Пры Цімкавіцкім сельвыканкаме з 2006 года працуе камунальнае ўнітарнае прадпрыемства “Цімкаўлянка”. Створана яно было ў межах праграмы развіцця асабістых падсобных гаспадарак.
[caption id="attachment_37512" align="aligncenter" width="570"]

А. Сямашка (справа) з жыхаром аграгарадка Цімкавічы А. Нікалаеўскім[/caption]
Для прадпрыемства выдзелілі трактар з усім неабходным навясным і прычапным абсталяваннем: для сушкі сена, скручвання яго ў рулоны, для пасадкі і выкопвання бульбы. Акрамя таго, за асабістыя сродкі сельвыканкам набыў тэхніку для вывазу смецця з падворкаў жыхароў, адпампоўвання каналізацыйных адходаў, расчысткі дарог ад снегу, аказання транспартных паслуг. Агрэгаты прыстасаваны для працы на невялікіх участках і агародах. Па дапамогу сюды часцей за ўсё звяртаюцца пенсіянеры, работнікі культуры і сацыяльнай сферы, людзі з невысокімі заробкамі, паколькі кошт работ тут не вельмі дарагі.
— Цімкавіцкі сельсавет асаблівы, на яго тэрыторыі знаходзіцца шмат арганізацый, якія не маюць дачынення да сельскагаспадарчай вытворчасці. Адпаведна, вялікая колькасць нашых жыхароў у гэтых арганізацыях працуе, — гаворыць старшыня сельвыканкама Алена Острыкава. — Занятых у сельгасвытворчасці значна менш. Таму, калі ў людзей узнікала патрэба ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, адразу паўставала пытанне. Мясцовае сельгаспрадпрыемства дапамагала пераважна сваім работнікам і сваім пенсіянерам. Астатнія, незадаволеныя гэтым, звярталіся ў сельскі Савет са скаргамі... Таму было вырашана стварыць камунальнае прадпрыемства.
Калі Алена Мечыславаўна прыйшла на працу ў сельвыканкам, то на яго балансе з тэхнікі знаходзіўся толькі няспраўны трактар, спісаны сельгаспрад-прыемствам. На яго, можна сказаць, і зрабілі “стаўку”. Спачатку трактар адрамантавалі, набылі ротарную касілку, пасля чаго ўжо можна было не толькі тэрыторыю сельсавета абкошваць, але і людзям дапамагаць.
Самым паспяховым для “Цімкаўлянкі” стаў 2007 год, калі, у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай па падтрымцы ўласных падсобных гаспадарак, аблвыканкам вы-дзеліў фінансавыя сродкі для развіцця камунальнага прадпрыемства. За іх быў куплены новы трактар, новыя бульбакапалка і бульбасаджалка, ротарная касілка і прэс, набыта цялежка для збору смецця і перавозкі буйнагабарытных прадметаў… Такім чынам, ужо аказваецца трынаццаць паслуг.
Як бачна, і зборам смецця на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета (праўда, пакуль што без далучаных у выніку аптымізацыі населеных пунктаў) таксама займаецца “Цімкаўлянка”. Заключаюцца дагаворы з насельніцтвам, і па пэўным графіку вывозіцца з вёсак смецце.
У штат “Цімкаўлянкі” ўваходзіць дырэктар (ён жа і трактарыст, зараз гэта Аляксандр Сямашка), на палову стаўкі — бухгалтар і на палову стаўкі — касір (ён жа дыспетчар). Рэальна паслугі аказвае адзін чалавек, а двое вядуць разлікі і працуюць з насельніцтвам. А вось купіць паліва, дастаць запчасткі, дамовіцца з рамонтам тэхнікі — гэта ўсё праблемы старшыні сельвыканкама. Разлічваць трэба толькі на тыя грошы, якія зарабіла КУП — дадатковых узяць няма адкуль, бо ніякія датацыі не выдзяляюцца. Таму даводзіцца нават заключаць дагаворы з сельгас-прадпрыемствамі, аказваць ім платныя паслугі: прасаваць салому, капаць бульбу і г. д. Па меры магчымасці аказваецца дапамога і суседнім сельсаветам.
Але ж у першую чаргу прадпрыемства стваралася для дапамогі насельніцтву, асабліва яго неабароненай частцы, і з гэтай задачай яно паспяхова спраўляецца.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии