Гэтыя старты дазволілі не толькі праявіць свае здольнасці, але і прайсці выдатную падрыхтоўку да “белага” сезона. Трэба адзначыць, што капыляне былі заўсёды ў лідарах на такіх спаборніцтвах.
Універсальнае першынство
Першынство сярод ДЮСШ па бегу на лыжаролерах і кросе можна назваць універсальным спаборніцтвам. Галоўныя складаемыя — лыжная тэхніка ў сукупнасці з вынослівасцю.
У капыльскіх спартсменаў, якія былі прадстаўлены СДЮШАР па зімовых відах спорту і ДЮСШ Капыльскай РПА БПС работнікаў АПК ёсць свае ўніверсалы. Руслан Гарнастай у кросе і на лыжаролерах паказаў лепшы вынік сярод равеснікаў. У асабістым заліку (праўда, толькі ў адным відзе – кросе) вызначыліся Марына Міхайлоўская і Святлана Пятрыка, якія занялі трэцяе месца ў сваіх узроставых групах.
З дзевяці каманд, якія выступілі на першынстве, Капыльская СДЮШАР заняла трэцяе, а ДЮСШ РПА Беларускага прафсаюза работнікаў АПК — чацвёртае месца.
Узмоцненая зборная — максімальны вынік
Першынство Мінскай вобласці па летнім біятлоне прайшло ў абноўленым Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту “Раўбічы”, дзе за галоўны кубак змагаліся лёгкаатлеты Капыльшчыны. Дарэчы, у 2015 годзе тут мае адбыцца юніёрскі Чэмпіянат свету па біятлоне.
Склад зборнай нашага раёна значна ўзмацніла майстар спорту міжнароднага класа, выхаванка капыльскай біятлоннай школы Дар’я Юркевіч. Яна, дарэчы, прынесла камандзе дзве перамогі: у спрынтарскай на 7,5 км і індывідуальнай гонцы на 10 км. У спрынце на 6 км Наталля Ібель паказала лепшы час дня. У індывідуальнай гонцы ёй крыху не пашанцавала, у выніку — другое месца. Антон Смольскі дастойна правёў індывідуальную гонку, стаўшы абсалютным лідарам на гэтай дыстанцыі. У агульнакамандным заліку капыльскія спартсмены сталі лепшымі ў вобласці, атрымаўшы дыплом І ступені і кубак першынства.
“Бронзавы” старт
Удалы старт каманда Капыльскай СДЮШАР зрабіла на спартакіядзе па летнім біятлоне, якая праходзіла ў гарадскім пасёлку Пле-шчаніцы Лагойскага раёна. Дастойна ў спрынтарскай гонцы на лыжаролерах выступіў Дзмітрый Карпіленя, які ў выніку заняў трэцяе месца. Да пары яму зорачка лёгкай атлетыкі Святлана Пятрыка, якая ў спрынце фінішавала другой і ў “гладкай” гонцы на 5 км (без стральбы) заваявала “серабро”. Дзякуючы гэтым юным біятланістам каманда паказала дастойны вынік, апынуўшыся на трэцяй прыступцы п’едэстала гонару.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии