Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

57

Состоялся пресс-тур по Вилейскому району

11.11.2014
Як мы ўжо паведамлялі, у Вілейскім раёне адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, якой папярэднічала наведванне прадстаўнікамі друкаваных і электронных СМІ некаторых аб’ектаў Вілейшчыны. Першым з іх стаў Дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Надзея-ХХІ стагоддзе”. Журналістаў гасцінна сустракаў дырэктар установы Вячаслаў Макушынскі. Як адзначыў Вячаслаў Рыгоравіч, стварэнне і функцыянаванне дзіцячага цэнтра стала магчымым дзякуючы актыўнаму ўдзелу многіх ініцыятыў і асобных людзей Беларусі, Германіі, Японіі і іншых краін свету, якія ўсведамляюць сваю адказнасць на наш сумесны сённяшні дзень і будучыню. “Надзея” — гэта ўстанова санаторна-курортнага тыпу круглагадовага дзеяння, створаная з мэтай санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дзяцей і падлеткаў, якія пацярпелі ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і пастаянна пражываюць на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі, а таксама іншых катэгорый дзяцей. Установа размешчана ў экалагічна чыстым месцы — наводдаль ад аўтатрас і буйных населеных пунктаў, на беразе Вілейскага вадасховішча. [caption id="attachment_37791" align="aligncenter" width="570"]У дзіцячым цэнтры “Надзея” У дзіцячым цэнтры «Надзея»[/caption] На працягу 20 гадоў (такі час функцыянуе ўстанова) тут прайшлі аздараўленне амаль 70 тысяч дзяцей. Цэнтр актыўна займаецца стварэннем безбар’ернага асяроддзя, каб прымаць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ў суправаджэнні бацькоў. У “Надзеі” ёсць сучасная медыцынская база, тут актыўна рэалізуюцца медыцынскія, педагагічныя і псіхалагічныя метады для таго, каб выкарыстоўваць усе рэсурсы дзіцяці ў фарміраванні ўласнага здароўя. Ва ўстанове створаны ўнікальныя гульнёвыя комплексы і пляцоўкі, натуральна ўпісаныя ў прыродны ландшафт, якія дазваляюць хлопчыкам і дзяўчынкам развіваць свае здольнасці і пазнаваць сваё цела праз рух і пачуцці. З улікам актуальнасці энергетычных і экалагічных праблем важнейшым прынцыпам стварэння дзіцячага цэнтра “Надзея” з’яўляецца арганізацыя яго жыццядзейнасці ў адпаведнасці з крытэрыямі ўстойлівага развіцця. Таму энергазберажэнню, выкарыстанню нетрадыцыйных і аднаўляемых энергетычных рэсурсаў тут надаецца асаблівая ўвага. Напрыклад, на даху адной з гаспадарчых пабудоў устаноўлены самы магутны ў Беларусі вакуумны сонечны калектар. Толькі за месяц яго працы (май 2014 г.) атрымана 6,3 Гкал цеплавой энергіі. Адначасова цэнтр рэалізуе шэраг адукацыйных праектаў, таксама тут адкрылі філіял Ільянскай сярэдняй школы, каб не перапыняць навучальны працэс. Далей журналісты накіраваліся на аб’ект прыдарожнага сэрвісу “Украінскі дворык”, які быў адкрыты два гады таму. Тут ёсць кафэ, міні-гасцініца на 15 чалавек. Як распавяла дырэктар Людміла Шушкевіч, аб’ект карыстаецца папулярнасцю. У перспектыве плануецца пабудаваць яшчэ адну залу і стварыць міні-заапарк. Кафэ размясцілася ў маляўнічым месцы на беразе Вілейскага вадасховішча на 102-м км дарогі Мінск-Мядзел-Нарач. Побач — вёска Сосенка і аграгарадок Ілля. [caption id="attachment_37790" align="aligncenter" width="570"]«Украінскі дворык» «Украінскі дворык»[/caption] У вялікім меню, якое прапаноўваецца наведвальнікам, больш за 20 відаў разнастайных  салатаў, 40 найменняў гарачых страў, агароднінныя і мясныя нарэзкі, стравы з рыбы і не толькі. Нельга не ацаніць смак баршчу і варэнікаў з рознымі начыннямі, а аматараў салодкага радуе водар свежых булачак з яблычным павідлам. Па-хатняму сытная і смачная ежа ў кафэ задаволіць густ нават самага патрабавальнага госця. Уражвае і інтэр’ер, які цалкам адпавядае назве кафэ — “Украінскі дворык”. Трэцім аб’ектам стаў мемарыяльны комплекс памяці Першай сусветнай вайны “Крокi” ў вёсцы Заброддзе. Аўтар мемарыяла, член Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Барыс Цітовіч правёў для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі пазнавальную экскурсію. Вельмі ўразіла ўдзельнікаў паездкі па Вілейскім краі і наведванне адкрытага акцыянернага таварыства “Буддэталі”. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Сяргей Жук, яго гісторыя пачалася ў далёкім 1906 годзе, калі на сённяшняй тэрыторыі прадпрыемства з’явілася паравая лесапілка. У 1939 годзе завод быў нацыяналізаваны і не адзін раз мяняў сваю ведамасную падпарадкаванасць. У 60-я гады мінулага стагоддзя канчаткова сфарміраваўся яго профіль як завода, што дзейнічае ў галіне дрэваапрацоўкі. ААТ “Буддэталі” створана ў 1994 годзе на базе дзяржаўнага прадпрыемства “Вілейскі завод будаўнічых дэталей”. [caption id="attachment_37789" align="aligncenter" width="570"]Інтэрв’ю дае дырэктар ААТ «Буддэталі»  С. Жук Інтэрв’ю дае дырэктар ААТ «Буддэталі» С. Жук[/caption] Асноўны від дзейнасці ААТ — вытворчасць   высакаякасных дзвярных блокаў рознай канструкцыі, а таксама іншай прадукцыі з драўніны сасны. Усе мадэлі міжпакаёвых дзвярэй маюць вытанчаны дызайн і высокую якасць выканання. Дзякуючы найноўшым тэхналогіям мадэльны рад прадукцыі вельмі шырокі — ад класічных да сучасных мадэлей. З верасня 2011 года ААТ “Буддэталі” выйшла на рынак пад гандлёвай маркай “VILARIO”. На працягу шэрагу гадоў кампанія з’яўляецца адным з найбуйнейшых экспарцёраў у раёне. Дарэчы, за восем месяцаў гэтага года рост экспарту склаў амаль 43% і ў 4 разы перавышае імпарт. Прадукцыя пастаўляецца ў Расійскую Федэрацыю (23,2%), іншыя краіны СНД (19%), на рынак далёкага замежжа (амаль 3%), рэалізуецца ў Рэспубліцы Беларусь (45%). Напрыканцы сустрэчы журналісты наведалі Вілейскую мэблевую фабрыку, якая з’ўляецца філіялам ЗАТ “Маладзечнамэбля”. Паводле слоў яе дырэктара Мікалая Піскунова, вілейская мэбля і якасная, і сучасная. Таму што вытворцы змаглі захаваць старадаўнія традыцыі мэблевых майстроў. Асноўная з гэтых традыцый — выкарыстанне масіва дрэва. У асноўным, дуба і бярозы. На фабрыцы з’явіўся новы цэх. У яго будаўніцтва прадпрыемства змагло інвеставаць 36 мільярдаў рублёў. Сродкі немалыя, але атрымалася менавіта так, як і планавалася. Асартымент прадукцыі пастаянна абнаўляецца — вырабляецца звыш 350 відаў і мадыфікацый мэблі. Асноўны рынак збыту — Расія. Своеасаблівым падвядзеннем вынікаў убачанага стаў расказ старшыні Вілейскага райвыканкама Віктара Ката, які падрабязна, без прыхарошвання распавёў журналістам аб раёне, спыніўшыся на рабоце прамысловых і сельгаспрадпрыемстваў, суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, сацыяльна-эканамічных паказчыках, праблемах і дасягненнях. За дзевяць месяцаў бягучага года, адзначыў старшыня райвыканкама, арганізацыямі раёна выраблена прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах на 488,7 млрд рублёў, што складае 103,7% да ўзроўню мінулага года. За студзень-верасень арганізацыямі і прадпрыемствамі адгружана прамысловай прадукцыі на 431 млрд рублёў, што на 5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Інавацыйнай прадукцыі адгружана на 15 млрд, што складае 3,6% да агульнага аб’ёму адгружанай прадукцыі. Аднак вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў раёне склала ўсяго толькі 93,2% да аналагічнага перыяду 2013 года. І гэта сведчыць пра пэўныя праблемы ў галіне, над якімі трэба працаваць. Ёсць рост сярэдняй заработнай платы, якая сёння ў раёне складае 4 690 000 рублёў; вядзецца работа па падборы кадраў; прымаюцца розныя меры для замацавання маладых спецыялістаў — пра гэта таксама гаварылася на сустрэчы. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей