Пасля заканчэння Капыльскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Сяргей Папкоў застаўся працаваць у роднай гаспадарцы — ААТ “Душава”.
Напачатку юнаку даверылі старэнькі трактар — трэба было прыгледзецца, чаго ён варты, што ўмее, упэўніцца, што і складаная энерганасычаная тэхніка яму па плячы. За дзесяць гадоў працы ў гаспадарцы малады механізатар памяняў не адзін трактар. Цяпер у яго — сучасны, “Беларус-2522”.
“З Сяргея атрымаўся добры спецыяліст”, — канстатуе Аляксандр Кажура, які выконвае абавязкі кіраўніка гаспадаркі. — Яму можна даверыць любы ўчастак работы і не хвалявацца, што ў яго нешта не атрымаецца. Таму і заслужыў, нягледзячы на свой малады ўзрост, павагу сваіх таварышаў”.
Магутны “Беларус”, за рулём якога наш герой, можна бачыць на розных палетках: і на ворыве, і на ўнясенні арганічных угнаенняў… Аднак самая, бадай, важная справа, якой ён займаецца, — гэта сяўба.
Праца трактарыста даволі напружаная: часта на мехдвор ідзе, калі яшчэ толькі світаць пачынае, і дадому на падвячорку вяртаецца. Таму вольнага часу няшмат, асабліва падчас сезонных работ. Але ёсць занятак, для якога Сяргей стараецца выкраіць гадзіну-другую. Гэта футбол. У вольную часіну ён разам з таварышамі ахвотна ганяе мяч, а таксама ўдзельнічае ў баталіях, якія разгортваюцца паміж дзвюма мясцовымі камандамі аматараў гэтага надзвычай папулярнага віду спорту.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии