Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

39

Праблема пустуючых дамоў

08.09.2014
Праязджаючы па сельскіх населеных пунктах раёна мімаволі звяртаеш увагу на тое, як змяняецца знешні выгляд нашых вёсак. Дагледжаныя, пафарбаваныя дамы, багацце кветак, прыгожыя агароджы, заасфальтаваныя дарогі – усё гэта ўпрыгожвае сельскія вуліцы. І  як супрацьлегласць – дамы з пустымі або забітымі вокнамі, напалову разбуранымі стрэхамі, з падворкамі, зарослымі хмызняком і пустазеллем. Гаспадары дамоў памерлі, нашчадкі раз’ехаліся хто куды, а будынкі стаяць, навяваючы сваім выглядам сумныя думкі. Некаторыя падобныя дамы даўно час знесці. Ды не так гэта проста. Дом, якім бы ён ні быў, – прыватная ўласнасць. І перш чым знесці гэтую прыватную ўласнасць, выканаўчая ўлада павінна правесці шэраг працэдур, вызначаных адпаведным заканадаўствам: знайсці патэнцыяльных гаспадароў, даведацца ў іх пра далейшы лёс дома, атрымаць заяву аб выкарыстанні будынка і г. д.   А ў гэты час дом прыходзіць у заняпад, бур’ян вакол дома расце. Што ж у далейшым рабіць з такімі дамамі? Як паведаміла старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, сітуацыя ў правядзенні дадзеных адміністрацыйных і юрыдычных працэдур спрасцілася з верасня 2012 года, калі ў сілу ўступіў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 ад 23 лютага 2012 года «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Галоўная перавага Указа № 100 заключаецца ў спрашчэнні працэдуры адчужэння ў цэлым, скарачэнні шэрагу непатрэбных прамежкавых крокаў, канкрэтным вызначэнні часовых межаў.   Калі, скажам, раней сельвыканкам павінен быў некалькі разоў інфармаваць уласніка, што яго дом можа быць адабраны ў судовым парадку, то зараз, у адпаведнасці з указам, дастаткова будзе аднаго такога папярэджання. Як адзначыла Ірына Кісляк, у нашым раёне паводле  апошняй інвентарызацыі па выніках паўгоддзя налічваецца 2083 пустуючыя будынкі. З іх каля трохсот – старыя дамы, г. зн. непрыдатныя для пражывання. Прыватных дамоў – 1449, 111 – ведамасных, якія належаць сельгаспрадпрыемствам, 400 фундаментаў разбураных дамоў, 123 сельгаспабудовы каля іх.  У сельскіх выканаўчых камітэтах пастаянна вядзецца работа ў дачыненні да такіх дамоў. Складзены спісы, праведзена зверка дакументаў аб грамадзянах,  якія   ўступілі   ў   спа-дчыну на пустуючыя хаты, збіраюцца паведамленні ад спадчыннікаў аб намеры выкарыстоў-ваць дамы ў будучым.  Па незаяўленых хатах устанаўліваюцца патэнцыяльныя спадчыннікі. Згодна з указам, уласнік дома абавязаны падаць у выканаўчы камітэт апавяшчэнне аб намеры выкарыстоўваць дом для пражывання (да заканчэння «трохгадовага перыяду, падчас якога ў жылых дамах бесперапынна не пражывалі асобы, якія маюць права карыстання дамамі»).   Калі будзе ўстаноўлена, што дом выкарыстоўваецца для пражывання ў сукупнасці менш за адзін месяц у каляндарным годзе на працягу апошніх трох гадоў запар, і калі ад такога ўласніка ў выканкам не паступіла пісьмовае паведамленне аб намеры выкарыстоўваць дом для пражывання, то ўсё гэта будзе прыраўнавана да адмовы ад права ўласнасці на дом і ён будзе занесены ў рэгістр, што вядзецца аддзелам ЖКГ райвыканкама. На гэты год у раёне быў запланаваны знос 59 будынкаў, аднак зроблена намнога больш: па стане на 15 жніўня захаваны 44 дамы, 33 хлявы, 73 фундаменты. Але пасля зносу пустуючага дома ўзнікае яшчэ адна праблема – застаюцца сад, хмызнякі, таму ўчастак  неабходна  ачышчаць поўнасцю, на што неабходны дадатковыя сродкі. Як ужо адзначалася, ёсць на тэрыторыі раёна і пустуючыя вытворчыя аб’екты. Так, за паўгоддзе іх знесена 101 пры запланаваных 87. Значную работу ў гэтым напрамку праводзяць сельгаспрадпрыемствы, а таксама Капыльскае ПМС і ПМК-11. Вядома, што там, дзе дапамогу аказвае гаспадарка, дзе праяўляе настойлівасць старшыня сельвыканкама, пустых і старых дамоў становіцца менш.

Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей