На асенніх канікулах таленавітых школьнікаў нашай краіны чакае выпрабаванне — з 26 кастрычніка па 1 лістапада адбудуцца кастынгі пятага сезона конкурсу юных вакалістаў “Звонкая раніца” ў 12 раённых цэнтрах нашай краіны, сярод якіх будзе і Капыль.
Творчы конкурс па падтрымцы юных вакалістаў “Звонкая ра-ніца” быў заснаваны рэдакцый газеты “Настаўніцкая газета” і нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Зубраня” ў 2010 годзе. Ён накіраваны на падтрымку таленавітай моладзі ў рэгіёнах краіны, папулярызацыю творчасці маладых выканаўцаў, развіццё самадзейнай творчасці і дэманстрацыю дасягненняў работы педагогаў рэгіёнаў.
Сёлета “Звонкая раніца” будзе шукаць таленты ў Асіповічах і Калінкавічах (26 кастрычніка), Ветцы (27 кастрычніка), Чавусах і Талачыне (28 кастрычніка), Полацку і Мядзеле (29 кастрычніка), Шчучыне (30 кастрычніка), Жабінцы і Івацэвічах (31 кастрычніка), Карэлічах (1 лістапада). МЕСЦАМ ПРАВЯДЗЕННЯ КАСТЫНГУ Ў КАПЫЛІ СТАНЕ РАЁННЫ ЦЭНТР КУЛЬТУРЫ, ДЗЕ 1 ЛІСТАПАДА Ў 16.00 АДБУДЗЕЦЦА ПРАСЛУХОЎВАННЕ.
У кастынгу могуць удзельнічаць усе жадаючыя (навучэнцы 7–11 класаў) незалежна ад месца іх пражывання. Таксама для адборачнай камісіі не мае значэння, ці ёсць у удзельніка музычная адукацыя, ці займаецца ў якім-небудзь калектыве — калі дзіця хоча паспрабаваць свае сілы ў кастынгу, яно можа прыйсці і паказаць свае здольнасці.
Каб узяць удзел у конкурсе, неабходна прыйсці на адзін з кастынгаў і падаць заяўку на ўдзел у конкурсе непасрэдна перад выступленнем. Заяўка запаўняецца канкурсантам ад рукі ў месцы правядзення кастынгу на спецыяльным бланку.
Ідучы на кастынг, трэба падрыхтаваць некалькі песень пад інструментальную (–1) фанаграму (песні павінны адлюстроўваць вакальныя магчымасці ўдзельніка), але выконваць канкурсант будзе толькі адну.
Запамінальнымі момантамі конкурсу для фіналістаў стануць творчыя сустрэчы і майстар-класы зорак беларускай эстрады (у мінулыя гады ў госці да фіналістаў у “Зубраня” прыязджалі Дзядзя Ваня і саліст групы “Атлантыка” Алекс Дэвід, Пётр Ялфімаў і Іна Афанасьева).
Падчас правядзення фіналу конкурсу будзе працаваць некалькі складаў журы. Прафесійнае журы (педагогі праекта, прадстаўнікі арганізатараў, а таксама госці праекта) будзе ацэньваць вакальныя даныя канкурсанта і ўзровень выканальніцкага майстэрства, сцэнічнасць, а таксама здольнасць да навучання і прагрэс за час удзелу ў праекце. Будзе працаваць журы гледачоў, якое шляхам галасавання пасля кожнага справаздачнага канцэрта будзе ствараць рэйтынг сімпатый гледачоў, а таксама журы ўдзельнікаў конкурсу, якое перад гала-канцэртам вызначыць уладальніка прыза сімпатый удзельнікаў конкурсу.
Падтрымаць сваіх блізкіх і знаёмых, якія выйдуць у фінал конкурсу, можна будзе праз СМС-галасаванне, якое будзе запу-шчана адразу пасля размяшчэння відэазапісаў фіналістаў (іх выступленняў на кастынгах) на сайце www.zr.ng-press.by.
Фінал “Звонкай раніцы-5” таксама пройдзе ў беларускім НДЦ “Зубраня” на беразе Нарачы з 12 студзеня па 1 лютага 2015 года.
На гала-канцэрце “Звонкай раніцы” будуць падведзены вынікі: дзесяць фіналістаў стануць пераможцамі, а адзін з іх можа яшчэ атрымаць і гран-пры конкурсу.
Тэлефоны для даведак: (8-017) 287-16-70, (+37525) 972-39-72 (Life), (+37533) 311-41-34 (МТС).
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ,
кіраўнік конкурсу “Звонкая раніца”, намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”
Комментарии