Першымі да выкопвання караняплодаў прыступілі ў ААТ “Піянер-Агра”, “Прагрэс 2010”, “Душава”, “ЗАТ “Жыліхава”, КСУП “Грозава-агра”. Усяго па раёне на 18 верасня ўжо ўбрана звыш 630 гектараў.
Звычайна ў папярэднія гады раннюю нарыхтоўку караняплодаў пачыналі ў першыя дні верасня. Але сёлета карэктывы ўнеслі спачатку ліўні, а потым і спякота, якія паўплывалі на развіццё раслін. Пасля жнівеньскіх дажджоў рост салодкага кораня прадоўжыўся, і з уборкай вырашылі пачакаць. Але ўжо першыя вынікі паказваюць, што не ўсё так дрэнна. Сучасныя тэхналогіі, якаснае насенне і пільны догляд за пасевамі прынеслі свой плён. Маса караняплодаў некалькі меншая за мінулагоднюю, затое гушчыня раслін вышэйшая.
Напрыклад, у ААТ “Прагрэс 2010” сёлета атрымліваюць ураджайнасць 400 ц/га — гэта не на многа менш, чым у папярэднія гады (напрыклад, летась яна была толькі на 60 ц/га больш).
— Мы штогод практыкуем раннюю ўборку цукровых буракоў, — адзначае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Мікалай Краўчанка. — Па-першае, у нас даволі вялікія плошчы, якія трэба хутка ўбраць (у гэтым годзе пад культуру заняты 382 га), па-другое, караняплоды адразу адвозяцца на цукровы завод і не патрабуюць дадатковага захоўвання, а па-трэцяе, ранняя ўборка дае высокую цукрыстасць. Сёлета, напрыклад, яна ў нас складае 15,74%, і ў адпаведнасці з гэтым вызначаюцца надбаўкі да кошту здадзенай прадукцыі (каля 15-20%).
Пад раннюю ўборку цукровых буракоў у ААТ “Прагрэс 2010” сёлета адве-дзена 120 га. Для гэтага быў пасеяны гібрыдны гатунак Бэрні фірмы “Штрубэ”. Зараз на ўборцы задзейнічана тэхніка слуцкага райаграсэрвіса і цукрова-ра-фінаднага камбіната. Напрыклад, камбайн “Холмер” працуе на палетках кругласутачна, на пагрузцы заняты пагрузчык “Кляйнэ”. Перавозіць прадукцыю ў асноўным тэхніка індывідуальных прадпрымальнікаў. Толькі на дапрацоўцы заняты некалькі сваіх паляводаў.
— Гэты год для буракоў з-за ўмоў надвор’я быў няпросты, — дадае Мікалай Краўчанка. — Значныя сродкі затрачаны на ўгнаенні, ядахімікаты, ахову раслін, мікраэлементы. Выканалі ўсё па тэхналогіі, таму і атрымліваем аддачу. Думаем, што сёлета накапаем каля 15 тысяч тон салодкіх караняплодаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии