Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

74

И снова «минус»: сельхозфилиал «Рудное» снизил производство молока

08.11.2014
Сітуацыя з вытворчасцю жывёлагадоўчай прадукцыі ў сельгасфіліяле “Руднае” выклікае занепакоенасць ва ўпраўленні райсельгасхарчу. Па выніках работы за 9 месяцаў гаспадарка “мінусуе” па некаторых пазіцыях. Праблема бярэ свой пачатак у мінулым, калі два філіялы — “Руднае” і “Браткава” — існавалі паасобку. Напрыклад, надой ад адной каровы ў СГФ “Руднае” ў 2010 годзе складаў 4733 кг, зніжэнне адбывалася і ў 2011 годзе — 4252 кг, і ў 2012 — 4139 кг. Падобная сітуацыя заўважана і ў СГФ “Браткава”: калі ў 2010 годзе надой складаў 3793 кг, то ў 2012 — 3607 кг. У 2013 годзе (пасля аб’яднання) гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні 3627 кг. Ды і па выніках 9 месяцаў гэтага года ў аб’яднаным філіяле надаілі 2688 кг (на 101 кг менш, чым у папярэднім годзе). Такім чынам, падзенне вытворчасці малака ўвачавідкі, чаго нельга дапускаць, бо гэта штодзённае недаатрыманне сродкаў казной гаспадаркі. Дзе ж хаваюцца недапрацоўкі? Прааналізаваць сітуацыю мы папрасілі першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталя Ракевіча. Як патлумачыў Віталь Аляксандравіч, асноўная прычына ў тым, што ўпушчана ўзнаўленне статка. Так, за 9 месяцаў выхад цялят складае 52 галавы на 100 кароў — практычна палова статка не расцялілася. Адпаведна, ад ялавай каровы недаатрымліваецца малако. Яшчэ адно сур’ёзнае пытанне — недакормліванне жывёлы. Гаспадарка кожны год нарыхтоўвае недастаткова травяністых кармоў з-за высокага працэнта разворвання земляў і высокай шчыльнасці жывёлы. Напрыклад, сёлета тут нарыхтавана толькі 16,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву (гэта самы меншы паказчык у раёне), што таксама на 1,4 ц к. адз. менш, чым у 2013 годзе. Ёсць заўвагі і па рабоце з дойным статкам. Летась на МТФ “Руднае” быў уведзены новы даільна-малочны блок, на якім сёння атрымліваюць толькі 7,6 кг малака ад адной каровы — адзін з самых нізкіх паказчыкаў у раёне. Здаецца, ферма была запоўнена першацёлкамі, аднак малако недаатрымліваецца. Перад спецыялістамі пастаўлена задача раздзяліць увесь статак па прадукцыйнасці, фізіялагічным стане і карміць па адпаведных рацыёнах. Выклікае занепакоенасць і забеспячэнне гаспадаркі цялушкамі. У гэтым плане адчуваюцца ўпушчэнні браткаўскіх спецыялістаў, якія яшчэ ў 2011-2012 гадах рэзка скарацілі пагалоўе цялушак (да 86 галоў на 100 кароў). Цяпер жа ў сельгаспрадпрыемстве налічваецца 107 цялушак на 100 кароў, пры тым, што да аб’яднання ў “Рудным” заўсёды было не менш, чым 140 галоў цялушак на 100 кароў. На вырошчванні маладняку БРЖ перад СГФ “Руднае” стаіць задача атрымліваць сярэднясутачную прывагу 675 г, якая таксама не выконваецца. Як і ў папярэднія гады, гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні прыкладна 600 г. Ёсць у сельгаспрадпрыемстве і пэўныя праблемы з добраўпарадкаваннем тэрыторый. Нягледзячы на тое, што ўжо асенні час, некаторыя аб’екты яшчэ не абкошаны з лета (у прыватнасці, МТФ “Руднае”), а на МТФ “Заракаўцы” падчас нашага наведвання на выгульным двары адсутнічала салома, не быў выдалены гной і з памяшкання. Увогуле ж для выпраўлення неадназначнай сітуацыі робяцца некаторыя захады. З гэтай мэтай была праведзена сустрэча зоаветэрынарнай службы раёна са спецыялістамі гаспадаркі па прыняцці неабходных мер. У прыватнасці, узмоцнена работа па кантролі за каровамі, якія не прыходзяць у ахвоту, на лістапад адабрана на дадатковае асемяненне на 30 цялушак больш, чым запланавана, складаецца неабходны рацыён кармлення. І ўжо ёсць некаторыя зрухі ў лепшы бок. Калі меркаваць па апошніх даных, то валавая вытворчасць малака цяпер складае 112% да 2013 года, надой ад адной каровы павялічыўся апошнім часам на 700 г. Таму ёсць надзея, што сітуацыя сапраўды выправіцца. Сяргей КОЗЕЛ

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей