ААТ “Старыца-Агра” – сельгаспрадпрыемства, якое даўно спецыялізуецца на вырошчванні насеннай і харчовай бульбы лепшых гатункаў беларускай і замежнай (галандскай, нямецкай) селекцый.
Сюды па высокапрадукцыйныя гатункі прыязджаюць з розных куткоў Беларусі і нават з Расіі. Сельгаспрадпрыемства ўжо на працягу васьмі гадоў з’яўляецца адным з лепшых сярод шасці элітных гаспадарак вобласці па выро-шчванні насення бульбы. Таму большасць плошчаў выкарыстоўваецца для гэтага.
ААТ “Старыца-Агра” даўно і плённа супрацоўнічае з Навукова-практычным цэнтрам па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядомымі айчыннымі і замежнымі фірмамі, цэнтрамі, эксперыментальнымі базамі. Напрыклад, сёлета тут з 300 гектараў плануюць атрымаць звыш 10 тыс. тон высакаякаснай прадукцыі, па папярэдніх разліках мяркуецца, што ўраджайнасць будзе знаходзіцца на мінулагоднім узроўні – 400 ц/га. Насення эліты атрымаюць звыш 2 тыс. тон, суперэліты – звыш 200 тон. Ёсць у сельгаспрадпрыемстве і гадавальнік для вырошчвання суперсуперэліты. Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца гатункі Рэд Скарлет, Саціна і іншыя.
– Вырошчванне другога хлеба патрабуе шмат клопату, асабліва працаёмкі працэс – яго ўборка, – адзначае галоўны аграном ААТ “Старыца-Агра” Аляксандр Логіш.– Але займацца бульбай для гаспадаркі – вялікая выгада. Напрыклад, рэнтабельнасць насення эліты перавышае 100%, харчовай бульбы – ад 90 да 100%. Не кожная культура можа прынесці такі даход прадпрыемству. Для гэтага патрабуюцца руплівая праца, цесны кантакт з навукай, вялікія ўкладанні ў тэхніку, абсталяванне, сродкі догляду, хімізацыі, угнаенні…
Старыцкія бульбаводы маюць багаты вопыт, добра аснашчаную матэрыяльна-тэхнічную базу, тут працуюць высакакласныя спецыялісты. Гаспадарка можа, як ужо адзначалася, забяспечыць насенным матэрыялам (да 7-8 тысяч тон у год) свой і іншыя рэгіёны, прадаваць частку эліты на знешнім рынку. А харчовая бульба высокіх смакавых якасцей заўсёды карыстаецца вялікім попытам. Вось і сёлета ўжо вядзецца яе адпраўка ў г. Мінск, на прад-прыемствы Капыльскага райспажыўтаварыства, адгружаны першыя партыі на Маскву і Санкт-Пецярбург.
Каля паловы вырашчанага ўраджаю прадаецца адразу ж: нарыхтоўчым арганізацыям, прадпрыемствам грамадскага харчавання і гандлю, разнастайным установам. А другую палову – каля 5 тыс. тон – неабходна зберагчы ў спецыяльных сховішчах. Іх у гаспадарцы ўжо чатыры: два, дзе бульба захоўваецца ў кантэйнерах, і два шасцікамерныя, куды яна засыпаецца навалам.
Той, хто аднойчы пабываў у “Старыцы-Агра”, пераканаўся, што ўборка бульбы — сапраўдны канвеерны працэс. Выкопваюцца клубні ў асноўным трыма камбайнамі, на якіх працуюць Віктар Дарашэвіч, Аляксандр Рубіс, Аляксандр Жарнасек. Для ручной уборкі прыцягваюцца пераважна навучэнцы гарадскіх і сельскіх школ раёна. Больш чым дваццаццю адзінкамі тэхнікі ўраджай адвозіцца на сарціроўку, дзе аддзяляецца смецце, камяні, потым па транспарцёрах прадукцыя трапляе ў сховішча.
Напрыклад, падчас нашага наведвання трэцяга сховішча ў камеры захоўвання (кожная ёмістасцю па 500 тон) засыпалася насенная і харчовая бульба. Пры дапамозе камп’ютара ў камерах кантралюецца неабходная пастаянная тэмпература і ўзровень вільготнасці. Усё адбываецца згодна з тэхналогіяй: спачатку – пасляўборачнае ахалоджванне, потым — закладка на доўгатэрміновае захоўванне. Адказным спецыялістам, які сочыць за ўсім працэсам, з’яўляецца аграном Аляксандр Бабура. Тут жа працуюць аператар Раман Уткін, аператар тэлескапічнага пагрузчыка Дзмітрый Гук, рабочыя на пераборцы. Дарэчы, на работах заняты і спецыялісты сельгаспрадпрыемства, работнікі магазіна, дзіцячага сада, участковай бальніцы і іншых устаноў. Падчас масавай уборкі сектарам занятасці сюды накіроўваюцца і беспрацоўныя з Капыля.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии