Франтавымі дарогамі праз усю вайну ішоў Пётр Малевіч да Вялікай Перамогі, якую сустрэў у Берліне, ля Брандэнбургскіх варот. І сёння, нягледзячы на паважаны ўзрост (заўтра наш герой будзе адзначаць свой 95-гадовы юбілей), Пётр Пятровіч яскрава памятае падзеі тых жудасных часоў.
[caption id="attachment_37815" align="aligncenter" width="500"]
П. П. Малевіч[/caption]
Ён памятае таксама таварышаў, з якімі плячо ў плячо змагаўся з ненавісным ворагам; радасць ад сустрэчы з землякамі, калі ў пачатку ліпеня 1944 года на чале танкавай калоны вызваляў родны Капыль і па вуліцы Пралетарскай даехаў да самага свайго дома. Тут жа, у родным мястэчку, камандаванне брыгады ўручыла байцу ордэн Чырвонай Зоркі за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры вызваленні Слуцка. Пазней былі другі ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Айчыннай вайны І ступені і ордэн Славы ІІІ ступені, медалі “За адвагу”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, шматлікія юбілейныя ўзнагароды.
А пачынаў вайсковую службу юнак (яшчэ ў перадваенныя часы) у якасці выхаванца ваеннага аркестра, затым скончыў школу малодшых авіяцыйных спецыялістаў у г. Армавір. Першы бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі Малевіч у складзе стралковага батальёна прыняў у Харкаве. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе. Вызваляў многія населеныя пункты Беларусі: Гомель, Старыя Дарогі, Слуцк, мястэчка Гарадок…
Пасля вайны служыў у райваенкамаце загадчыкам зброевага склада, актыўна ўдзельнічаў у прафсаюзнай рабоце, патрыятычным выхаванні моладзі. Быў перадавіком вытворчасці Капыльскага РКБА, шавецкіх спраў майстрам. Многія капыляне ведаюць Малевіча і як таленавітага музыканта — іграў на трубе ў аркестры пры мясцовым Доме культуры. На заслужаны адпачынак пайшоў з завода гуматэхнічных вырабаў.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Сяргея Лазоўскага
Комментарии