Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

32

Сто третью осень встречает нынче Мария Григорьевна Ждан из Копыля

01.10.2014
Сустракацца і гутарыць з людзьмі, якім удаецца пераступіць 100-гадовы рубеж, заўсёды прыемна, цікава, нават хвалююча, бо яны шмат пражылі, многае пабачылі. У ліку такіх нешматлікіх доўгажыхароў нашага раёна і Марыя Рыгораўна Ждан. Родам жанчына з в. Навасёлкі (цяпер Цімкавіцкага сельсавета). Пасля замужжа пераехала ў Прусы, дзе пражыла да пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, пасля з дачкой Нінай купілі дом і пераехалі ў Капыль. — Можна многа расказваць пра нашу матулю і бабулю, пра яе працавітасць, самаахвярнасць, любоў да бацькоў і дзяцей, якіх выхоўвала ў дысцыпліне і строгасці, паказваючы прыклад правільных паводзін уласным жыццём, якое не было ў яе лёгкім і гладкім. Але лепш няхай яна сама раскажа пра гэта, — распачала гутарку Ніна Піліпаўна. — А што ж мне Вам расказаць? Усяго было. У памяці найбольш яскрава захаваліся толькі самыя цяжкія перыяды жыцця, калі было гора і слёзы. Хаця, канешне, адбываліся і добрыя падзеі, але  непрыемнасці звычайна перакрываюць светлае, радаснае. Ніколі не змагу забыць гады ваеннага ліхалецця. Незагойнай ранай яны застануцца на маім сэрцы. На фронце загінуў мой муж, у першыя гады вайны немцы забілі і наша самае меншае дзіцятка. Таму ўспамінаць пра гэта вельмі балюча. Памятаю, як галадалі, як хаваліся ад фашыстаў. Не вельмі лёгка было Марыі Рыгораўне і ў пасляваенны час. Працавала і ў паляводстве, і свіней даглядала, і кароў даіла ў калгасе “Шлях камуны”. Вядома ж, як і ўсе ў той час, не карысталася ніякімі водпускамі, бальнічнымі лістамі і атрымлівала мізэрны заробак. А дома колькі працы перарабіла — і мужчын-скай, і жаночай! Памятае жанчына, як добра жылі вялікімі сем’ямі, і дзяцей даглядалі бабулі і дзядулі, хаця і яны былі пастаянна загружаны работай. Праца пераважна была ручная, ні пра якую тэхніку і думаць нельга было. А якія вялікія плошчы кармавых буракоў праполвалі?! Дарэчы, Марыя Рыгораўна не магла сядзець без работы яшчэ і ў 100 гадоў: яе можна было часта ўбачыць на агародзе. У сям’і Ждан з маленства прывучалі да работы на зямлі, і дзеці заўсёды слухаліся дарослых, выконвалі іх просьбы.  Сапраўднымі працаўнікамі былі два сыны — Аляксандр і Віктар, якіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце… Шмат добрых якасцей пераняла ад сваёй матулі  дачка Ніна — не толькі павагу да працы, але і захапленне шыццём і вязаннем. З вялікай удзячнасцю гаварыла наша доўгажыхарка пра сваю ўнучку Вольгу, якая зараз таксама пражывае з гэтай сям’ёй і вельмі чула адносіцца да бабулі. Усяго ж у Марыі Рыгораўны дзевяць унукаў, пятнаццаць праўнукаў, а прапраўнукаў увогуле ўсіх запомніць не можа, бо многія з іх жывуць даволі далёка. У кастрычніку гэтага года Марыя Рыгораўна сустрэне 103-ю восень свайго жыцця. На развітанне  жанчына  пажадала нам і нашым чытачам жыць з любоўю да працы, берагчы здароўе і заўсёды заставацца людзьмі. Сяргей КОЗЕЛ Фота Паўла ШЭІНА

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей