Захаванне зямлі, населеных пунктаў у чысціні і парадку – галоўная наша задача. Таму не выпадкова і ў рабоце сельскіх Саветаў дэпутатаў прыярытэтным з’яўляецца дадзены напрамак.
Сесіяй Капыльскага сельскага Савета дэпутатаў зацверджаны мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі. Пытанне іх выканання штомесяц разглядаецца на пасяджэннях сельвыканкама, падчас планёрак у яго старшыні.
Першачарговай, на нашу думку, лічыцца задача захавання парадку на зямлі. Таму ў многім работа скіравана на яе выкананне. Напрыклад, на бліжэйшы час запланавана правесці вялікі аб’ём работ на меліяраваных масівах па вуліцах Шастакі і Зарэчча ў аграгарадку Мажа. Зарослыя ўчасткі будуць заараны, а пры звароце жыхароў у сельвыканкам ім будуць выдзелены новыя.
Трэба адзначыць, што сёлета сельгаспрадпрыемствамі было шмат земляў уведзена ў севаабарот, але, на жаль, застаюцца недагледжаныя ўчасткі каля пустуючых дамоў. Такіх на тэрыторыі сельсавета 158. У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 у рэгістр безгаспадарных унесены тры дамы ў в. Мазалі, якія ў хуткім часе павінны быць знесены, і тады населены пункт набудзе больш акуратны выгляд.
Сельвыканкам выбраў яшчэ адзін напрамак работы з мяркуемымі спадчыннікамі і тымі, хто хацеў бы набыць пустуючыя дамы пад знос. Адшукваюцца іх каардынаты і перадаюцца жадаючым пакупнікам. Сёлета прапанавана шмат такіх пабудоў у в. Стары Капыль, аграгарадку Мажа, в. Нізкавічы. Купляецца дом – яго новым уладальнікам добраўпарадкоўваецца тэрыторыя.
Праводзіцца пэўная работа і з безгаспадарнымі сацыяльнымі і вытворчымі будынкамі. Напрыклад, у в. Аргелаўшчына гэта былы клуб і магазін, у в. Дусаеўшчына – ФАП, свінаферма. Дарэчы, апошні населены пункт даволі праблемны ў плане добраўпарадкавання з-за сваіх вялікіх плошчаў. Распачаліся работы ў парку, дзе размешчаны некаторыя аб’екты сацыяльнай сферы. Значную падтрымку нам аказалі брыгады з Доктаравіцкага, Бабаўнянскага, Слабада-Кучынскага сельсаветаў і прафтэхкаледжа. Таксама вялікая ўдзячнасць раённаму кіраўніцтву за вырашэнне праблемнага пытання па асфальтаванні дарогі ў в. Стары Капыль. Шмат намаганняў яшчэ трэба прыкласці да добраўпарадкавання вуліцы Асмолы ў гэтым населеным пункце.
Вельмі актуальным застаецца пытанне па спілоўванні аварыйна-небяспечных дрэў. Іх ужо ліквідавана 164, у тым ліку 19 – за кошт гаспадароў домаўладанняў. Старых дрэў даволі шмат і на грамадзянскіх могілках. Так, яны поўнасцю спілаваны ў в. Чырвоны Партызан (самімі жыхарамі), паступова – у Аргелаўшчыне і Вусаве. Дарэчы, на могілках працягваюцца і іншыя работы па добраўпарадкаванні. З 12 могілак на тэрыторыі сельсавета на 10 часткова пастаўлены бетонныя агароджы. З дапамогай сектара занятасці ўстаноўлена 100 м новага плоту ў в. Аргелаўшчына, за кошт сродкаў вяскоўцаў запланавана абнаўленне і ў Дусаеўшчыне. Не застаюцца без увагі і месцы баявой славы, і воінскія пахаванні.
Трэба адзначыць, што значную падтрымку па добраўпарадкаванні аказваюць усе сельгаспрадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, а таксама прафесійна-тэхнічны каледж. З іх актыўным удзелам праходзяць усе суботнікі і іншыя працоўныя акцыі. Значная падтрымка адчуваецца і з боку дэпутатаў, старэйшын і жыхароў населеных пунктаў. Наперадзе ў нас шмат работы па добраўпарадкаванні аграгарадка Мажа, дзе плануецца правядзенне раённых “Дажынак-2015”.
Вольга КУПРЫЕНКА,
старшыня Капыльскага сельвыканкама
Комментарии