Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

74

Выгода: імгненні жыцця

30.09.2014
[caption id="attachment_37293" align="aligncenter" width="418"]Тады, у 60-я гады ХХ стагоддзя, гэтыя дзеці былі будучыняй вёскі Выгода... Тады, у 60-я гады ХХ стагоддзя, гэтыя дзеці былі будучыняй вёскі Выгода...[/caption] Калі гляджу на старыя пакінутыя хаты, уяўляю, як радаваліся калісьці  гаспадары іх будаўніцтву. Як акуратна, адно да аднаго, клалі бярвенцы або цаглінкі. Як звонка і радасна гучаў у гэтых дамах дзіцячы смех. А цяпер? Многіх гаспадароў няма. Іх дзеці шукаюць лепшую долю хто ў горадзе, а хто і за мяжой. А хаты сіратліва стаяць. Адна з такіх вёсак, дзе засталося нямнога жыхароў, — Выгода Бучацінскага сельсавета. Аб ёй і пойдзе гаворка. (У запісах расказаў жыхароў Выгоды захаваны дыялект).   Гiсторыя...   Сама назва Выгода — ад слова выгада. Калісьці тут жыло каля 200 чалавек. Як расказваюць мясцовыя жыхары, у пачатку ХХ ст. сюды на паляванне прыязджаў адзін з Радзівілаў, таму  што недалёка ад гэтай вёскі, у Орліку, была паляўнічая вышка. І вельмі велічным было відовішча: князь ехаў наперадзе, а побач скакалі коннікі, беглі сабакі. Радзівіл быў чалавекам прадбачлівым і практычным, таму дазваляў на гэтым месцы вызваляць ад лесу землі і араць, не беручы падаткаў. Падлоўчым у яго быў жыхар з гэтай вёскі, Вечар Якуб Якаўлевіч. Вельмі добры стралок, ён вабіў і ваўкоў, і качак, і іншых звяроў. Яго дачка Ева была хрэсніцай князя Радзівіла. Таму ёй і падарыў дом, хлеў і валоку зямлі. Браў ён Якуба паляваць на мядзведзя ў Сібіры. А ў 1937-м Вечара ў Сібір ужо саслалі. І хоць пазней прыйшоў дакумент, што ён не вінаваты, дадому так і не вярнуўся. Зараз у вёсцы жыве яго ўнук, Міхаіл Сцяпанавіч Смоліч, 1941 года нараджэння. Недалёка ад вёскі раней было возера, але з цягам часу знікла. Лес калісьці славіўся грыбамі і ягадамі. Цяпер жа ён так зарос маліннікам і ажыннікам, што хадзіць па ім стала цяжка. Па грыбы ці ягады трэба ісці кіламетраў за тры. Дзейнічала раней і пачатковая школа. Да нядаўняга часу быў адчынены магазін. Большасць жанчын працавала на ферме. Дарога па вёсцы мураваная, высыпаная дзякуючы Есману Генадзю Міхайлавічу.   ... i сучаснасць   Цяпер жа ў Выгодзе пражываюць 62 чалавекі (34 гаспадаркі). Але, як гаворыць старшыня сельвыканкама Зоя Бордак, гэта вельмі адкрытыя і чулыя людзі. Калі вясной спатрэбіліся сродкі, каб прывесці ў парадак могілкі, усе як адзін прынялі ўдзел у зборы грошай і суботніку. Усяго было сабрана 12 мільёнаў, для такой невялічкай вёскі сума неблагая. Ёсць у вёсцы і свае доўгажыхары, старэйшая з іх — Алена Іосіфаўна Лукашэвіч, якой 91 год. Крыху малодшыя Надзея Аляксандраўна Крэпская і Ганна Адамаўна Сасіноўская — ім ужо па 86. З 1929 года Алена Антонаўна Есман. А вось моладзі не так і многа: загадчыцай фермы працуе Вольга Шчыбун, якая выхоўвае 2 дзяцей, знаходзіцца дома па доглядзе за дзіцём-інвалідам Таццяна Лютая, маці 4 дзетак. Жывуць у вёсцы і шматдзетныя маці: Вера Антонаўна Засімовіч, 1930 г. н., — 9 дзяцей, Таццяна Ягораўна Шпілеўская, 1934 г. н., і Алена Іосіфаўна Лукашэвіч, 1921 г. н., — па 6 дзяцей. Памятаюць у вёсцы і пра франтавікоў: на дамах, дзе ёсць загінуўшыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — чырвоныя зоркі з надпісам “Дзякуй за Перамогу!”.   Душэўная прыгажосць Тамары Крэпскай   Аб’ядноўвае і ўзначальвае мясцовых жыхароў старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі ЗАТ “Жыліхава” Тамара Аляксандраўна Крэпская. Каб зразумець характар гэтай жанчыны, трэба проста наведаць яе падворак і пагутарыць з ёй. Першае, на што звяртаеш увагу, калі пераступаеш парог яе гасціннага дома (пра цуды на падвор’і мы ўжо пісалі) — рознакаляровасць вышыўкі. Гэта адно з мастацтваў, якім прафесійна валодае жанчына. Сюжэты яна прыдумляе сама: “Перш я намалюю кветачку. Потым яшчэ некалькі прыкладу — вось букецік і атрымаўся”. Карункі, якімі абшыты вышыванкі, яна таксама пляла сама даўным-даўно, калі хадзіла пасвіць кароў. — Нарадзілася я ў 1945 годзе. Бацькі мае былі веруючыя, — расказвае жанчына. — Раней мама не садзілася есці, покуль не памо-ліцца. Памятаю, як старэйшая сястра пешшу пайшла ў Клецкі раён пасху пасвянцаць. Покуль яна прыйшла… А есці хочацца-хочацца. Мама спякла яешніцу ды булку, кашу стаў-кла. А я пазіраю на тую яешніцу: скарэй бы паесці яе. А мама стала і давай Богу маліцца, мо мінут з 20. Ды кажа: “Паўтарай за мной”. Я хуценька нешта паўтараю, а яна ўбачыла, ды як трэсне па губах — да гэтых пор памятаю. Есці садзіліся не так, як цяпер — хто калі захацеў, а разам. Мама налівала ўсім суп. Бацьку давала лепшы кавалак мяса або чаго другога. Калі хадзілі жаць у поле, то мама брала вялікі жбанок ды рабіла расол з гуркоў. Накрышыць іх ды светлага агурэчнага лісця, да пасоліць крышачку — і так смачна! Рабілі і саладуху з жытняй мукі. Папа назбірае грыбоў, мама наварыць — з соллю памачаеш і еш. Бульбы і то не было. Захавалася і бацькоўская хата, якая стаіць праз дарогу, дарэчы, самая старая ў вёсцы. [caption id="attachment_37295" align="aligncenter" width="443"]Пра нялёгкае жыццё расказваюць Н. А. Сокал,  Т. Я. Шпілеўская, Т. А. Іваноўская Пра нялёгкае жыццё расказваюць Н. А. Сокал, Т. Я. Шпілеўская, Т. А. Іваноўская[/caption] Муж — Павел Аляксандравіч — рос без бацькі: той загінуў малады, таму мама (сама родам з Даменікова), гаравала адна з трыма дзяцьмі. У далёкім 1961 годзе Павел Аляксандравіч вярнуўся з Казахстана. Туды па прафесію трактарыста-механізатара ён адправіўся разам з двума аднавяскоўцамі. Там, на цяжкіх цалінных землях, ён вучыўся араць ды сеяць. Адзін аднаго Павел і Тамара ведалі яшчэ з дзяцінства, нягледзячы на тое, што розніца ва ўзросце 5 гадоў, гулялі-бегалі разам. Але ажаніліся яны толькі ў 1963-м. Вяселле адгулялі пад гармонік і барабан. У падарунках — адрэзы тканіны. Гулялі па чарзе і ў яго, і ў яе бацькоў. Гасцей — цэлае застолле. У гэтым жа го-дзе з’явілася старэйшая дачка Галіна, а малодшая Святлана — праз 6 гадоў. За шматгадовую плённую працу Паўлу Аляксандравічу ў лютым 1986 года яму быў уручаны нагрудны знак “Ударнік камуністычнай працы”. Удастоены быў і медаля “За працоўную адзнаку”. Жыццё Тамары Аляксандраўны складвалася так, што цяжкую мужчынскую працу часта прыходзілася выконваць самой: Павел Аляксандравіч з ранку да вечара быў на рабоце. Працавала жанчына спачатку на пошце, потым — брыга-дзірам паляводчай брыгады. На заслужаны адпачынак пайшла ў 2000 годзе з пасады загадчыцы фермы. — Іду на работу, — успамінае яна, — спаць хочацца-хочацца. Бо працаваць усюды цяжка. Сумка паштальёна такая цяжкая. Газет выпісвалі памногу, ды ў кожную хату. А пахадзі пешшу з адной вёскі ў другую, ды яшчэ ў рознае надвор’е: і ў снег, і ў дождж! Але нічога, адрабіла. Пазней я і пчолак навучылася разводзіць сама. Некалькі гадоў таму захварэў мой мужык, і яму патрэбен быў мёд. Дык хіба ж накупляешся! Зараз у мяне 20 сямеек жывуць. Вось як. Спяваю я ў царкоўным хоры ды і рэгентам там служу. Сямейнаму саюзу Крэпскіх у мінулым го-дзе споўнілася 50. Што дапамагло пранесці праз час светлае пачуццё? “Людзі скошваюць шлюб з-за таго, — упэўнена Тамара Аляксандраўна, — што не ўступаюць адзін аднаму, не прабачаюць. А прабачаць трэба — інакш не будзе жыцця”.   [caption id="attachment_37294" align="aligncenter" width="443"]Вось такая кузня Аляксандра Аляксандравіча Крэпскага Вось такая кузня Аляксандра Аляксандравіча Крэпскага[/caption] Вось такое жыццё-быццё   — Сядайце, пані, будзем мовіць, — так незвычайна прывітаў Іосіф Аляксандравіч Пашко, 1932 г. н. — А мяне цётка так навучыла. Яна, як і мая бабуля, была каталічка, з Воранаўшчыны. Дык і я каталіком вырас. У час вайны так страшна было, што заставалася адно — маліцца. — Даведаўшыся, што я з рэдакцыі, Іосіф Аляксандравіч удакладняе: “Слава працы” — газета добрая, я яе выпісваю. Усё правільна там пішуць. Добра, што вырашылі і пра нашу вёсачку напісаць. Усё жыццё тут пражыў, рабіў ветэрынарам у гаспадарцы. Перад домам, бачыце, старыя ліпы. Я яшчэ помню іх малодзенькімі. Аднойчы яны выратавалі нашу хату ад пажару. Гарэў дом насупраць, усе жыхары пазбягаліся: яны вельмі баяліся, каб агонь не перакінуўся на іх дахі. Ліпы, якія тады былі яшчэ тоненькімі, не далі агню перайсці на нашу хату. Але цяпер ад іх многа клопату. Да вайны я паспеў скончыць першы клас. Але ў дзяцінстве мы не адразу зразумелі, што такое вайна, і проста марылі, што ў нас будзе асабістая гаспадарка і, галоўнае, там будзе конь. У час вайны на дзве гаспадаркі давалі па каню або карове. Нам далі каня і зямлю. Маці працавала ў поле. Бацькі не было, таму на працу бралі мяне. Я прасіў: “Дай мне паараць, пабаранаваць”. Маці дасць, пакажа, як паварачваць плуг. Але рукі яшчэ слабыя, таму баранаваў то ў адзін бок, то ў другі. Абуцца-адзецца не было ў што. Жанчыны ткалі і пралі самі. Штаны, якія шылі з даматканай матэрыі, называлісь сарачковымі. У іх і хадзілі. Недалёка ад клуба жыў дзед, які ўмеў плесці лапці. Ён і сплёў мне пару. У гэтых лапцях я прахадзіў усю вайну. Пабегаеш па вуліцы — ногі мокрыя. На смену былі дзве пары парцянак. Адну паносіш, памяняеш на сухія. Есці не было чаго, дык рэпы мама насадзіць, а потым і елі з некім хлебам. Варылі батву з буракоў разам з лебядой. Нават пагаворка такая была: “Калі ёсць лебяда, то яшчэ не бяда”. —  Я таксама памятаю вайну, — падсеўшы да нас на лаўку, гаворыць Алена Антонаўна Есман, 1929 г. н. — Да вайны бацька рабіў бухгалтарам у калгасе, таму калі ў час вайны давалі каня ці карову, нам дасталася карова. А конь — лепш: можна было араць. Карову мы прадалі і купілі жарабя. Потым бацьку забралі на вайну ды забілі. А мы траіх у мамы, усе дзяўкі. Пасля вайны я павучылася ў 5 класе да новага года ды пайшла на ферму рабіць. Так да пенсіі там і засталася. Кароў уручную даілі, ды яшчы намераюць і нормы жыта жаць. І ты падоіш карову, а затым ідзеш жыта жаць. Лён рвалі ды білі. О, колькі работы было! Гэта не цяпер — усё апаратам! Калі на кароўнік прывазілі корм для кароў, то яго скідывалі далёка ад уваходу, таму прыходзілася на спіне адносіць. Ад гэтага ўся спіна станавілася мокрая! На палях збіралі змерзлую бульбу, пераціралі з яе крухмал ды нешта пяклі. Але с поля ганялі і не давалі збіраць гэтую бульбу. Калі пасля вайны аднаўляўся калгас, на кароўніку рабілі мы ўчатырох. Адразу было 10 кароў, якіх забралі ад насельніцтва. Жанчыны плакалі, але старшыня нікога не слухаў: трэба — значыць трэба. З мужыком я пражыла толькі 14 год, ды ён памёр. Адна гадавала траіх дзяцей. Рабілі без выхадных, без адпускоў. Не тое, што цяпер. Вечарам прыйдзеш з кароўніка, бярэш прасліца і яшчэ на вячоркі ідзеш. Есці варылі капусту. Гэта — самая асноўная ежа, асабліва для мужчын. Яшчэ бульба ды гуркі. Каласкі збіралі, калі ніхто не бачыць. Раней у вёсцы былі каровы, гусі, авечкі. Недалёк вадаёмы былі. А дзеці?.. Сын у Мінску, а дзве дачкі ў Старых Дарогах. Дачка сёння прыехала. Потым пагутарылі з Ганнай Адамаўнай Сасіновіч, якая зараз жыве адна. У госці да яе прыязджаюць дзеці, унукі і пляменнікі. Але атрымліваецца гэта нячаста. “У кожнага ж праца, — усміхаючыся, нібы апраўдвае іх жанчына. — Мама, Крэпская Вольга Паўлаўна, працавала ў калгасе. Бацьку забралі ў 1937-м. Дадому ён больш не вярнуўся. Мама адна гадавала чацвярых дзяцей. Пазней лёс закінуў братоў у Расію, у Магнітагорск”. Вёску Ганна Адамаўна памятае вялікай і вясёлай. Самае яркае свята — Юр’я — адзначалі 6 мая. Збіраліся ўсе жыхары разам, іграў духавы аркестр. “Вучылася я тут у школе. Чатыры класы скончыла. Настаўнікамі былі Сеўковіч Вера Міхайлаўна разам з мужам, — азіраецца ў мінулае жанчына. — Раней цікава тут было… А зараз? Выйдзеш на агарод, прыйдзеш з агароду ды сядзіш у хаце, целявізар глядзіш. А ўчора і ён спорціўся, то зусім няма чаго рабіць было”. Агарод Ганна Адамаўна садзіць невялікі, а вось кветкі ў палісаднічку  перад хатай радуюць вока. “Само  глаўно, штоб  ціха на свеце было. Хлеб на стале ест, малако ест — і ўсё, — абагульняе яна. — Не дай Божа вайны”. Тут да нас падыходзіць дачка першага старшыні калгаса Корзуна Паўла Платонавіча —  Ганна Паўлаўна Тараповіч: — Майго бацьку спалілі немцы ў Асвенцыме. Літаральна за 2 тыдня да вызвалення. У палон да фашыстаў ён трапіў за сувязь з партызанамі. Ноччу яны павінны былі прыйсці і забраць нас у лес, а днём прыехалі немцы… Спачатку бацька сядзеў у Слуцку ў турме, а потым ужо ў канцлагер адправілі. Жанчыны таксама ўспамінаюць, што раней галоўнай ежай былі капуста, супы ды боршч. Тушылі бульбу ды варылі кашы. Асабліва гатаваць нічога не было. У кожным доме — па карове, але малако ды масла здавалі дзяржаве. Сёння — на ўсю вёску ніводнай рагулі. — Здароўя няма, — скардзіцца Ганна Паўлаўна, — да бальніцы не даедзеш: аўтобус ходзіць толькі ў пятніцу, суботу і нядзелю. Уся надзея на дзяцей і ўнукаў. Ёсць таблеткі — добра, няма — то паенціш-паенціш, устанеш і ідзеш. Паўагарода садзяць дзеці: прыязжаюць дачкі з Мінску і Салігорску, сын з Гулевіч. Прыедуць, дапамогуць, трохі і сама поўзаю: рукі ёсць, ногі ёсць, то і раблю. Так і жывом, дзякуй Богу. З Жыліхава прыходзіць паштальён, прыносіць газеты і пенсію. Сацыяльных работнікаў я не бяру. Поўзаю трохі, то на што ён? У хаце прыбіраць то дзеці памогуць, а то і сама паперамываю. Сустрэлі на вуліцы і шматдзетную маці Веру Антонаўну За-сімовіч: — Так, у мяне 9 дзяцей, дваіх ужо пахавала. Дачка прыехала з Сібіры, з ёй і жывом. А так, хто ў Бабруйску, хто ў Мінску. Да вайны святкавалі Каляды, Пасху, Троіцу, таго ж Юр’я, а камуністычных не. Жалі рукамі і да вайны, і пасля… Таццяна Ягораўна Шпілеўская, 1934 г. н. (з крыху адметным рускім акцэнтам), расказвае аб сваім жыцці: — Сюды я прыехала з Расіі, з Курска. Маці ў мяне не было, гадавала бабушка. Раней былі вярбоўкі, вось я і завербавалася ў Маскву, на стройку. Там і пазнаёмілася з хлопцам Мішай, два гады з ім сябравалі, а потым у 1955 годзе ён мяне сюды прывёз. Тут я ўсю жызнь і пражыла. Перш думала ўцяку, бо нічога не ўмела рабіць. Але не атрымалася. Выгадавала шасцёра дзяцей, аднаго ўжо і пахавала. У пасляваенны час вёска бедна жыла. Хлеба не было, ездзілі за ім ажно ў самы Мінск. Хоць і не было чаго есці, здароўе ў нас крапчэйшае, чым у нашых дзяцей, а внукі — і не пытай! У мяне ўжо 12 внукав, 6 правнукав. 15 аўгуста сабіраліся ўсе  разам  на маім юбілеі. Пра тое, што жыццё было няпростым, гаварыла і Тамара Аляксандраўна Іваноўская,  1932 г. н.: “Ох, і нагараваліся мы…” Жыве ў вёсцы і свой каваль ды ўвогуле майстар на ўсе рукі Аляксандр Аляксандравіч Крэпскі. — Бацька мой некалі займаўся гэтай справай, — расказвае мужчына падчас імправізаванай экскурсіі па падвор’і, — але ён памёр у вайну… Вось гэтых жывёлаў я сам выразаў з дрэва, сам і размалёўваў іх. І кузню гэту зрабіў сам гадоў 50 таму. Дом таксама пабудаваў сам у 1973 годзе. Усё-усё-усё сам: і хлеў, і калодзеж, і нават люльку, якую куру. Тытунь вырошчваю сам, сушу на гарышчы, калі ён увесь выходзіць, купляю цыгарэты, крышу ды засыпаю ў трубку. Вось гэты жалезны парасон над рукамыйнікам таксама змасцярыў сам. Гляньце, колькі ў мяне шпакоўняў! Вясной тут сапраўдны птушыны рай. Хочацца верыць, што птушкі будуць доўга спяваць жыхарам вёсачкі. Дзіяна ТКАЧЭНКА Фота аўтара

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей