Сюды з’ехаліся жанчыны з розных куткоў Беларусі. Як адзначыла старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын” Надзея Ермакова, запрашэнне на гэта свята атрымалі 25 матуль, якія не спалохаліся цяжкасцей і выхоўваюць дзіця-інваліда, нават нягледзячы на тое, што засталіся без мужчынскай падтрымкі. Сярод іх была і прадстаўніца Капыльшчыны — Алена Міхайлаўна Коўцік з в. Смалічы ,якая нарадзіла і выхоўвае пяць дзяўчынак і аднаго хлопчыка.
[caption id="attachment_37502" align="aligncenter" width="580"]

Шматдзетныя маці[/caption]
Беларускі саюз жанчын (арганізатар свята) падрыхтаваў для віноўніц урачыстасці цікавую праграму. Распачалася яна наведваннем Спаса-Праабражэнскай царквы, дзе гасцей з хлебам-соллю і самымі цёплымі словамі ў гонар матуль сустрэлі навучэнцы Нядзельнай школы. Затым адбылася святочная Літургія, пасля чаго настаяцель храма расказаў пра гісторыю ўзнікнення і дзень сённяшні царквы, узгадаў біяграфію і пачатак крыжовага шляху свяшчэннапакутніка Парфірыя Заслаўскага, які з’яўляецца духоўным апекуном горада.
Працягам знаёмства з гісторыяй горада стала экскурсія, падчас якой удзельнікі свята даведаліся пра мінулае Заслаўя, які яшчэ ў 1985 годзе адзначыў сваё тысячагоддзе.
Самая цікавая і ўрачыстая частка мерапрыемства чакала жанчын у гарадскім Доме культуры. Да матуль са словамі віншавання звярнуліся старшыня ГА “Беларускі саюз жанчын” старшыня праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзея Ермакова, сустаршыня ГА “Беларускі саюз жанчын” старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Антаніна Морава, старшыня Заслаўскага гарвыканкама Святлана Карташова.
[caption id="attachment_37503" align="aligncenter" width="570"]

Хлеб-соль ад прыхаджан царквы прымае Н. Ермакова[/caption]
Пад гучныя апладысменты прысутных шматдзетных маці запрасілі на сцэну, дзе ім уручылі кветкі і падарункі: касметыку, салодкасці, коўдры і многае іншае. Але самым галоўным падарункам, як прызнаваліся ўдзельнікі ўрачыстасці, стала ўвага, якую ім аказалі, і сама сустрэча, куды былі запрошаны гэтыя, без перабольшвання, мужныя жанчыны. А яшчэ для самых любімых і клапатлівых мам прагучаў святочны канцэрт, падрыхтаваны юнымі выканаўцамі: музыкантамі, спевакамі, танцорамі.
Сугучным урачыстасці стала і ўзнагароджванне пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу сярод СМІ, які адбыўся ўжо ў трэці раз і прызваны павышаць эфектыўнасць інфармацыйнага забеспячэння дзяржаўнай дэмаграфічнай палітыкі, умацоўваць прэстыж інстытута сям’і. Дыпломы пераможцаў уручылі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лідзія Ананіч і Надзея Ермакова.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара
Комментарии