Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

42

Пресс-конференция с губернатором Минской области прошла в Вилейском районе

05.11.2014
Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця сталічнай вобласці былі ў цэнтры ўвагі журналістаў — удзельнікаў выязной прэс-канферэнцыі са старшынёй Мінаблвыканкама Сямёнам Барысавічам Шапірам. Мерапрыемства прайшло ў Вілейскім раёне. Журналістаў цікавілі праца прамысловых прадпрыемстваў і прадпрыемстваў АПК Міншчыны, працэсы рэфармавання праблемных гаспадарак, становішча спраў у будаўнічай галіне, стаўленне да праблемы дармаедства і эмбарга краін Еўрасаюза на пастаўкі сельгаспрадукцыі ў Расію і г. д. Кіраўнік вобласці пастараўся аргументавана адказаць на кожнае з іх. Лепшы вынік у краіне За студзень-верасень рост валавога рэгіянальнага прадукту Мінскай вобласці склаў 4,4%. Гэта лепшы вынік сярод рэгіёнаў рэспублікі, паведаміў Сямён Шапіра, адказваючы на пытанне газеты “Мінская праўда”. “Некаторыя аналітыкі зводзяць гэты вынік да паспяховай працы ААТ “Беларуськалій”. Гэта сапраўды так: прадпрыемства працуе на поўную магутнасць, у апошні час намецілася тэндэнцыя да павышэння цаны на рэалізаваную прадукцыю, — адзначыў Сямён Барысавіч. — Разам з тым у нас ёсць і іншыя гіганты, якія, на жаль, працуюць, можна сказаць, напаўсілы. Гэта тычыцца БелАЗа, ёсць вялікія праблемы ў рабоце прамысловасці Барысава, паколькі прадпрыемствы, размешчаныя там, галоўным чынам арыентаваны на аўтамабільны рынак Расійскай Федэрацыі, які сёння развіваецца вельмі дрэнна, і ў сувязі з гэтым ўпалі аб’ёмы вытворчасці аўтамабіляў. Таму распрацоўваюцца пэўныя меры па дыверсіфікацыі вытворчасці, па выпуску іншай прадукцыі, якая не будзе завязана на аднаго пакупніка. Перад Мінскай вобласцю стаіць задача выйсці па паказчыку росту ВРП як мінімум на 8-10%”. Гаворачы ў цэлым аб выкананні плана па сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2014 годзе, Сямён Шапіра паведаміў, што ў вобласці за дзевяць месяцаў гэтага года адзначаны рост асноўных прагнозных паказчыкаў. Разам з тым не дасягнуты намечаныя мэты па экспарце прадукцыі. Як растлумачыў кіраўнік цэнтральнага рэгіёну, для павелічэння аб’ёмаў паставак за мяжу распрацаваны спецыяльны план. Павялічыць экспарт плануецца ў першую чаргу за кошт паставак мясной і малочнай прадукцыі. “Мы ставім задачу перад мясакамбінатамі і малочнымі заводамі павялічыць колькасць змен, каб вырабляць і адпраўляць больш гатовых прадуктаў з высокім дабаўленым коштам у Расійскую Федэрацыю і, адпаведна, павялічыць даходы ад экспарту. Раней на рынак суседкі, як правіла, ішлі сыравіна, паўфабрыкаты”. Сельская галіна цікавіць інвестараў Што датычыцца ў цэлым развіцця сельскай гаспадаркі ў рэгіёне, то Сямён Шапіра адзначыў, што гэтай галіной у апошні час зацікавіліся многія інвестары, у тым ліку замежныя. Цяпер разглядаюцца буйныя праекты, якія плануецца рэалізаваць на тэрыторыі сталічнага рэгіёну. “Дэталі пакуль не абвяшчаюцца, бо вядзецца дэталёвае вывучэнне прапаноў. Інвестары прапануюць укласці ў сельскую гаспадарку значныя сумы”, — растлумачыў ён. Кіраўнік рэгіёну таксама выказаўся за развіццё бульбаводства і агародніцтва на базе фермерскіх гаспадарак. Паводле яго слоў, ураджайнасць бульбы ў асобных фермерскіх гаспадарках больш, чым ураджайнасць у некаторых раёнах. Напрыклад, на Крупшчыне ў адной з гаспадарак ураджайнасць бульбы перавысіла сярэднюю па раёне больш чым у 3 разы. Звыш 450 ц/га атрымліваюць фермеры ў Лагойскім, Дзяржынскім і Маладзечанскім раёнах. “У многіх раёнах ёсць незанятыя землі, прыдатныя для вырошчвання сельгаскультур. Пры неабходнасці гэтыя ўчасткі могуць выкарыстоўвацца кіраўнікамі паспяховых фермерскіх гаспадарак. Старшыням райвыканкамаў ужо дадзена адпаведнае даручэнне”, — сказаў Сямён Шапіра. Пагалоўе свіней аднаўляецца Мінская вобласць плануе да канца 2015 года павялічыць пагалоўе свіней да 880 тыс., паведаміў старшыня Мінаблвыканкама. Сямён Шапіра нагадаў, што з-за пагрозы АЧС пагалоўе свіней у рэгіёне зменшылася амаль на 150 тыс. “З 180 дробных ферм на Міншчыне прыйшлося зачыніць 130, дзе змяшчалася 109 тыс. свіней, і некалькі іншых комплексаў”, — адзначыў ён. Чакаецца, што некаторыя з іх будуць адноўлены. Паводле слоў губернатара, у рэгіёне ёсць істотныя рэзервы для павелічэння пагалоўя за кошт адкрыцця новых сучасных свінакомплексаў. Для гэтага ўводзіцца ў строй свінакомплекс у Слуцкім раёне, які пачыналі будаваць з дапамогай італьянскіх інвестараў, а завяршаюць уласнымі сіламі. У Салігорскім раёне новы свінакомплекс узводзіцца за сродкі Ізраіля, а чэхі будуюць падобны аб’ект у Барысаўскім раёне. Акрамя новых комплексаў ажывуць і некаторыя свінафермы, дзе раней размяшчалася па тысячы ці некалькі тысяч галоў. “Для аднаўлення пагалоўя свіней у Мінскай вобласці прымаюцца ўсе неабходныя меры, і я думаю, што гэта задача будзе выканана”, — рэзюмаваў Сямён Барысавіч. У дрэваапрацоўцы зрухі да лепшага ёсць Журналістаў цікавіла, што робіцца для паляпшэння сітуацыі ў дрэваапрацоўчай галіне, паколькі гэта тэма стала вельмі рэзананснай пасля наведвання ў лістападзе мінулага года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам ААТ “Барысаўдрэў”. Старшыня Мінаблвыканкама расказаў, што для навядзення парадку і падбору кадраў часова на “Барысаўдрэў” і ў “Забудову” (Маладзечанскі раён) накіраваны намеснікі старшыні аблвыканкама. І гэта рашэнне дало свой плён: растуць вытворчыя паказчыкі, вядзецца падбор кадраў. Але праблемы ў гэтай галіне застаюцца, таму працягваецца пошук інвестараў, якія б маглі ўкласці ў дрэваапрацоўку сродкі. Раўнавага паміж жаданнем і магчымасцю На выкананне гэтай умовы звярнуў увагу журналістаў Сямён Шапіра падчас абмеркавання пытання аб тэндэнцыі да падаражання квадратнага метра жылой плошчы. Безумоўна, цана на жыллё залежыць ад новых спажывецкіх магчымасцей, ад затрат, якія ўзнікаюць, часам па віне праекціроўшчыкаў і нават саміх жыллёва-будаўнічых кааператываў. Іх удзельнікі, напрыклад, выказваюць жаданне мець у сваім доме прыгожыя французскія балкончыкі… “Такое жыллё, — канстатаваў губернатар, — будзе, вядома ж, даражэйшым за звычайнае, з тыпавым праектам”. Аднак сустракаюцца сітуацыі, калі менавіта будаўнікі імкнуцца зрабіць даражэйшым праект. Па кожным доме, асабліва калі ён будзе здавацца з перанесеным тэрмінам, будзе весціся дэталёвая праверка. Ніякага манапалізму Задавалі журналісты пытанне і наконт сітуацыі з гандлёвымі прадпрыемствамі спажывецкай кааперацыі. Сямён Шапіра лічыць: “Сёння ў рэгіёне з’яўляюцца буйныя гандлёвыя сеткі, прыватныя прадпрыемствы. І гэта аб’ектыўны працэс, які прымушае спажыўка- аперацыю канкурыраваць, зніжаць цэны, шукаць новыя падыходы і формы. Разам з тым нельга дапусціць знішчэння магазінаў крокавай даступнасці. Манапалізму быць не павінна”. Размеркаванне сродкаў на месцах Пытанне наконт магчымасці будаўніцтва яшчэ адной дашкольнай установы ў г. Любані дало старт размове наконт схемы размеркавання абласнога бюджэту. “Мы дакладна вызначыліся, што бюджэт размяркоўваецца па рэгіёнах, і далі райвыканкамам і Жодзінскаму гарвыканкаму права распара- джацца гэтымі грашыма па сваім меркаванні, — адзначыў старшыня аблвыканкама. — Як паказала практыка, гэта абгрунтаваная мера. Аднак паўсталі і праблемы. Да прыкладу, у бягучым годзе ў Мінскім раёне значныя сродкі пайшлі на аказанне дапамогі шэрагу сельгаспрадпрыемстваў, у прыватнасці, агракамбінату «Ждановічы» і 1-й Мінскай птушкафабрыцы. І гэта пры наяўнасці ў раёне шэрагу па-сапраўднаму вострых сацыяльных праблем: толькі ў Бараўлянах у чарзе ў дзіцячыя сады знаходзіцца каля 3 тыс. дзяцей. Таму неабгрунтавана выдзеленыя грошы будуць вернуты. А ў далейшым размеркаванне сродкаў у Мінскім раёне будзе знаходзіцца пад строгім кантролем аблвыканкама. І ў першую чаргу грошы стануць накіроўвацца на навядзенне парадку ў населеных пунктах Прысталічча. У гэтым годзе асноўная работа праходзіла ў Заслаўі. А ў перспектыве сродкі будуць укладвацца ў тыя ж Бараўляны, Мачулішчы, Калодзішчы, Калядзічы, Міханавічы, Самахвалавічы”. Сямён Шапіра адзначыў, што ў 2015 годзе павінна завяршыцца будаўніцтва ў Барысаве комплексу “Дзіцячы сад - сярэдняя школа”. Таксама ў планах — прывесці ў парадак шэраг раённых цэнтраў. Сярод іх — Дзяржынск, Стоўбцы, Мар’іна Горка. “Але самым непрывабным з’яўляецца самы вялікі горад Міншчыны — Барысаў, у якім пражывае каля 150 тыс. чалавек, — канстатуе губернатар. — Таму будзе прыняты шэраг мер, каб змяніць яго аблічча”. Дадатковыя сродкі з’явяцца пасля паспяховага выканання планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну. Як паведаміў старшыня аблвыканкама, вобласць перавыканала заданне па павелічэнні валавога рэгіянальнага прадукту, і ў раёны было накіравана дадаткова 1,7 трыльёна рублёў. Але сродкамі трэба распараджацца ўмела. Пастаўлена задача пакуль не распачынаць будаўніцтва новых аб’ектаў, даводзіць да ладу распачатыя. Трэба вучыцца жыць па сродках. Можна пабудаваць у раёне невялікі дзіцячы садок, а можна гэтыя сродкі аддаць сельгасвытворцам, якія не навучыліся гаспадарыць эфектыўна і выкарыстаюць іх без належнай аддачы. Эфектыўнасць гаспадарчага спосабу У ходзе прэс-канферэнцыі вялася таксама размова аб ходзе рамонту гаспадарчым спосабам. Губернатар канстатаваў, што кіраўнікі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя прадэманстравалі свае арганізатарскія здольнасці, асабіста вырашаючы пытанні рамонту, выявіўшы ўменне самастойна выконваць раней не ўласцівыя ім функцыі. Безумоўная канструктыўнасць дыялога, які задаволіў абодва бакі, відавочная. Эканомяцца фінансавыя бюджэтныя сродкі. 12,2 мільярда рублёў асвоена такім чынам у Вілейскім раёне, 10,7 — у Мінскім, па 9 і больш — у Барысаўскім і Маладзечанскім раёнах. Поўнасцю асвоены выдзеленыя для гэтага сродкі ў Вілейскім, Клецкім, Пухавіцкім і Чэрвеньскім раёнах. Але ёсць і рэгіёны, дзе недастаткова эфектыўна працуюць у гэтым напрамку. На будучы год аддзелы адукацыі, спорту і турызму, установы адукацыі абласнога падпарадкавання гатовы асвоіць такім чынам больш як 350 мільярдаў рублёў. Працаваць павінны ўсе Губернатар падтрымлівае пазіцыю Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі: хто не працуе — той не можа карыстацца сацыяльнымі дабротамі, якія прапаноўвае дзяржава. Сямён Шапіра падкрэсліў, што сацыяльныя ўтрыманцы не выплачваюць падаткі, але пры гэтым карыстаюцца бясплатна медыцынскімі паслугамі і атрым- ліваюць адукацыю. У Мінскай вобласці будзе весціся праца па выяўленні такіх людзей. “З гэтым трэба змагацца, і гэта факт”, — канстатаваў ён.  У краіне без працы прыкладна 500 тысяч чалавек. Палова з іх — у пошуку прыдатнай вакансіі (часам гэта цягнецца гадамі), іншыя аддаюць перавагу знаходжанню ў цяні, пазбягаючы падаткаў, астатнія не лічаць патрэбным зарабляць, спадзеючыся, што ў бядзе іх не пакінуць. Сама ж дзяржава з такой пазіцыяй у корані не згодна”. Сямён Шапіра адзначыў, што калі быў старшынёй Гродзенскага аблвыканкама, уздымаў тэму сацыяльнага ўтрыманства і дармаедства на ўзроўні рэгіёну. У прыватнасці, ён прапаноўваў звярнуць увагу на даходы людзей, якія займаліся перавозкамі буйных партый паліва і цыгарэт праз дзяржаўную мяжу. Паводле яго слоў, за адзін такі рэйс яны зараблялі каля $1000. Як расказаў Сямён Шапіра, праверка прадпрымальных жыхароў Гродна, якія займаліся падобнай дзейнасцю, паказала, што некаторыя асобы, якія нідзе афіцыйна не працавалі, “мелі ва ўласнасці па пяць катэджаў”. Маргарыта САКОВІЧ

Источник:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей