пасля вайны пайшоў у армію, на флот, і, адслужыўшы 7 год, застаўся жыць у Калінінградзе. Ён быў матарыстам на караблі. Да брата я прыязджаў у госці ў Калінінград. Уладзімір жа стаў падпалкоўнікам у войсках сувязі. У сястры Ніны пасля перанесенага менінгіту з’явілася “падучая” хвароба ды доўга яна не пражыла.  Бацька памёр у 1969 годзе. Такая вось гісторыя сям’і… — Мікалай Сцяпанавіч задумаўся,  уздыхнуў і прадоўжыў расказ: — Але нягледзячы ні на што мы жылі весела! Раней выйдзем на вуліцу — халодныя-галодныя, але з песнямі. Не трэба было і артыстаў! Святы самыя вясёлыя — гэта фэсты на Ушэсце і Уздзвіжанне, Каляды. Нават і ў савецкія часы. Грошай ніякіх не было, але святкавалі заўсёды з агеньчыкам: ставілі сталы на ўсю вёску, ды кожны выносіў што мог. Нанімалі духавую музыку. Але фэсты забаранілі ў 60-я гады. Асабліва ж весела было на Пасху: фарбавалі яйкі, а потым спрабавалі, чыё мацнейшае, так званы мацак. Службы ў царкве спраўляў бацюшка з Салтанаўшчыны. А бацька мой быў доўгі час даглядчыкам у царкве. З жонкай сваёй, Вольгай Уладзіміраўнай, пазнаёміліся і ажаніліся ў 1960 годзе. Мы, маладыя хлопцы, прыходзілі з работы, садзіліся на веласіпеды і давай па кальцавой — Салтанаўшчына, Кудзінавічы — крыху перадахнём. Так і трапілі ў суседнюю вёску Лазавічы, дзе жыла Вольга. Пасля шлюбу я перавёз яе да сябе, у пабудаваную бацькам у 1945 годзе хату. Так і жывём ужо 64 гады, выгадавалі сына і дачку. Ёсць у хатняй гаспадарцы Лук’янчыкаў штук 70 курэй. А Мікалай Сцяпанавіч з гонарам паказвае адзінага на ўсю вёску каня Мальчыка ды з усмешкай — пушыстых трохкаляровых катоў. Дарэчы, дзякуючы харчоваму прагрэсу муркам ды васькам зусім не трэба паляваць на мышэй: гаспадары заўсёды пачастуюць кіцікэтам, які прывозіць аўталаўка. [caption id="attachment_37919" align="aligncenter" width="394"]Конь Мальчык і дзядуля Мікалай Конь Мальчык і дзядуля Мікалай[/caption] Маршрут трэці. Жыхары Жывуць мясцовыя бабулькі і дзядулька сціпла, радуюцца таму, што маюць. Калі становіцца дрэнна са здароўем, мясцовыя жыхары звяртаюцца ў Капыльскую ЦРБ: тэлефануюць на хуткую дапамогу. Калі трэба ў райцэнтр, ездзяць на аўтобусе, які ідзе па маршруце Капыль-Нясвіж. Але нязручна тое, што, прыехаўшы ў наш гарадок у 10.00, дамоў вяртаешся толькі ў 17.00, а з Кукавіч да Наруцёў ідзеш пешшу. Зручней ехаць у Нясвіж: дамоў трапіш у 15.00. Два разы на тыдзень прыязджае і паштовая машына, якая прывозіць газеты. Лук’янчыкі выпісваюць “Слава працы”, “Народный доктор” і “Друг пенсионера”. Афармляць падпіску дапамагаюць паштальёны. Пасля змены графіка работы аўтамагазін замест двух прызджае ўжо тры разы на тыдзень. Вельмі падабаецца наруцёўцам абслугоўванне прадаўца з аўталаўкі Вольгі Карпялені: і прывітаецца, і пагаворыць, і спытае, што ды як. Крыху далей на вуліцы (чуткі аб нашым прыездзе па вёсцы разнесліся хутка) чакала Ніна Уладзіміраўна Навіцкая, 1933 г. н. Усё жыццё прарабіла ў калгаснай брыгадзе, мае 45 год стажу. Але заработак быў малы: то 20, то 30 рублёў. І ўсё ж такі нягледзячы на цяжкасці жылося цікава, людзей было шмат. Пасля вайны вельмі гаравалі. “Памятаю, як мы разам з малодшай сястрой (яна цяпер у Калінінградзе) хадзілі ў Нясвіж па хлеб, — расказвае Ніна Уладзіміраўна. — Але не заўсёды ўдавалася яго купіць. Аднойчы знаёмая, якая працавала там на пошце, папрасіла занесці сваёй маме бохан. Нясём мы з сястрычкай гэты хлеб, а яна ўсё просіць: “Ніна, кавалачак адламі!”. А як жа я адламлю, калі гэта не мой хлеб! Так і прынеслі ды аддалі той жанчыне. І кажу ёй, што сястрычка ўсю дарогу прасіла хлеб. Жанчына адказвае: “Ай, дзеткі! Хай бы адламалі!” Пайшла ў хату ды адрэзала. Якія мы былі давольныя! А сучасныя дзеці, напрыклад, мае ўнукі?! Такія пераборлівыя да ежы! У Капыль не езджу, калі трэба ў бальніцу, то тэлефаную. Сацыяльнага работніка нам не трэба, самі спраўляемся”. Побач з бабуляй два сабачкі — Джэк і Міша. Аднаго ёй прывезла дачка з Нясвіжа: нехта выкінуў, а яна і забрала. Зараз яны – надзейныя вартаўнікі. У Марыі Антонаўны Сінькевіч (Лук’янчык), 1939 г. н., муж Віктар памёр 12 гадоў таму ад інсульту. Рабіла жанчына ў калгасе. Сын жыве ў Мінску, дачка ў Нясвіжы. Прыязджаюць нячаста, больш тэлефануюць. Аднойчы, калі падняўся ціск, суседзі вызвалі хуткую дапамогу. Доўга чакаць не прыйшлося, хутка прыехалі і дапамаглі. Асабліва Марыя Антонаўна (як і іншыя вяскоўцы) шкадуе, што “забралі радзіва. А новы прыёмнік? Дык хто ж яго правядзе? Так добра было, калі маглі паслухаць капыльскія навіны!” Таццяна Мікалаеўна Сінькевіч (1938 г. н.) усё жыццё працавала ў калгасе. Асаб- ліва яскрава памятае, як весела святкавалі 9 Мая. Канцэрт ладзіла Вялікараёўская школа. На могілках, каля брацкай магілы, збіраліся на мітынг ветэраны. А на свята вёскі на канцэрт хадзілі ўжо ў Кукавічы. “А зараз… — уздыхае жанчына. — Сяло вымерла, людзей няма”. Маршрут чацвёрты. Дэпутацкі Валянціна МікалаеўнаПаніч (Лук’янчык), якая родам з Наруцёў, з’яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Нават пасля таго, як выйшла замуж, доўгі час жыла ў роднай вёсцы. Таму і мясцовых жыхароў, і іх праблемы ведае добра. Зараз працуе бухгалтарам у філіяле “Вялікая Раёўка”. Забрала да сябе ў Вялікую Раёўку і маці, Зінаіду Арцёмаўну Лук’янчык. Але вельмі часта ўспамінае і тыя ж святкаванні 9 Мая, і фэсты, і сажалку, на якой летам хаваліся ад спякоты. “А калі суседзі калолі кабанчыка, — дадае Валянціна Мікалаеўна, — абавязкова частавалі адзін аднаго. Неяк больш душэўным было жыццё раней. А сваім бабулькам-дзядулькам заўсёды стараюся дапамагчы”. Доказ — у расказе Надзеі Аляксандраўны Лук’янчык, 1939 г. н.: “У мяне тут нядаўна бяда здарылася: перастаў гарэць ліхтар, які стаіць насупраць хаты. А я пасля інсульту, таму так нязручна, калі няма святла: як устаю пасярод ночы, то нічога не бачу ў хаце. Звярнулася да нашага дэпутата Валянціны Паніч. Яна і дапамагла арганізаваць рамонтныя работы: прыехалі хлопцы і ўсё зрабілі. …А ў Наруці я трапіла пасля таго, як у 1960 годзе выйшла замуж. Мужык мой, Лук’янчык Дзмітрый Міхайлавіч, ужо даўно памёр. Ён працаваў на трактары ў калгасе. Сыны, а іх трое, прыязджаюць кожны дзень: жывуць яны недалёка: адзін у Раёўцы, двое ў Нясвіжы. (Аўт.І праўда, каля зусім па-восеньску жоўценькага доміка стаіць трактар.А праз нейкі час спынілася і іншамарка). За дзяцей дзякуй Богу! А выхаваць іх сумленнымі і клапатлівымі дапамагла праца. Толькі праца! “Слава працы” выпісваю пастаянна. Усё падабаецца чытаць. Раней у нас весела было, многа дзяцей па вёсцы бегала. Жывёлу трымалі ўсе. А зараз маладыя рабіць не хочуць. Хочуць мець усё і адразу”. Маршрут пяты. Амаль ваенны  Каля вёскі захаваліся тры так званыя доты: адзін пасярод поля, астатнія два на могілках. Дарэчы, загад аб пачатку работ па ўзвядзенні Слуцкага ўмацаванага раёна быў дадзены дырэктывай ад 25 чэрвеня 1938 года, а само будаўніцтва пачалося ў 1939 годзе. Ён узводзіўся, каб прыкрыць прамежак, які існаваў паміж Мінскім і Мазырскім умацраёнамі. Акрамя таго, умацраён павінен быў служыць зыходнай мяжой для наступу савецкіх войскаў у напрамку Стоўбцаў і Баранавіч або забяспечыць іх манёўр на Асіповічы, Слуцк у фланг і тыл праціўніку ў выпадку яго наступлення на Мінск ці Мазыр. Намячалася пабудаваць шэсць вузлоў абароны трох розных тыпаў. Будаўнікі жылі па хатах наруцёўцаў. Мікалай Сцяпанавіч Лук’янчык памятае, як у іх невялікай хатцы жыло ажно пяць чалавек. Добрыя былі людзі, гулялі з дзецьмі. У жніўні 1939 года вырашана было ўзмацніць умацраён васьмю пазіцыямі для артылерыйскіх батарэй. Галоўная паласа абароны працягласцю да 60 кіламетраў праходзіла па лініі Вялікая Раёўка-Цімкавічы-Семежава. Але пабудаваныя ўмацраёны восенню 1939 года былі закансерваваны. Маршрут шосты. Векапомны Вельмі цікава паблукаць па мясцовых могілках, дзе засталіся пахаванні ХІХ стагоддзя. Як напамін аб былым бурлівым жыцці —  рэшткі царквы. Яна была пабудавана ў 1806 годзе на сродкі прыхаджан як уніяцкая, у гонар Узвіжання Часнога і Жыватворнага Крыжа. Калісьці царква ўяўляла сабой прамавугольны будынак з бутавага каменя з абтынкаванымі абрамленнямі дзвярных і аконных праёмаў. Куты будынка былі ўпрыгожаны стылізаванымі рустамі, выкананымі таксама ў тынкоўцы. Храм перакрываўся двухсхільным гонтавым дахам з вальмы над апсіднай часткай, пад якой знаходзіцца ўваход у склеп-пахавальню. Сёння Крыжаўзвіжанская царква, помнік архітэктуры класіцызму, на жаль, знаходзіцца ў руінах. На рымска-каталіцкай частцы могілак захаваўся комплекс з сямі 4-метровых чыгунных крыжоў, устаноўленых над магіламі мясцовых памешчыкаў у пачатку ХХ ст. Аднак надпіс захаваўся толькі на адным з іх, ды і то не цалкам - «Ганна ... ROZOLINOWA, + 1905». Вялікая Айчынная таксама пакінула свой след: у ліпені 1944 года тут быў пахаваны 31 чырвонаармеец. Як сведчыць кніга “Памяць. Капыльскі раён”, усе яны памерлі ад ран, атрыманых падчас правядзення наступальных баёў на Баранавіцкім напрамку. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей