Падрыхтоўка да свята вёскі ў Навасёлках пачалася задоўга да назначанага дня. Было прыемна назіраць, як руплівыя навасёлкаўцы завіхаліся каля сваіх падворкаў, наво-дзячы парадак. Хто ладзіў ці фарбаваў агароджу, хто падкошваў газон, а хто завіхаўся каля кветнікаў.
У прызначаны дзень з самай раніцы на пляцоўцы каля будынка мясцовага дома культуры вяскоўцы старанна ўпрыгожвалі тэрыторыю, ладзілі выставу з самымі рознымі прысмакамі, прыгатаванымі сваімі рукамі, прымацоўвалі шыльды.
А дванаццатай гадзіне пачалі збірацца вяскоўцы і госці. Дзетвара ездзіла на машынках, гарэзліва каталася з горак, скакала на батутах, ласавалася салодкай ватай. Іграла вясёлая музыка. Побач з музычнай пляцоўкай працавала “зялёная аптэка”, у якой былі выстаўлены самыя разнастайныя лекі, настоеныя на травах.
Кожны прысутны мог набыць сабе на кірмашы прысмакі, у аптэцы — лекі. У хуткім часе пад’ехала прыгожа прыбраная брычка, на якой маглі пакатацца ўсе прысутныя: як дзеці, так і дарослыя.
Каля гадзіны дня пачалася святочная музычная праграма. З віншавальнымі словамі выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, якая пажадала вяскоўцам моцнага здароўя, дабрабыту, дастатку ў доме. Старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава таксама павіншавала ўсіх прысутных са святам і выказала падзяку жыхарам вёскі за ўдзел у навядзенні парадку на грамадзянскіх могілках. Начальнік вытворчага ўчастка Аляксандр Салодкі ў сваім выступленні падзякаваў працаўнікам сельскагаспадарчага прадпрыемства “Капыльскае” за іх сумленную працу. З віншавальнымі словамі ў адрас вяскоўцаў выступіла намеснік дырэктара ААТ “Капыльскае” па ідэалагічнай рабоце Галіна Пашко.
Святочная праграма складзена так, што адзначаны былі людзі самых розных прафесій і ўзростаў. Не абышлося без падарункаў. Пры падвядзенні вы-нікаў аб’яўленага конкурсу на лепшы падворак былі ўручаны падарункі гаспадарам дзвюх сядзіб. Сярод людзей старэйшага ўзросту лепшай названа сядзіба Наталлі і Леаніда Шкуцькаў. Сярод моладзі — сядзіба Жанны і Івана Дудараў. Памятныя сувеніры былі таксама ўручаны залатым і сярэбраным юбілярам сумеснага жыцця. Імі аказаліся сем’і Уладзіміра і Ніны Клыгаў, Аляксандра і Таццяны Чаюкоў. А вось самай старэйшай жыхаркай вёскі Навасёлкі стала Марыя Рыгораўна Лобан, якой у гэтым годзе споўнілася 96 гадоў. Кожнае віншаванне суправаджалася добрай песняй у выкананні самадзейных артыстаў Навасёлкаўскага дома культуры.
Больш за тры гадзіны на адным дыханні працягвалася свята. За гэты час распагодзілася, выглянула сонейка. Настрой быў выдатны, і ніхто не хацеў ісці дадому, тым больш, што ўсіх гасцей запрасілі на танцавальную праграму.
Алена ОСТРЫКАВА,
старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама
Комментарии