Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

78

Известный художник Казимир Малевич – копылянин

27.10.2014
Загадкавая і ў той жа час велічная постаць сусветна вядомага мастака Казіміра Малевіча. Ён прыцягваў нас сваім прозвішчам, бо капылянаў Малевічаў вельмі шмат. Але ў розных энцыклапедыях і іншых даведніках месцам яго нараджэння называецца Кіеў. Адкуль яно ўзялося, гэтае прозвішча, не характэрнае для Украіны? Вочы нам, капылянам, адкрыў доктар фізіка-матэматычных навук прафесар Ігар Малевіч. Аб гэтым ён напісаў у кнізе «Восхождение на крест судьбы». Прафесар успамінае сваё юнацтва, калі сваякі зачытвалі пісьмы Казіміра, якія той дасылаў сваім блізкім. Ігар заслухоўваўся гэтым чытаннем, і яго здзіўляла мова дзеда-мастака, чыста капыльская, з элементамі кравецкага жаргону. Гэтая мова шаўцоў і сёння зразумелая для былога франтавіка капыляніна Пятра Малевіча. Ён  расказаў, што яго цёзка па прозвішчы ў сваіх пісьмах пісаў: «Я сын Сцяпана—Севярына Хітрага, хацеў бы прыехаць і пабываць у родным мястэчку Капылі і сустрэцца з сябрамі». «А я знаю Малевічаў-Хітрых і чуў пра Сцяпана, але той у мае дзіцячыя гады памёр ужо, — працягваў далей Пятро Пятровіч. — Я пасвіў кароў у яго сына Паўла і сябраваў з яго дачкой. У так званых маргах мы пасвілі кароў разам з будучым пісьменнікам Сцяпанам Александровічам. Жылі Хітрыя паблізу ад сённяшняй гімназіі, а Павел Малевіч быў родным братам Казіміра. Ведаў я і сыноў Паўла, пляменнікаў Казіміра, — Алеся і Змітрака, былі яны за мяне крыху старэйшыя і працавалі журналістамі ў мінскіх газетах». Ад прафесара I. Малевіча стала вядома, як Казімір прапісаўся кіяўлянінам. Гісторыя прыгодаў сям’і Хітрых вельмі загадкавая і цікавая. Бацька Казіміра, Сцяпан, быў дзясятнікам у грозаўскага пана Мержаеўскага (у яго палацы месцілася Грозаўская СШ, захаваўся ён і сёння, але разбураецца). Яны нават пасябравалі, і капылянін у гонар сябра ўзяў яго імя Севярын, вось чаму мастака завуць Казімір Севярынавіч. У свой час бацька Казіміра ўдзельнічаў у паўстанні Каліноўскага, але нават праз два дзясяткі гадоў царскія сышчыкі па даносе сталі сачыць за ім, і, каб не трапіць у пастку, ён вырашыў збегчы на Украіну. У 1878 годзе ў Капылі нарадзіўся Казімір, а за ім і Павел. I, мабыць, пры апошніх родах памерла іх маці Марыя. Каля Кіева ў той час жыло шмат беларусаў, яны і дапамаглі выправіць дакументы і тым самым замесці сляды. Калі Казіміру было гадоў 10 ці 12, сям’я Сцяпана-Севярына вярнулася ў родны Капыль. Аб гэтым I. Малевічу расказала яго бабуля Ульяна. Яна шмат цікавага паведаміла пра Казіміра. Сябры яго называлі «маляром» за яго ўменне размалёўваць платы і пабеленыя печкі. Малюнкі зачароўвалі капылянаў багаццем фарбаў, якія юнак здабываў з прыродных матэрыялаў. Сябраваў ён з вядомым капыльскім «маляром», які размалёўваў самаробных коней і пеўняў. I той параіў маладому творцу ехаць у Маскву, каб «разбагацець там за свае малюнкі». Але Казімір едзе ў добра знаёмы Кіеў, а брат Павел застаецца ў Капылі. У горадзе свайго дзяцінства яго возьме да сябе знаёмы «маляр», і хлопец будзе дапамагаць яму аздабляць дамы. Затым Казімір вучыцца на чарцёжніка ў архітэктара і ў вольны ад заняткаў час да стомы малюе карціны. Хутка ён стаў вядомым у горадзе мастаком, удзельнікам мастацкіх выстаў. Пачалася Першая сусветная вайна, і Казіміра прызвалі ў смаленскі полк, баявы шлях якога прывёў мастака на Віцебшчыну. У перапынках паміж баямі ў Крывічах і Княгініне на льняных палотнах, якіх было шмат на ваенных складах, ён маляваў успаміны аб вайне і рулонамі па пошце адпраўляў іх родным у Капыль. Дзе тое багацце твораў Малевіча? Згубіла, мабыць, ліхалецце войнаў. Кастрычніцкая рэвалюцыя і яе павевы змянілі кірунак у творчасці мастака-жывапісца, і ён стварыў новае рэвалюцыйнае мастацтва. Малевіч пасябраваў з Шагалам, які запрасіў яго ў 1919 годзе ў Віцебск і зрабіў кіраўніком майстэрні ў мастацкай школе. Там ён займаўся ўпрыгожваннем Віцебска, а пасля таго, як Шагал выехаў з горада, Малевіч стаў кіраваць саветам прафесараў школы. А ў 1923-м яго запрасілі ў Петраград, дзе ён узначаліў Дзяржаўны інстытут мастацкай культуры. У гэты час Казімір шмат карцін пісаў у новым мастацкім стылі — супрэматызме. Студэнты вельмі любілі жывапісца Малевіча, яны прапагандавалі яго творчасць. Паважаў свайго сябра і М. Шагал. На выстаўцы ў Кёльне ён пакланіўся творам капыляніна-мастака, а пад аўтапартрэт Казіміра паклаў медальён сваёй маці. Была ў Малевіча каханая Лясандра, яна прыяз-джала на выстаўку яго карцін у Маскву. Ад яго яна нарадзіла сына, але Малевіч памёр 1935 годзе, так і не даведаўшыся пра свайго нашчадка. Наш знакаміты зямляк памёр у Ленінградзе. Па яго запавеце быў пахаваны ў полі каля любімага дуба на ўскраіне Масквы, дзе некалі жыў. У гады вайны памятны знак і магіла К. Малевіча згубіліся, а ў мірны час там былі сельгасугоддзі, якія заворваліся і засейваліся. Зараз там паблізу ад кальцавой дарогі пабудавалі дом, але аматары творчасці Малевіча выявілі месца пахавання нашага земляка, і кампанія-забудоўшчык ставіць каля элітнага дома памятны знак. Капылянам будзе цікава даведацца і пра сваякоў Казіміра ў Капылі. На вуліцы Камсамольскай жывуць браты Уладзімір і Аляксандр Дуброўскія, якія шмат паведамілі пра сваякоў з роду Малевічаў-Хітрых, адкуль вырасла велічная знакамітасць, дзе радавое гняздо на цяперашняй вуліцы Максіма Горкага (раней называлася Какорыцкая). Менавіта там у апошнія гады жыла галоўны бухгалтар райгазеты «Слава працы» Марыя Паўлаўна Шкілевіч (у дзявоцтве Малевіч), пляменніца Казіміра і дачка яго брата Паўла. Віктар Семянкевіч, першы рэдактар райгазеты «Слава працы», цёпла адгукаўся аб сваім бухгалтары. I гэта ён мне паведаміў, што продкаў Марыі Паўлаўны называлі Хітрымі. Яна была вельмі добрым чалавекам, і яе паважалі ў калектыве рэдакцыі. Жанчына расказвала, што ў яе былі два браты —  Аляксандр і Дзмітрый. Аляксандр загінуў у час вайны. Шмат пра іх расказалі былы намеснік рэдактара Рыгор Швец, дырэктар Капыльскай СШ №2 Барыс Багдановіч і згаданыя браты Дуброўскія — сваякі Малевічаў. Па ўспамінах Марыі Паўлаўны, яе бацька выдатна шыў адзенне, і яму рабілі заказы сяляне з розных вёсак. Зямлі было мала, і дапамагала выжыць рамяство. Старэйшыя браты Змітрок і Алесь хадзілі ў школу, а яна ў 1930-я гады была яшчэ малая. Браты добра вучыліся ў сямігодцы, дзе дырэктарам быў Фама Міськевіч. Ён хваліў Малевічаў за паспяховасць і за іх актыўнасць. Зміцер і Алесь пісалі вершы, апавяданні і нават маленькія п’есы, розныя нататкі пра капылян і дасылалі іх у рэспубліканскія газеты. Таму невыпадкова пасля школы Зміцер стаў працаваць карэспандэнтам у газеце «Звязда». У 1929 годзе ўслед за старэйшым братам Алесь едзе ў Мінск і ўладкоўваецца ў якасці выпускаючага ў «Советскую Белоруссию». Там ён добра сябе праявіў карэспандэнтам, затым працаваў у «Чырвонай змене», а пасля перайшоў у «Сталінскую моладзь» («Знамя юности»). Узначальваў там фізкультурна-патрыятычны аддзел, а за месяц да пачатку вайны яго прызначылі рэдактарам гэтага выдання. Аляксандр Паўлавіч быў жанаты з былой аднакласніцай Марусяй Дземідовіч. У іх  нарадзіліся  Вераніка,  Марат і Алінка, а калі бацька будзе на фронце, народзіцца сын Ігар. Лейтэнант А. Малевіч удзельнічаў у вызваленні Віцебшчыны, а затым Літвы. Перад апошнім боем яму ўдалося адаслаць ліст блізкім. Вось што ён пісаў: «Добры дзень, мае любыя! Добры дзень, нябачаны мной мой сынок Ігар! Я атрымаў ад Вас Ваша пісьмо, а таксама ад маіх старых і сястрычкі Марыі. Якія гэта цудоўныя пісьмы, я іх перачытваю які раз. Здаецца, што я не тут пад кустом літоўскай зямлі, а ў далёкім і родным мястэчку Капылі. Я рады, што вы ўцалелі і любіце сваю радзіму Беларусь». Пісаў ён і брату Дзмітрыю: «Атрымаў тваё пісьмо. I рад, што ты б’еш добра ворага. Думаю, сустрэнемся з табою ў Берліне. Для мяне куля яшчэ не адліта». У баі пад Шаўляем рота А. Малевіча падаб’е 12 танкаў і 8 бронемашын і прыпыніць атаку немцаў. Але ў гэтым баі загіне капітан Малевіч. Дзеці А. Малевіча выбіліся ў людзі: старэйшая дачка Вераніка — кандыдат педагагічных навук, дацэнт БДУ культуры і мастацтваў, Аліна — інжынер-праграміст, Марат — кандыдат фізічных навук, а Ігар — доктар фізіка-тэхнічных навук. Вось такая гісторыя роду К. Малевіча. Жывапісец і яго сваякі нясуць славу роднаму Капылю. Яго пляменнік Дзмітрый Паўлавіч пасля вайны працаваў рэдактарам газеты «Сельская жизнь». Магчыма, хтосьці з будучых аўтараў напіша больш шырока пра нашага земляка, жывапісца, авангардыста, які адкрыў шмат новага ў мастацтве і прадказаў будучыню ў архітэктуры. Іван ІГНАТЧЫК, г. Капыль Р.S. Здаецца, я закончыў свой матэрыял і паставіў кропку, але сустрэча з вядомым капыльскім мастаком, сябрам Беларускага саюза мастакоў, унесла свае карэктывы. Уладзімір Швайбовіч здаўна палюбіў творчасць Казіміра Малевіча, і гэта падштурхоўвала яго рабіць адкрыцці ў дызайне і жывапісе. Уладзімір Піліпавіч зрабіў дапаўненне пра аўтара «Чорнага квадрата» і філосафа. 2004 год ААН аб’яўляў годам мастака Казіміра Мале-віча, а 2015 год у планах ААН аб’явіць годам стагоддзя яго «Чорнага квадрата». Зараз нашчадкаў Казіміра каля 100 чалавек, і офіс іх суполкі з яго назвай знаходзіцца ў Нью-Ёрку. Ім удаецца вырваць у музеяў праз суды адну ці дзве карціны Малевіча. Гэтыя сваякі, як кажуць, дзясятая вада на кісялі. Блізкімі спадкаемцамі Казіміра з’яўляюцца брат і сёстры Ігара Малевіча, сына Аляксандра Паўла-віча Малевіча і Марыі Паўлаўны Малевіч (Шкілевіч), а таксама Дуброўскія Аляксандр і Уладзімір. 3 Уладзімірам Піліпавічам мы агледзелі радавое гняздо Малевічаў па вуліцы Горкага (паблізу гімназіі №1), і ён выказаў думку, што някепска было б прымацаваць мемарыяльную дошку на доміку, які пакуль што стаіць, і папрасіць прадпрымальніка, што набыў яго, не разбураць памяць аб нашым слынным земляку.

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей