Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

33

Радасць i шчасце ў сям’і

28.10.2014
26 гадоў жыцця Алена Мікалаеўна Козіч з в. Харытонаўка аддала працы ў сферы культуры. Яе дзейнасць адзначана шматлікімі падзякамі і граматамі, медалём “Ветэран працы”. Ганарыцца, што двойчы ўдзельнічала ў перапісе насельніцтва і была членам участковай камісіі па выбарах першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Далёкі 1944 год. У франтавіка Крупеля Мікалая нарадзілася дзяўчынка. Сёмым дзіцем стала яна ў дружнай і працавітай сям’і. Нялёгка жылося пасля вайны, з якой бацька вярнуўся скалечаны. Старэйшыя дзеці разам з бацькамі працавалі ў калгасе імя Ф. Э. Дзяржынскага. А даглядаць гаспадарку даручалі малодшай Аленцы. Ёй неабходна было сярпом жаць для жывёлы траву, якая нібы лязо брытвы рэзала пальцы на руках. Позняй восенню на працадні Крупелі атрымлівалі крыху збожжа. Маці пякла смачны хлеб. У мнагадзетнай сям’і ежы не хапала. Каб накарміць дзяцей, прыходзілася гатаваць баўтуху з малака, мукі і бульбы. А так хацелася есці! Калі Аленка заставалася адна, перабівала голад тым, што крышыла пёры зялёнай цыбулі, залівала вадой і ела гэтую страву. Гора прыйшло ў хату, калі ў 1955 годзе ад баявых ран памёр бацька. Старэйшыя дзеці раз’ехаліся па новабудоўлях СССР. Як у кашмарным сне ўспамінаецца нарыхтоўка сена: маці вырэзвала сухія ку-піны травы на балоце, а Аленка вывозіла іх на ночвах па вадзе. Першая настаўніца дзяўчынкі, Ярмалінская Берта Іванаўна, выхоўвала ў сваіх дзетках сямейныя каштоўнасці. Як святую памяць Алена Мікалаеўна захоў-вае сшытак, куды ўклейвала  фотаздымкі маці, Аляксандры Іосіфаўны, вершы, газетныя артыкулы. Затым адукацыя прадоўжылася ў Ленявіцкай сямігодцы. Дырэктар школы, франтавік Трыгубовіч Георгій Феліксавіч, сеяў у сэрцах сваіх выхаванцаў добрае і разумнае. Разам з Барысевіч Соф’яй Уладзіміраўнай на практыкумах па біялогіі вучні высаджвалі бярозкі па-абапал дарогі ад Ленявіч да Харытонаўкі, якія і сёння радуюць вока. Школьны хор выступаў па навакольных вёсках. Затым тры гады Алена наведвала Бальшавіцкую сярэднюю школу ў вёсцы Свінка. Што гэта быў за час? Гады станаўлення жыцця. “Дзеці вайны” радаваліся кожнай новай кнізе. Аленка адчувала асалоду ад вывучэння геаграфіі, нямецкай мовы, літаратуры. Падабаліся вершы і проза, з якімі выступала на канцэртах мастацкай самадзейнасці. Пасля заканчэння ў 1961 годзе школы паехаць вучыцца ў горад не было магчымасці і сродкаў. Прынялі з задавальненнем Алену ў паляводчую брыгаду саўгаса “Крыніца”. Праз год яе выбралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, кандыдатам у члены бюро Капыльскага раённага камітэта ЛКСМБ. Па рэкамендацыі прызначылі загадчыкам сельскага клуба-бібліятэкі. Актыўная камсамолка разам з сябрамі ўдзельнічала ў шматлікіх суботніках, нядзельніках, канцэртах. На ўсё жыццё ў памяці засталіся святкаванні “Зажынак”, “Дажынак” і невядомае сучаснікам “Пасвячэнне ў хлебаробы”. У час грамадскай дзейнасці Алена сустрэла свайго адзінага каханага, аднавяскоўца Феафана Козіча. Яе Фанік працаваў культработнікам пры партыйнай арганізацыі. Як пайшоў служыць у армію, дасылалі лісты адзін аднаму. Затым разам выпускалі “Баявыя лісткі”, “Маланкі”. Перад выбарамі хадзілі па хатах, праводзілі тлумачальную работу. І выступалі на канцэртах: Фанік выдатна іграў на гармоніку. Потым вырашылі згуляць вяселле. І не якое-небудзь, а камсамольскае. Дарэчы, Алена і Феафан на той час былі абраны  дэпутатамі Слабада-Кучынскага сельскага Савета. Рэгістрацыя шлюбу праходзіла 2 жніўня 1969 года ў Харытонаўскім клубе, дзе сабралася амаль уся вёска. Дырэктар саўгаса “Крыніца” Лятун М. І. даў каманду зжаць сцяжынку на жытнёвым полі паміж клубам і пасёлачкам Хацкелеўшчына, каб  аднавяскоўцы змаглі ўбачыць выезд маладых на тройцы вараных коней. Кон-ская збруя была ўпрыгожана кветкамі, стужкамі і званочкамі. Слабада-Кучынскі духавы аркестр іграў марш. Маладыя ішлі па тканай дарожцы. Іх віталі словы на лозунгу: “Шчасця вам, маладажоны” і дзясяткі букетаў. Былі і падарункі. Ад саўгаса – радыёла, ад сельсавета – трэльяж. Праз пэўны час нарадзілася дачушка і двое сыноў. Фанік працаваў механізатарам. Трымалі хатнюю жывёлу, апрацоўвалі 35 сотак зямлі. Набылі сваю хату. Алена Мікалаеўна ўспамінае: – Спачатку ў клубе атрымлівала 38 рублёў 50 капеек. Затым 45 рублёў. А як стала 65, мне здавалася, што гэта так многа. Дзеці раслі дружнымі і працавітымі. Старэйшая Алёна выдатна вучылася, а малодшыя Юрка і Валодзя так асвоілі бацькоўскі трактар, што неаднаразова станавіліся пераможцамі абласнога спаборніцтва маладых аратых. І апошні экзамен за курс агульнаадукацыйнай школы хлопцы прыехалі здаваць на трактарах, бо ўжо былі прыняты на працу ў саўгас “Крыніца”. Зараз Алена Мікалаеўна не толькі маці, а і бабуля, якая радуецца сваімі шасцю ўнукамі і нават адным праўнукам. Быццам адно імгненне праляцелі 70 гадоў, якія былі напоўнены і радасцю, і смуткам. І ўсё ж Алена Мікалаеўна ўдзячна свайму лёсу, застаецца аптымістам. Сакрэт гэтага ў шчырай працы і добрасумленным жыцці. Барыс ДЗЕНІСЮК, дэпутат Капыльскага раённага Савета дэпутатаў па Слабада-Кучынскай  выбарчай акрузе №5

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей