Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

46

Искроментный юмор копылянки Ольги Лис

14.10.2014
Яскравая зорка гумарыстычнага таленту капылянкі Вольгі Ліс год ад году становіцца ўсё больш адметнай. Пасля перамогі ў V абласным фестывалі гумару  і  гульні “Капыльскія пацехі” жанчыне патэлефанаваў генеральны прадзюсар тэатра сатыры і гумару “Хрыстафор” Ілля Казаноўскі і запрасіў прыняць удзел у Першым усебеларускім фестывалі гумару, які адбудзецца ў Мінску. “Артыстамі” сям’ю Конанаў з вёскі Кухчыцы, што на Клеччыне, называлі за вясёлы нораў і ўменне жартаваць. Менавіта тут у 1951 годзе з’явілася на свет гераіня нашага аповеда. Самым вясёлым быў бацька Леанід. Да таго ж і майстар на ўсе рукі: і матацыкл адрамантуе, і боты пашые, і нават пастрыжэ. Вольгу, старэйшую сярод чацвярых дзяцей у сям’і, ён неяк адасобліваў, часта браў з сабой на працу ў калгас. У дзяцінстве дзяўчынка вельмі любіла слухаць артыстаў. Асабліва спявачак Ганну Адамейку і Марыю Аўдзеянку. Але дзе ж іх у вёсцы асабліва паслухаеш? Хіба ж толькі па радыё. На сцэну Вольга ўпершыню выйшла ў школе: чытала байкі К. Крапівы, разам з сяброўкамі ставілі пародыі на “Паўлінку”. Аднойчы атрымалася так, што для нейкай пастаноўкі трэба былі боты. А бацька якраз пашыў пару на заказ. Вось іх Вольга і ўзяла, каб праілюстраваць прыпеўку: “Чаму ты не прыйшоў? – Бо новых ботаў не найшоў, а ў старых не хочацца, бо вусцілкі валочацца”. Як раз па гэтыя самыя боты дадому прыйшоў чалавек. І пакрочыла мама ў школу, каб вярнуць згубу. Падчас вучобы ў Слуцкім медвучылішчы Вольга працягвала выступленні, але ўжо не так часта. Зноў на “вялікую” сцэну яна вярнулася пасля шлюбу. Дарэчы, і замуж яна выйшла неяк жартоўна: з абраннікам Валерыем Лісам бачыліся толькі тры разы на працягу двух тыдняў. А жывуць ужо 43 гады! Пачуццё гумару не аднойчы дапамагала і ў вырашэнні сямейных пытанняў. На Капыльшчыну з роднага Клецка сям’я Ліс пераехала ў 1989 годзе. Увесь прафесійны лёс Вольгі Леанідаўны звязаны з медыцынай: спачатку медсястра  ў Клецкай ЦРБ, потым у Капыльскай. У народны жаночы вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Таццяны Хілько Вольга Ліс трапіла амаль 25 гадоў таму. Неяк на адным са святкаванняў Дня медыка выступленне таленавітай медсястры заўважыла Таццяна Аляксандраўна ды і запрасіла ў калектыў, з якім звязана амаль усё творчае жыццё Вольгі Леанідаўны. Але ўсё ж такі Вольга Ліс – майстар менавіта размоўнага жанру. Свае выступленні яна піша сама. Першы слухач і адначасова крытык – муж. Да яго парад гумарыстка заўсёды прыслухоўваецца і, калі патрэбна, перапраўляе. Раней тэксты выступленняў жанчына не захоўвала, аднак зараз старанна запісвае ў спецыяльны сшытачак. Натхненне прыходзіць раптоўна: і ноччу, і нават падчас працы на агародзе. Бывае і так, што тэму “падказвае” жыццё. Аднойчы ў бальніцу прыязджалі нейкія маладыя дзяўчаты-правяраючыя. Ну што яны, амаль без вопыту, могуць праверыць? Аднак нічога, “ухадзіліся” і… знайшлі сваё месца ў адной з баек Вольгі Ліс. Склала Вольга Леанідаўна і гімн роднай бальніцы, у якім знайшлі сваё месца такія радкі: “Девчонки больничные, золотые локоны, санэпидемрежимом страшно запалоханы”. Ды і супрацоўнікі грознай “санстанцыі” неаднойчы станавіліся героямі яе жартаў, але ніколі ніхто не пакрыўдзіўся, бо гумар у Вольгі Ліс – вельмі добры і шчыры. Вольга Леанідаўна заўсёды прымае ўдзел у творчых конкурсах медыкаў і заўсёды вяртаецца з перамогай. На адным з такіх спаборніцтваў старшыня журы адзначыў выступленне словамі: “Каб крыху раней, я б Вас абавязкова забраў на тэлебачанне!” – Калі я выходжу на сцэну, – дзеліцца ўражаннямі Вольга Ліс, – выступленне адбываецца нібы само па сабе: тэкст льецца павольна і свабодна. Я бачу вочы гледачоў і адчуваю асалоду ад таго, што змагла падарыць ім хвіліны радасці і весялосці. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей