За вокнамі кватэры вадзіцеля ААТ “Скабін” Уладзіміра Зяневіча, якая знаходзіцца на чацвёртым паверсе дома па вуліцы Багдановіча райцэнтра, растуць бярозкі. Уладзімір Антонавіч пасадзіў іх сам, калі 31 год таму з сям’ёй святкаваў наваселле.
[caption id="attachment_37892" align="aligncenter" width="500"]
Уладзімір Зяневіч[/caption]
Уся працоўная дзейнасць Уладзіміра Зяневіча, а гэта ні многа, ні мала 44 гады, звязана толькі з адной названай гаспадаркай. Так склаўся лёс, што пасля заканчэння з адзнакай Слуцкага ПТВ адразу пайшоў працаваць. Застацца на малой радзіме вырашыў пасля мудрых слоў маці: “Не ідзі, сынок, нікуды: на адным месцы і камень абрастае”. Пачынаў трактарыстам, потым перасеў на ГАЗ-51, наякім перавозіў малако. Аб прынятым рашэнні не шкадаваў ніколі, нават у няпростыя для сельскай гаспадаркі часы.
На працягу апошніх двух гадоў Уладзімір Антонавіч развозіць на мікрааўтобусе “Газель” працаўнікоў гаспадаркі, а падчас пасяўной і ўборачнай — абеды. На маршруце, які пралягае праз Кель, Астравок, Капыль, Мазалі, ужо знаёма кожнае дрэўца, кожны паварот і каменьчык.
З юнацтва марыў Уладзімір Зяневіч аб моцнай сям’і і ўласнай кватэры. Марыў — і здзейсніў. Са сваёй жонкай, былой настаўніцай замежнай мовы СШ №3 г. Капыля Верай Міхайлаўнай, разам ужо на працягу 46 гадоў. Выгадавалі дачку і сына. Каб пражыць такі немалы час, па меркаванні Уладзіміра Антонавіча, патрэбны ўзаемаразуменне і павага. Да ненармаванага графіка работы, калі працаваць прыходзіцца без выхадных, з цямна да цямна, жонка ставіцца асэнсавана.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии