Апошнім часам стала модна разважаць пра прэстыж прафесіі педагога. Пра тое, як захаваць зацікаўленасць да гэтай прафесіі, мы паразважалі з настаўніцай англійскай мовы СШ №2 г. Капыля Таццянай Паўлаўнай Міхайлоўскай.
[caption id="attachment_37559" align="aligncenter" width="570"]
Таццяна Паўлаўна Міхалоўская са сваімі вучнямі[/caption]
Адразу хацелася б звярнуць увагу на невыпадковасць гэтага выбару: абедзве дачкі Таццяны Паўлаўны закончылі БДПУ ім. М. Танка. Старэйшая, Алена, факультэт прыродазнаўства па спецыяльнасці “хімія-біялогія”, а малодшая Ірына — факультэт народнай культуры па спецыяльнасці “маляванне, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”. Акрамя таго, многія яе вучні таксама звязалі свой лёс з вывучэннем і выкладаннем замежнай мовы.
— Свой шлях да прафесіі настаўніка, — расказвае Таццяна Паўлаўна, — я пачала будучы пяці-класніцай сярэдняй школы пасёлка Асінторф Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці, дзе тады і жыла. Англійскую мову выкладала ў нас маладая настаўніца Галіна Іванаўна Філіпчык. Гэта менавіта той выпадак, калі любоў да прадмета пачалася з цікавасці да асобы настаўніка. А на свой першы ўрок пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў у Шастакоўскую васьмігадовую школу я прыйшла ў 1976 годзе. Дарэчы, дырэктарам названай установы тады працавала Л. М. Камёнка. Гэта быў 5 клас. Менавіта з гэтага ўзросту пачыналі ў тыя часы вывучаць замежную мову. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўпершыню чулі англійскую мову, таму ім было ўсё цікава і нова. Яны засыпалі мяне пытаннямі. Крыху пазней школу ў Шастаках закрылі, і я перайшла працаваць у СШ №2 г. Капыля.
Быць настаўнікам — гэта пастаянная самаадукацыя, таму што час не стаіць на месцы: мяняюцца патрабаванні да выпускнікоў, праграмы, падручнікі. Акрамя гэтага патрэбна мець цярпенне, вытрымку, эрудыцыю, кампетэнцыю ў самых розных пытаннях. Быць настаўнікам — значыць працаваць з дзецьмі. Таму трэба добра і акуратна выглядаць. Гэта прафесія адна з тых нешматлікіх, якія не даюць старэць. Таму што адукацыю на працягу ўсяго жыцця ты атрымліваеш разам з дзецьмі. Каб быць добрым настаўнікам, трэба быць яшчэ і сапраўдным артыстам.
Не трэба баяцца выбіраць прафесію настаўніка. Калі ёсць жаданне, трэба ісці да яго ажыццяўлення: пагаварыць са старэйшымі, параіцца, больш даведацца пра асаблівасці прафесіі. І не палохацца таго, што будуць бяссоныя ночы, праверкі сшыткаў. Разам з гэтым будуць і ўдзячныя дзіцячыя вочы і ўсмешкі.
Аднойчы да нас у раён з дабрачыннай місіяй прыязджала амерыканка, дарэчы, былы выкладчык англійскай мовы ў адной са школ ЗША. Яна захацела папрысутнічаць на ўроку англійскай мовы. Гэта быў урок, наякім мы вывучалі твор Марка Твэна “Прыгоды Тома Соера”. Пасля заканчэння занятка амерыканка была вельмі здзіўлена, што беларускія дзеці не толькі ведаюць пісьменніка, але і разважаюць пра твор на мове арыгінала. “Калі б у амерыканскіх дзяцей спыталі, ці ведаюць яны беларускіх пісьменнікаў, упэўнена, яны наўрад ці адказалі б”, — такую ацэнку дала замежная госця.
Сёння Таццяна Паўлаўна з гонарам называе імёны сваіх вучняў, якія звязалі прафесійны лёс з англійскай мовай. Сярод іх — перакладчыкі, настаўнікі, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў: Вольга Шэіна, Наталля Андрусевіч, Святлана Гук, Вольга і Алена Сікорскія, Наталля Жук, Аліса Нерубальская, Наталля Насевіч, Маргарыта Чаркоўская, Ірына Сячко, Марына Булат.
— Любіце школу, — з добрай усмешкай звяртаецца Таццяна Паўлаўна, — любіце сваіх настаўнікаў. І памятайце: кожны з іх вам ці вашым дзецям штодзённа аддае часцінку сваёй душы. І нават калі гучаць нейкія заўвагі — гэта таксама дзеля вашай жа карысці. Дзеля нашай жа карысці.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара
Комментарии